Уладзімір Някляеў скарыстаўся правам у другі раз выступіць па Беларускім радыё (30 лістапада з 6.40 да 7.10), аднак у эфір выйшаў першы аўдыёзапіс кандыдата ў прэзідэнты ад 23 лістапада.

«Калі нехта вам будзе казаць, што паэт Уладзімір Някляеў мала што разумее ў палітыцы і не можа быць прэзідэнтам — не верце, бо я ўжо даказаў, што я насамрэч палітык», — сказаў кандыдат.

Ён зазначыў, што стварыў грамадзянскую кампанію «Гавары праўду!» — «самую моцную грамадскую арганізацыю ў Беларусі». Кандыдат паведаміў, што яго рэйтынг складае 17% — «гэта значна больш, чым рэйтынг любога іншага саперніка Лукашэнкі». «Гэта значыць у Някляева самыя вялікія шанцы на перамогу на прэзідэнцкіх выбарах», — сказаў ён.

Някляеў паабяцаў, што «кожная маці пры нараджэнні дзіцяці будзе атрымліваць мацярынскі капітал, роўны 25 тыс. долараў».

Апрача таго, будуць вернуты ўклады насельніцтва, зробленыя ў савецкія часы, — «калі не ўсе адразу, то часткова, або кампенсуем паслугамі, таварамі — тымі, якія некалі вы, збіраючы тыя грошы, хацелі купіць». У выпадку абрання прэзідэнтам кандыдат плануе выплачваць кампенсацыі дзецям вайны, як гэта робіць Украіна.

Някляеў выказаў абурэнне скасаваннем ільготаў для пенсіянераў, «чарнобыльцаў», студэнтаў і іншых катэгорый грамадзян. «Ці так ужо любіць дзяржава сваіх грамадзян, як пра гэта распавядае яе кіраўнік? Як вынікае не са слоў Лукашэнкі, а з яго дзеянняў, любіць ён не пенсіянераў і не студэнтаў, а толькі самога сябе, прэзідэнта», — мяркуе Някляеў.

«Лукашэнка — як той бурак чырвоны, яго свядомасць застаецца савецкай, і ён ужо не здольны яе змяніць, таму трэба мяняць яго самога, ён стаў перашкодай на нашым шляху», — сказаў кандыдат.

Ён заявіў, што будзе захавана ўсё добрае, што было зроблена пры Лукашэнку, «але гэтага недастаткова, каб захаваць Беларусь». На думку Някляева, трэба змяніць палітычную сістэму, падзяліць галіны ўлады, пакінуць у мінулым страх, які пануе ў грамадстве.

«Я, новы прэзідэнт Уладзімір Някляеў, адмяню гэты страх. Кожны будзе вольны казаць пра тое, у чым упэўнены, і так, як лічыць патрэбным, дзейнічаць. Правы чалавека будуць ахоўвацца законам непарушна», — сказаў Някляеў. Ён паабяцаў правесці «такую палітычную рэформу, якая нават тэарэтычна не дазволіць вярнуцца да дыктатуры — ніколі і нікому».

«У вас у кожнага будзе і свая лыжка, і свой кацёл, і свая каша ў ім. Першым законам, які распрацуе парламент і падпіша прэзідэнт, будзе закон аб малым і сярэднім бізнесе», — заявіў Някляеў.

Ён лічыць, што развіваць адносіны з ЕС неабходна, «але не цаной жа такога рэзкага павароту ад Расіі».

Кандыдат скептычна ставіцца да прапановы ЕС выдзеліць Беларусі 3 млрд. еўра ў выпадку правядзення сённяшняй уладай сумленных выбараў: «Не вырашаць 3 млрд. еўра праблем Беларусі, знешні доўг якой сёння 25 млрд. долараў. А вось перакрыць з новага года расійскі газ і пакінуць нас на зіму ў холадзе гэтыя тры мільярды могуць. Я ўпэўнены, што Еўрасаюз, які за тры мільярды патрабуе ад Лукашэнкі дэмакратызацыі Беларусі, будзе ў чаканнях сваіх падмануты».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?