25 лістапада 2010 у Беларускай дзяржаўнай філармоніі распачаўся ўжо чацверты па ліку Міжнародны конкурс піяністаў Minsk-2010.

Адкрыўся без асаблівай помпы, бо арганізатары, мабыць, не разлічвалі на якую-небудзь грамадскую цікаваць. Хоць для многіх іншых гарадоў такія конкурсы — гэта бліскучая інфармацыйная нагода, магчымасць прыцягнуць турыстаў з усяго свету і разрэкламаваць сябе як культурную сталіцу.

У 1996 годзе, калі арганізоўваўся наш собскі міжнародны конкурс піяністаў, думалася, што ён будзе развівацца і прыносіць карысць для горада і для краіны. Магчыма, усё б так і было, калі б арганізацыяй гэтага мерапрыемства працягвала б займацца тая ж каманда на чале з Галінай Генрыхаўнай Вагнер.

Тады была шырокая рэклама, былі спонсары (адразу дзве замежныя авіякампаніі — «Lot» і «Аўстрыйскія авіялініі», Мінскі парцалянавы завод, кандытарская фабрыка «Слодыч», асацыяцыя «Рампа»), свабодна прадаваліся буклеты на беларускай і англійскай мовах, усе найгалоўнейшыя мерапрыемствы асвятляліся тэлебачаннем і газетамі, выпускаліся дзённікі і агляды.
Нават на праслухоўваннях першага і другога тура збіралася шмат публікі, так што Вялікая канцэртная зала Белдзяржфілармоніі была забітая бітком.
Цяпер буклеты таксама ёсць. Праўда, не на беларускай, а на расійскай мове, і купіць іх немагчыма — увесь тыраж размяркоўваецца з аргкамітэта. А вось усяго астатняга проста няма.
Ні спонсараў, ні рэкламы, ні тэлебачання, ні прэсы (перад пачаткам конкурсу не было нават прэс-канферэнцыі!), ні публікі.

У выніку конкурс усё больш скочваецца на ўзровень «экзамену для выдатнікаў». Збольшага гэтая тэндэнцыя назіраецца ва ўсім свеце. Ці можна давяраць ацэнкам конкурснага журы, калі яно складаецца выключна з педагогаў, якія прывозяць на конкурс сваіх вучняў? А ў нас у гэтым сэнсе атрымліваецца яшчэ горш. Культурная грамадскасць памятае, які разыграўся скандал, калі сярод дыпламантаў Міжнароднага конкурсу піяністаў Minsk-2005 апынулася дачка аднаго з чальцоў журы. Сёлета яна зноў удзельнічае ў конкурсе — мабыць, спадзяецца ўжо на тытул лаўрэата. Яе бацька — загадчык кафедры Беларускай акадэміі музыкі — па-ранейшаму ў журы.

Нядзіўна, што ў 2010 годзе канкурсантаў рэкордна мала.
У 1996 годзе для ўдзелу ў першым мінскім конкурсе піяністаў было заяўлена 130 удзельнікаў з 14 краін; рэальна ўдзельнічалі 83 піяністы з 12 краін (у асноўным былога СССР, але таксама з Польшчы, Кітая, Рэспублікі Карэя). Сёлета на чацвертым конкурсе быў заяўлены 81 удзельнік з 11 краін, а рэальна ўдзельнічаюць 60 піяністаў з 8 краін. 30 піяністаў з Беларусі, 16 з Украіны, 9 з Расіі, па адным з Арменіі, Грузіі, Японіі, Латвіі і Малдовы. Расійская дэлегацыя была першапачаткова ў два разы большая, але чамусьці раптам рэзка скарацілася.

На ўрачыстую цырымонію адкрыцця, якая праходзіла ў Вялікай канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі, уваход спачатку быў толькі па квітках. Але калі выявілася, што зала амаль пустая, пачалі пускаць усіх ахвотных.

Сама цырымонія прайшла даволі сціпла. Спачатку выступіў старшыня аргкамітэта, першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Карачэўскі, затым старшыня журы, Народны артыст Рэспублікі Беларусь, прафесар Ігар Алоўнікаў. Журы ўручылі кветкі.

А затым пачаўся сімфанічны канцэрт. Спачатку ў выкананні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь прагучала сімфанічная паэма Ферэнца Ліста «Прэлюды». За пультам быў Андрэй Галанаў — дырыжор без званняў і чыноў, затое з сапраўдным талентам.

У выкананні «Прэлюдыі», як на мой густ, не хапіла нейкай філасафічнасці, але лірычныя моманты і асабліва моманты «буры і націску» гучалі са шчырым жарам. За ўвесь вечар я не пачула ніводнай фальшывай ноты. Лішні раз пераканалася ў тым, што Аляксандр Міхайлавіч Анісімаў за 9 гадоў свайго кіраўніцтва вывеў ігру аркестра на якасна новы ўзровень.

Але галоўным «прысмакам» у гэты вечар быў мі-мінорны канцэрт Шапэна. Салістка — сябра журы, рэктарка Казахскай нацыянальнай кансерваторыі імя Курмангазы, уладальніца Гран-пры Міжнароднага конкурсу імя Маргарыты Лонг і Жака Тыбо (Францыя, 1983), народная артыстка Рэспублікі Казахстан, прафесар Жанія Аўбакірава.

Яе выкананне ўразіла мяне адсутнасцю якой бы там ні было сілавой акрабатыкі. Амаль ідэальная ігра — аднымі цягліцамі далоні, досыць моцнымі і эластычнымі, каб стварыць гнуткі, пявучы гук, цудоўна напоўнены нават у далікатным piano, а ў forte — сакавіты, але не крыклівы. Здзівіў і аркестр, які пасля лістаўскай «завумі» апынуўся ў роднай стыхіі і не баяўся «на роўных» размаўляць з салісткай. Раптам выявілася, што ў аркестравай партыі канцэрту ёсць шмат выразных месцаў і прыгожых падгалоскаў.

А назаўтра ў Малой зале імя Шырмы пачаліся праслухоўванні першага туру. У першы дзень ігралі толькі нашы і ўкраінцы. Галоўнае ўражанне: нашы лепшыя!
І па гуку, і па інтэлектуальным напаўненні, і — прымітыўна — па ўзроўні тэхнікі. Сорамна было слухаць дзяўчат-украінак, якія запіналася, білі пальцамі ў раяль або пяць разоў запар няўдала пачыналі эцюд. Адна з гэтых дзяўчат выйшла на сцэну ў ботах (!!!) на высачэзных шпільках. Не ведаю, як ёй наогул удавалася сапраўды націскаць педаль…

Нашы выглядалі і гучалі зусім інакш. Больш за ўсіх у першы дзень мне спадабалася аспірантка Беларускай акадэміі музыкі Кацярына Матох (клас прафесара Людмілы Шаламенцавай). Сталы, інтэлектуальны, глыбокі музыкант з бездакорнай тэхнікай і выдатным гукам. Застаецца толькі пажадаць, каб такіх радасных адкрыццяў на конкурсе было як мага больш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?