25.11.2010 / 16:23

Завулак Тамаша, які не верыў 4

Раман Наталкі Бабінай «Рыбін горад» выйшаў у перакладзе на польскую накладам 7000 ас. Выдавецтва арганізавала прома-тур па Польшчы. Аўтарка піша аб уражаннях.

Кніга з серыі «Кнігарня «Наша Ніва» — раман Наталкі Бабінай «Рыбін горад» — выйшла ў перакладзе на польскую, накладам 7000 экзэмпляраў, у адным з самых буйных польскіх выдавецтваў «Рэбіс» (Познань). У падтрымку рамана выдавецтва арганізавала прома-тур. Наталка Бабіна расказвае аб сваіх уражаннях.

Каб ляцець у Польшчу, трэба прыапрануцца — усё ж стэрэатыпы спрацоўваюць!

Апошні раз я купляла сабе нешта — торбу, боты, паліто — гадоў 8 назад. Ці мо дзесяць?

Прыходзіцца цягацца па крамах. «Купляй беларускае» — два бясконцыя дні на прымеркі. Купляю.

Падтрымліваю сілы песнямі Дзмітра і Мікалая Гнацюкоў (глядзі ю-туб).

Муж кажа, што варта прывесці ў парадак і зубы. Прыводжу. Халера, месячнага заробку як не было!

Цяпер на самалёт.

Самалёты люблю.

Углядаюся ўніз, у надзеі пабачыць Буг. Бачу перадмесці Варшавы — акуратныя кварталікі прыгожых дамкоў, басейны, корты. Самалёт фірмы «Белавія» робіць пасадку ў аэрапорце імя Фрэдэрыка Шапэна горада Варшавы. 55 хвілін лёту.

Сустракае пан Багуслаў — «я высокі, без валасоў». Прафесійны, прыязны, дакладны. Прыехаў з Познані, дзе выйшла мая кніжка, у Варшаву, каб сустрэць мяне і арганізаваць прома-працу. Ён суправаджае мяне скрозь, ён арганізуе ўсё без найменшай накладкі. А час распісаны па хвілінах.

Таксі, заторы на варшаўскіх вуліцах. Абменьваемся звесткамі пра дзяцей і працу. Мы абодва, аказваецца, сельскія жыхары.

Гатэль «Палонія». Мармуровыя падлогі і пальмы ў кадках. Страшэнна дарагі. «Очэвісце, пані!»

Журналісты з папулярных выданняў, чалавек 10 па чарзе. Прафесіяналы неадпрэчныя. Кожны не толькі прачытаў кнігу, але ўгрызся ў яе змест. На кожнае інтэрв’ю — 30 хвілін.

Што ў пані пад пазногцямі?

«Хто такія палешукі?»

«Ці будуць прэзідэнцкія выбары справядлівымі?»

«Як праяўляецца самаідэнтыфікацыя памежжа?»

«Цо для пані значы Буг?»

«Прошэ пані, колькі аўтабіяграфічнага ў гераіні вашай кніжцы?»

Багуслаў: «Можа, цось до піця?» Перакладчыца просіць вады.

«Які комплекс мае Беларусь як супольнасць?»

«Былэм в Мінску, там усе так багата апранутыя, а вочы пустыыыя… Чаму?»

«У бабці Макрыні пад пазногцямі была зямля — а што ў пані пад пазногцямі?» — дзяўчыну з інтэлектуальнага «Блюшча» прашу напісаць мне па мэйле — на яе пытанні трэба адказваць у спакойнай абстаноўцы, думаючы доўга.

Варшава вечарам пустая — варшавякі ся¬дзяць па дамах, як і мінчукі. Мы ўсё-такі разам выйшлі з Расійскай імперыі.

Назаўтра — запісы на радыё. «Цось до піця?» — Перакладчыца просіць вады. — «А для пані, думаю, цёплага віскі, як пані любіць? — пытаецца вядоўца. — Дзенькуе, не тэраз!»

Да візіту Сікорскага

Пытанні пра тое, як пані ставіцца да візіту Сікорскага.

Кажу, што не ведаю, нашто прыязджаў Сікорскі, але што вялікая частка беларускага грамадства будзе моцна расчараваная, калі акажацца, што Сікорскі прыязджаў не дабівацца справядлівых выбараў, а для нейкіх іншых мэтаў.

Сустрэча са студэнтамі, якія займаюцца на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Чалавек сорак. Калі пытаю, хто чытаў Караткевіча, паднімаецца дзве-тры рукі… Ох, ох…

У Кракаў з Барташэўскім

Сустрэча з чытачамі ў кавярні-кнігарні. Калі бачу гэтыя вочы і твары, перастаю хвалявацца. Эх! Астапа панесла! Пачынаю адчуваць сябе, як на эстрадзе, — калі на эстрадзе прынята адкрываць душу. Калі пытаюць, што варта прачытаць з сучаснай беларускай літаратуры, гавару пра кнігі Франца Сіўко і Марыі Вайцяшонак. Зноў пытаю пра Караткевіча — паднімаецца дзве-тры рукі… А вось сайт «Нашай Нівы» чыталі пад палову прысутных.

Вечар. Качка ў вельмі стылёвым рэстаране, свечка, музыка. Багуслаў: «Веш, у нас у Пазнані свая гаворка — гвара. Але знікае! Юж знікае! А така пенькна была!» Можа, таму менавіта ў Познані выдалі маю кнігу?

Едзем у Кракаў. Праз праход у вагоне — былы міністр замежных спраў, легендарны Уладзіслаў Барташэўскі, яму каля 80, ён чалавек, які прайшоў Асвенцім і сталінскія лагеры, усю дарогу візуе дакументы, правіць тэксты і сварыцца ў тэлефон наконт ордэна Белага Арла… У Польшчы дыскусія наконт уручэння яго Адаму Міхніку. Барташэўскі таксама едзе на кніжны кірмаш у Кракаў.

І прапала Беларусь

Кракаў. Вавэль. Гатэль «Пад Вавэлем».

Зноў сустрэча са студэнтамі, на гэты раз Ягелонскага ўніверсітэта. «Ці трэба перакладаць? Ці паслухаеце беларускую мову чыстую? — пытае выкладчык. — Так, паслухаем!» — Раскрываю душу без перакладу.

Вочы Паўла — маладога ўкраінца з Нямеччыны, які вучыцца ў Кракаве.

Яна Бернатовіч, ашаламляльна прыгожая, моцная, юная, на чысцюткай беларускай мове: «Я з Беласточчыны. Я ведаю, як гэта, калі прастора цягнецца толькі на захад, а з усходу — калючы дрот. Вёску Такары падзялілі папалам, паставілі шлагбаўм — і за шлагбаўмам зарасла вуліца… Вуліца прапала… І прапала Беларусь. І я страціла маю Беларусь». Я хаваю слёзы — яны не да месца. Але яны застануцца ўва мне.

Прапаную моладзі прывезены з Беларусі пажытны хлеб, і кавалачкі імгненна разбіраюць…

У Кракаве вечарам усе на вуліцах — у кнайпах, дзе дэмакратыя і дым, і ў шыкоўных рэстаранах. Кракаў ніколі не быў у Расійскай імперыі.

Феміністкі расплюшчаць вочы

Мая сяброўка і перакладчыца Нутрыя (яна ж Малгажата Бухалік) цягне мяне ў любімую кнайпу «Дым» у завулку Тамаша, які не верыў. Там сапраўды дым, песні, і гандлярка кветкамі прапануе закаханым парам чырвоныя і белыя ружы. «Ты феміністка! Ты феміністка, але сама пра гэта не ведаеш! Мы табе вочы расплюшчым! Мы з цябе зробім феміністку!» — даводзяць мне, перакрываючы шум, тры сімпатычныя жанчыны. Я смяюся: «Ага, як герой Мальера, які ўсё жыццё гаварыў прозай, але не ведаў пра гэта!»

Яны абмяркоўваюць новыя кнігі, новыя пераклады, новы праект перакладніцкай школы. Смяюцца і паляць.

У гатэль з кнайпы мяне праводзіць ура¬джэнец Пецярбурга, цвёрды каталік Мікіта Кузняцоў, рэдактар «Новой Польші», чым, як я разумею, выклікае незадавальненне сімпатычных феміністак, якія не прымаюць падобных рэчаў. Але я, дзякуючы гэтаму, не заблукала.

Кожны бачыць сваё

Цяпер кніжны кірмаш. Падпісваю кнігі. Жанчына майго ўзросту дзякуе мне, што расказала ёй пра Беларусь.

Знаёмлюся з панам Тамашам Шпондэрам — дырэктарам выдавецтва «Рэбіс», дзе выйшла мая кніга. Углядаюся. Прыгожы, адкрыты, цвёрды твар. Мы трохі гаворым. Яго дзяды з-пад Баранавічаў.

Ведаеце, я люблю Польшчу.

Малгажата, калі выспалася пасля бурнага вечара, гаворыць: «Твой тэкст — адкрыты, і ў ім кожны бачыць сваё: памежжа, гвару, архетыпы, фемінізм, крымінал, палітыку…»

Цяпер зноў баюся: праз тыдзень — працяг прома-тура. Люблін, Беласток, Ольштын. Гэта ўжо памежжа.

Мая кніжка выйшла ў Польшчы.

Мае дзеці застануцца ў Беларусі.

А я буду памятаць той кароткі завулак Тамаша, які не верыў.

Наталка Бабіна

0
Filifionka / Адказаць
25.11.2010 / 16:46
Вельмі душэўна напісана. У Польшчы тоўсты слой самай смачнай і файнай інтэлігенцыі, якая толькі можа быць у рэальным жыцьці. Проста на хлеб маж і еш - асалода. А ў нас на скібку намажаш тонкім слоем - дзіркі сьвецяцца. Праўда, там свае праблемы ёсьць. Я нарэшце адчула.
0
крытык / Адказаць
25.11.2010 / 22:49
Што мяне цешыць у рамане Рыбін Горад, дык гэта спроба аўтаркі прыпісаць рэжым беларусам. Можа для яе было б адкрыцьцём, але начальнік рэжыма ня ёсьць беларусам: бацька цыган, маці ўкраінка - досыць цікавае спалучэньне для паляшуцкай творчасьці? Але вось такая вось рэальнасьць... Але гэта ўсё перакручанае патрапіць у Польшчу, і ў палякаў вымалюецца цікавая карцінка пра Беларусь; у прынцыпе-та, Gazeta Wyborcza ды Rzeczpospolita так і мяркуюць, што рэжым гэта нібыццам самастойная, местачковая зьява. Але няважна... Я да таго, што ўсё-такі пісьменьнік мусіць прытрымлівацца пэўнага ўзроўня эстэтыкі. Я як раз чытаю Рыбін Горад, і мне не падабаюцца многія незразумелыя закіды ў бок беларусаў - іншы раз складаецца ўражаньне, што аўтар незнаёмы з гэтым народам; хаця ў іншых мейсцах раман напісаны добра і захапляльна. :)
0
крэсовы паляк / Адказаць
26.11.2010 / 22:16
Уразіў прафэсійны ўзровень палякаў? Дык трэба заўважыць, што на працягу двух стагодзьдзяў палякі несьлі ў сваіх сэрцах не прыстасаванства, а Рэч Паспалітую - узгадайце іхнія 80-я і "Змагарную Салідарнасьць" - сапраўдная арыстакратыя для нас. А то беларускі журналісты ад іх значна розьняцца: калі ў Беларусі выбараў няма і быць ня можа, ды народ іх байкатуе, то яны мусілі б паведамляць тое ж польскае грамадства пра народны БАЙКОТ!
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру