Амерыканскі гісторык лічыць, што мараплавец паходзіў з Гедымінавічаў.

Меркаваны партрэт Калумба з карціны «Маці Божая Мараплаўцаў» у палацы Альказар у Севільі. Алеха Фернандэс, між 1505 і 1536.

Меркаваны партрэт Калумба з карціны «Маці Божая Мараплаўцаў» у палацы Альказар у Севільі. Алеха Фернандэс, між 1505 і 1536.

Нашага палку прыбыла. Амерыканскі гісторык Мануэл да Сілва Роза даводзіць, што Хрыстафор Калумб меў карані ў Вялікім Княстве Літоўскім. Прычым у добрай сям’і. Ягоным дзедам быў вялікі князь Ягайла, а бацькам — той самы авантурны кароль Уладзіслаў III, які, лічылася, загінуў у бітве пад Варнай.

Традыцыйна пішуць, што адкрывальнік Амерыкі быў генуэзцам. Але гісторык партугальскага паходжання ў сваёй кнізе «Калумб. Нерасказаная гісторыя» («Colon. La Historia Nunca Contada») даводзіць іншае.

Аналізуючы старадаўнія хронікі, ён прыйшоў да высновы, што Уладзіслаў Ягайлавіч пасля разгрому туркамі ў 1444 г. збег ад далейшага выканання каралеўскіх абавязкаў на партугальскі востраў Мадэйра. Там ён ажаніўся і стаў бацькам Хрыстафора.

Дзе доказы? А чаму ж за Калумба, чалавека нібыта простага, аддалі замуж партугальскую арыстакратку і іх шлюб зацвердзіў сам кароль? Да таго ж, лічыць гісторык, герб Калумба падобны на герб Уладзіслава. Праўда, няма на тым гербе «Пагоні» і белага арла. Але ёсць рыбы.

Яшчэ доказ — выгляд. Калумб, паводле сучаснікаў, быў блакітнавокі і светласкуры — тыповы ўсходнееўрапеец.

Дарэчы, прозвішча Калумб у перакладзе з партугальскай азначае «Голуб».

На думку гісторыка, Калумб хаваў сваё паходжанне, каб не выкрыць бацьку. Сваю таямніцу Хрыстафор Уладзіслававіч знёс у магілу.

Магіла — адзінае месца для праверкі гэтай фантасмагарычнай тэорыі: Мануэл Роза шукае магчымасці параўнаць ДНК сыноў Калумба з ДНК Ягайлы. Адпаведныя запыты ўжо зробленыя ў музеі Кракава і Севільі.

Гісторыкі ставяцца да гіпотэзы Розы па-рознаму. У кожным разе, заходнія даследчыкі, як колісь Калумб Амерыку, адкрываюць для сябе Усходнюю Еўропу. Нагадваючы нам, што гісторыя лучыць Беларусь з Захадам, часткай якога яна была доўгія стагоддзі.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?