Сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік мяркуе, што сход не мае ніякага дачынення да выбараў прэзідэнта

 Фота photo.bymedia.net

Фота photo.bymedia.net

У Мінску з’явілася рэклама IV Усебеларускага народнага сходу, які пройдзе ў Палацы рэспублікі 6–7 снежня. Плакаты можна пабачыць на ўездах у горад, а самы вялікі з іх — цэлае пано — размясцілі на фасадзе галоўнага корпуса Дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка на плошчы Незалежнасці. Што ж гэта за мерапрыемства, якое анансуецца з такім размахам? Сапраўдная магчымасць рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян удзельнічаць у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця, як гэта абвяшчаецца афіцыйна, ці ўсё ж аплачаная з бюджэту імітацыя падтрымкі дзеючага кіраўніка краіны, як мяркуюць праваабаронцы?

Першы Усебеларускі народны сход прайшоў у 1996 годзе незадоўга да канстытуцыйнага рэферэндуму, які пашырыў паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі. Усе наступныя, як і сёлетні, прызначаліся перад чарговымі прэзідэнцкімі выбарамі. Арганізатарам сходу выступаюць улады — указ аб правядзенні сходу падпісвае кіраўнік краіны, аргкамітэт узначальваюць прэм’ер-міністр і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. Дэлегатаў ад рэгіёнаў і сталіцы абіраюць на адмысловых сходах упаўнаважаных.

Часцей за ўсё дэлегатамі робяцца дзяржаўныя служачыя, найперш кіраўнікі, рэдка калі простыя людзі. Прадстаўнікі апазіцыі за ўсю гісторыю правядзення сходаў паўдзельнічаць у іх не здолелі.
Аляксандра Казуліна ў 2006 годзе пры спробе трапіць на мерапрыемства невядомыя ў цывільным сустрэлі кулакамі. Няўдачай абярнулася і сёлетняя ідэя Уладзіміра Някляева выступіць перад дэлегатамі. Гэты год адзначыўся больш дробным, але вельмі характэрным скандалам: у Валожыне ў часе вылучэння кандыдатаў на IV Усебеларускі народны сход адзін з супрацоўнікаў райвыканкаму выступіў з крытыкай. Пасля чаго быў абвінавачаны ў хуліганстве і арыштаваны на 10 сутак.

«Гэта прыклад псеўдадэмакратыі»

Праваабаронца Гары Паганяйла перакананы, што Усебеларускі сход — гэта рэклама Аляксандра Лукашэнкі за дзяржаўны кошт. «Гэта прыклад псеўдадэмакратыі. Калі б на гэтым сходзе сапраўды былі прадстаўленыя ўсе ўдзельнікі прэзідэнцкай кампаніі, усе слаі грамадства, каб на ім гучалі самыя розныя погляды, у тым ліку і крытычныя, то можна было б гаварыць пра гэтую самую магчымасць рэалізаваць сваё права на ўдзел у грамадска-палітычным жыцці. А так, гледзячы па тым, як арганізоўваецца гэтае мерапрыемства, і хто на яго трапляе, усё скончыцца чарговым „адабрамсам“ на чарговую пяцігодку», — кажа праваабаронца. Ён падкрэслівае, што сход адбываецца ў выбарчы перыяд, акурат у час агітацыі. — «На добры розум трэба было б запрасіць на сход усіх кандыдатаў, каб яны маглі агучыць з высокай трыбуны свае праграмы, падыскутаваць. Але гэтага не будзе.

Будзе адзін Лукашэнка, які не скарыстаўся сваім правам звярнуцца да выбарцаў, як астатнія кандыдаты, па радыё і тэлебачанні. За бюджэтныя грошы, выкарыстоўваючы адміністрацыйны рэсурс, службовае становішча, ён будзе выступаць адзінаасобна. Гэта найгрубейшае парушэнне выбарчага заканадаўства, бо такім чынам парушаецца роўнасць умоваў удзелу ў выбарчай кампаніі
(арт.73 Выбарчага кодэксу Беларусі).

Кандыдаты маюць права звярнуцца ў ЦВК з патрабаваннем скасаваць рэгістрацыю Лукашэнкі кандыдатам». Па словах Гары Паганяйла, парушэнне дзейным прэзідэнтам заканадаўства адбываецца з маўклівай згоды, а то і пры патуранні Цэнтрвыбаркаму і чыноўніцкай вертыкалі.

«На агітацыйных стэндах побач з улёткамі альтэрнатыўных кандыдатаў вывешваецца тэзісы Лукашэнкавай перадвыбарчай праграмы, што будуць агучвацца на сходзе. Гэта значыць, што чыноўнікі ясна ўсведамляюць, што такім чынам агітуюць за свайго кандыдата».
Праваабаронца падкрэслівае, што ён і яго калегі не стамляецца нагадваць пра гэтыя факты, тое самае кажуць кандыдаты ў прэзідэнты і кіраўнікі іхніх штабоў.

«Сход не мае ніякага дачынення да выбараў»

Сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік не пагаджаецца з праваабронцамі наконт таго, што сход можа выкарыстоўвацца Лукашэнкам у якасці праплачанай з бюджэту рэкламы ўласнай персоны і праграмы. Ён адказвае лаканічна: «Усебеларускі народны сход — гэта мерапрыемства, якое, на нашу думку, не мае ніякага дачынення да выбараў прэзідэнта Беларусі. Пра што тут гаварыць? Таму мы гэтым мерапрыемствам не займаліся і займацца не будзем».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?