Моцныя снегапады прымусілі камунальнікаў Брэсцкай вобласці працаваць у аўральным рэжыме.
— Мы працавалі усю ўчорашнюю ноч і дзень. Прыцягнулі дадатковую тэхніку, а таксама расчышчаем снег сумесна з Дзяржаўтаінспекцыяй. Вывелі з адміністрацыі супрацоўнікаў на ўборку снегу, — кажа Сяргей Лабанаў, генеральны дырэктар Брэсцкага абласнога ўнітарнага прадпрыемства ЖКГ. — Людзей у нас хапае,
але ўсё ж нядрэнна было б, калі б самі школьнікі з настаўнікамі таксама выйшлі і прыбралі прылеглыя тэрыторыі.

Паводле слоў спадара Лабанава, на 9.00 мінулага дня была расчышчана палова Брэста і Камянца. Баранавічы вызвалілі ад снегу на 80 працэнтаў.

— Найбольшая колькасць снегаўборачнай тэхнікі, калі не ўлічваць сталіцу, працавала ў Брэсцкай, Магілёўскай і Мінскай абласцях, — расказвае Анатоль Шагун, начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства ЖКГ. — Увогуле па рэспубліцы ўчора працавала 910 снегаўборачных адзінак тэхнікі, а таксама 189 раскідвальнікаў пяску і 153 пагрузчыкі снегу. Да такога снегападу тэхніка ў нас была гатовая. У працоўным стане знаходзілася больш за 95 адсоткаў. Так што, думаю, справімся.

Нагадваем, што па інфармацыі Гідраметцэнтра Беларусі найбольшая колькасць ападкаў па рэспубліцы за пазамінулыя суткі выпала ў Пінску (28 мм — 62 адсоткі месячнай нормы), а таксама Драгічыне (26 мм — 58 адсоткаў) і Брэсце (24 мм — 56 адсоткаў). Вышыня снегу ў Брэсце зараз складае 29 см. Сіноптыкі абяцаюць снег і завірухі таксама напрыканцы гэтага тыдня.

Настасся Занько.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?