02.12.2010 / 16:22

Goals.by: Матч БАТЭ — «Дынама» Кіеў адбудзецца, нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е

Галоўны арбітр сустрэчы назваў газон прымальным для правядзення гульні.

Удзень 2 снежня на мінскім стадыёне «Дынама» завяршылася нарада на якой вырашаўся лёс сённяшняга матча групавога раунда Лігі Еўропы.

Паводле інфармацыі Goals.by, гульня паміж БАТЭ і кіеўскім «Дынама» адбудзецца, нягледзячы на не самыя спрыяльныя ўмовы надвор’я.

Галоўны арбітр сустрэчы іспанец Сезар Муньес Фернандэс агледзеў дынамаўскі газон і прызнаў яго прыдатным да правядзення сустрэчы. Натуральна, у выпадку форс-мажору (напрыклад, моцны снегапад) арбітр можа забракаваць поле. Калі тэмпература паветра апусціцца ніжэй «мінус 15», ён таксама мае права адмяніць гульню.

Праўда, калі таго захоча адна з каманд.

Толькі ўжо смела можна сцвярджаць, што кіраўніцтва БАТЭ не мае намер пераносіць матч на больш позні тэрмін. Як нам стала вядома, прадстаўнікі ўкраінскага клуба таксама выказалі жаданне правесці гульню сёння. Такім чынам, калі кіравацца рэгламентам УЕФА, у заўзятараў няма падстаў для турбот.

Выходзіць, матч павінен адбыцца ў любым выпадку.

На раніцу 2 снежня было прададзена 8 тыс. білетаў.

Сёння вечарам сіноптыкі абяцаюць «мінус 12», з улікам ветру — «мінус 19». Магчымы снег.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру