4 лістапада ў Менскім музэі Багдановіча адбыўся расійска-беларускі вечар-тандэм «Навстречу/Насустрач». Падчас імпрэзы менчукі пачулі вершы жывых клясыкаў – беларускага літаратара і гісторыка Ўладзімера Арлова і расійскага паэта Бахыта Кенжэева, які выступаў у Беларусі ўпершыню. Культуртрэгеры-арганізатары жнівеньскага фэстывалю «Порядок слов» (Мікалай Суліма, Беларусь і Андрэй Новікаў, Расія) мяркуюць і надалей ладзіць у Менску сустрэчы, канцэпцыя якіх – аб’яднаньне двух па магчымасьці «роўнаапостальных» паэтаў з Беларусі і Расіі у рамах адной дзьвюхмоўнай творчай вечарыны.

Структура трохгадзінных чытаньняў Кенжэева/Арлова імпрэзы была трохчасткаваю: спачатку кожны з паэтаў меў па працяглым выступе, а захапляльным сынтэзам стала дыскусія, што завязалася пасьля чытаньня вершаў: адначасова гледачы задавалі пытаньні паэтам, і паэты задавалі пытаньні адно адному, завязваючы проста на вачах сваіх чытачоў новае і, трэба спадзявацца, прыемнае знаёмства: «Вот скажи, Володя, ты на каком языке свою прозу пишешь?» – «А ты, Бахыт, як мяркуеш?»; «Ведаеш, Бахыт, пасьля 1939 году ў Беларусі засталося ў жывых толькі 15 паэтаў» – «Знаю, Володя, в Казахстане тоже…». У суме «Бахыт+Валодзя» адназначна «зрабілі дзень» усіх, хто сабраўся ў Багдановіцкім музэі гэтым марозным вечарам.

Падчас чытаньняў ставалася зразумелым, што ў адзін тандэм Арлова і Кенжэева лучыць прынадлежнасьць да адной генэрацыі, непахіснае дысідэнцтва і тое, што кожны зь іх даўно стаўся знакавай постацьцю ў сваёй літаратуры. На гэтым падабенствы, відаць, заканчваюцца і пачынаюцца процілегласьці (якія, тым ня менш узаемапрыцягваюцца). Паэтаў адрозьнівае ня толькі культурная прапіска – Кенжэеў – «скіфска-азіяцкі» рускі паэт, які жыве ў Канадзе, Арлоў – «крывіцка-эўрапейскі» беларускі паэт, які часта паўтарае, што пакіне Беларусь толькі па этапе («Володя, ты признаёшь, что твои стихи – не русские, а европейские?» – разыйшоўшыся, пытаўся Кенжэеў, пры гэтым параўноўваючы Арлова з Апалінэрам). Ня толькі тое, што Кенжэеў – кароль сыляба-тонікі, а Арлоў – вэрлібру. Галоўным адрозьненьнем мне падалося тое, што паэтыку Арлова жывіць гісторыя Беларусі ў яе неадрыўнасьці ад гісторыі самога Арлова, а крыніца паэтыкі Кенжэева – гісторыя рускай літаратуры. Прынамсі, адчувалася, што Арлоў, чытаючы вершы, стаіць на старажытным бруку, а Кенжэеў – на стосе кнігаў.

Пачынаючы вечарыну, Мікалай Суліма пацешыўся таму, што пабачыў у залі «шмат сваіх сяброў». І хоць сяброў у яго і сапраўды шмат, у ідэале хацелася б бачыць у залі яшчэ і сяброў творчасьці Арлова і Кенжэева. Стваралася ўражаньне, што нягледзячы на шырокую рэкляму, далёка ня ўсе паэтаманы Менску ведалі пра выступ Арлова і прыезд Кенжэева. Зрэшты, палічым гэта непазьбежнай заганаю стартавай акцыі доўгатэрміновага праекту і пасобім арганізатарам, анансаваўшы наступны паэтычны вечар – у сьнежні вершы напару чытацьмуць культавыя аўтары генерацыі 30-гадовых – беларус Андрэй Хадановіч і расіянін Андрэй Радзівонаў. Сачыце за абвесткамі.

«Лица поэтической национальности» — © Андрэй Новікаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?