У выніку выбуху балона з газам быў моцна пашкоджаны пад’езд шматкватэрнага дому.

Каля 11 гадзін 1 снежня ў пад’ездзе жылога дома 49 па вуліцы Ульянаўскай сантэхнікі праводзілі ўстаноўку лічыльнікаў вады. Аднак падчас прац нешта пайшло не так, як было запланавана і ў выніку балон з газам узарваўся. Паводле папярэдняй інфармацыі, ахвяраў няма.

Адна жанчына накіраваная ў шпіталь з аскепкавымі раненнямі. Аб гэтым паведаміў прэс-сакратар магілёўскай абласной міліцыі Раман Посахаў.

Чытач «НН» з Бабруйска, Алесь Чыгір, распавёў, што пад’езд, у якім адбыўся выбух, выглядае цалкам разбураным. Відавочцы здарэння сцвярджаюць, што выбух быў вельмі моцным — выбуховая хваля раскідала аўтамабілі, якія стаялі побач з пад’ездам. Жыхароў кватэр першых двух пад'ездаў выратавала толькі тое, што ў момант выбуху яны адсутнічалі.

Бабруйчанін Яўген Зянковіч, які пабываў на месцы здарэння, распавёў карэспандэнту "НН" аб пабачаным: "У кватэрах першых паверхаў павыносіла дзверы. Ліфт пад'езда загнала ў зямлю, а дзверы шахты ліфта выбуховай хваляй павыносіла ажно да дзевятага паверху. Ліфт суседняга пад'езду таксама не працуе. Супрацоўнікі МНС, што прыбылі на месца выбуху, эвакуявалі з дома больш за сто чалавек, аднак яны хутка справіліся з невялікім пажарам і людзі вярнуліся ў кватэры."

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?