30 лістапада праходзіць чарговае пасяджэнне Цэнтравыбаркаму. Першым пытаннем на павестцы дня стаяў удзел Віталя Рымашэўскага і Міколы Статкевіча ў вулічнай акцыі 24 лістапада.

У ЦВК лічаць, што кандыдаты тым самым парушылі выбарчае заканадаўства, бо праводзіць мерапрыемствы на Кастрычніцкай плошчы забаронена.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік асабіста наведаў акцыю. Кажа, што акцыя яму спадабалася.

«Было добрае надвор’е мала людзей», — сказаў Лазавік. На ягонае меркаванне, людзей не было і тысячы.

Як пакаранне для Рымашэўскага Лазавік прапанаваў папярэджанне.

А вось для Статкевіча «падрыхтаванае больш суровае пакаранне» — «ніяк не абмяркоўваць ягоную асобу і ўдзел у акцыі, каб адняць арэал змагара».

Тое самае і з Уладзімірам Някляевым. «Нібыта кандыдата Някляева там не было, а быў грамадзянін Някляеў. Тое самае, як было з эміграцыяй. Нібыта ён там быў, але ўвесь час жыў у Беларусі», — сказаў Лазавік.

На думку сакратара ЦВК, акцыя прайшла мірна. А паколькі ахвяраў не было, то можна пакараць і менш строга.

Павел Севярынец, давераная асоба Рымашэўскага, сказаў, што акцыя была прымеркаваная да чарговай гадавіны рэферэндуму 1996 года. Ён прапанаваў зняць усе абмежаванні па пляцоўках для правядзення выбарчых акцый.

Яго падтрымаў сябра камісіі Юры Хадыка. Таццяна Процька зазначыла, што такія праблемы ёсць не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах.

Лазавік прызнаў, што ў некаторых гарадах было сапраўды недастаткова месцаў, але былі прынятыя меры. Напрыклад, у Мінску нельга збірацца толькі на чатырох плошчах.

У выніку сябры ЦВК прагаласавалі за папярэджанні і Рымашэўскаму, і Статкевічу. Прапанову Лазавіка не падтрымалі.

Праўка па дазволу акцый на Кастрычніцкай плошчы таксама не прайшла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?