Аляксандр Лукашэнка не лічыць, што расійскае кіраўніцтва да гэтага часу мае планы па ўключэнню Беларусі ў склад Расіі. Такую думку ён выказаў сёння ў інтэрв’ю французскай газеце «Фігаро»,
паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

«Тое, што расійскае кіраўніцтва хацела б уключыць у склад Расіі Беларусь, напэўна, вы аб гэтым добра ведаеце, вы гэта чулі. Але я не думаю, што расійскае кіраўніцтва да гэтага часу вось так тупа прытрымліваецца гэтых мэт», — сказаў ён журналісту французскага выдання.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адносіны ў Беларусі і Расіі «як былі, так і засталіся». «Ніякага рэзкага пагаршэння адносін няма, таму што гэта не патрэбна ні Расіі, ні нам», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён дадаў, што ў Расіі ёсць у Беларусі ваенна-палітычныя, стратэгічныя інтарэсы.

«Але Расія дапускае тыя ж памылкі, што і Еўрапейскі Саюз. Трэба ўлічваць рэаліі. Трэба ўлічваць, што ёсць дзяржава і народ, беларуская дзяржава і беларускі народ. І для любога Прэзідэнта, хто б тут ні быў, гэта святое — абараняць гэтыя інтарэсы», — падкрэсліў ён.

«Уся складанасць у тым, што мы знаходзімся паміж гэтымі вялікімі двума монстрамі: Еўрапейскім саюзам і Расіяй. І ў кожнага ёсць свае інтарэсы на тэрыторыі Беларусі, — сказаў беларускі лідар. — Мы згодныя з тым, што і ў вас, і ў Расіі ёсць свае інтарэсы на нашай зямлі. Але мы толькі заўсёды просім і патрабуем ад нашых партнёраў, каб яны ўлічвалі і нашы інтарэсы, нашага беларускага народа, і разумелі, што тут жыве народ і існуе дзяржава».

Што ж датычыцца прычын таго, што сустрэча прэзідэнта Беларусі з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым у час яго знаходжання ў Мінску не адбылася, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што «мы і не планавалі гэту сустрэчу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?