02.12.2010 / 23:52

Разгром: БАТЭ — «Дынама» Кіеў — 1:4 Абноўлена, дадаліся рэпартаж, фоты і відэа. 25

Барысаўскі клуб датэрмінова выйшаў у плей-оф, але шанцы на першае месца ў групе малыя.

У матчы групавога этапу Лігі Еўропы барысаўскі БАТЭ разгромна прайграў кіеўскаму «Дынама» — 1:4 (Няхайчык, 84 — Вукоевіч, 16, Яроменка, 43, Гусеў, 49, Мілеўскі, 69).

Глядзець футбол у такіх умовах яшчэ не даводзілася. Не ведаю, і ці давядзецца. Два апошнія дні перад гульнёй былі падобнае да гадання на кававай гушчы: адменяць ці не?

Не. Абодва бакі вырашылі, што трэба гуляць. Нават цеплалюбіваму іспанскаму Сесару Фернандэсу давялося з гэтым змірыцца. Гуляць дык гуляць.

Як толькі трапіў на заснежаны стадыён, то ўзгадалася ўласнае дзяцінства, калі ў такія самыя маразы гулялі ў хакей на мясцовай сажалцы. І так раздурхваліся матчах тых бітваў, што пра мароз забывалася ўшчэнт. Было аж горача.

Вось толькі варатары, каб зусім не акалець былі вымушаныя абуваць валёнкі. Галкіперу БАТЭ Гутару наўрад ці б дазволілі выйсці на поле ў такім абутку. Гуляў ён у звычайных буцах, але нейкая нервовасць праслізгвала ў ягоных дзеяннях. А потым гэтая няўпэўненасць перадалася ўсім футбалістам БАТЭ.

Ганчарэнка абраў на гульню абарончы стыль. У асноўным складзе апынулася пяць намінальных абаронцаў і яшчэ два апорнікі. Незразумела, чаму ў запасе апынуўся Рэнан Брэсан.

На вастрыні атакі Радзівонаву так толкам і не атрымлівалася зачапіцца за мяч. Часта ён лез у непатрэбныя спрэчкі, парушаў правілы.

Не шукаю апраўданняў, але зразумець БАТЭ можна. Знайсці матывацыю на гульню ім было цяжка. Хлопцы правялі складаны сезон, у які змясцілася больш за паўсотню матчаў. Яны выйгралі чэмпіянат прабіліся ў наступны раўнд Лігі Еўропы. Цяпер ім хочацца проста адпачнуць,
а замест гэтага даводзіцца гуляць на замерзлым «Дынама» з кіяўлянамі. Можа менавіта ад таго такі расслабон.

А вось «Дынама» трэба было выйграваць. Яны і настройваліся на перамогу.

Першы раз чырвоны мяч апынуўся ў нашай сетцы на 16-ай хвіліне, калі Огнен Вукоевіч падпільнаваў адскок мяча пасля штрафнога. У гэтым розыгрышы Лігі Еўропы БАТЭ яшчэ ніколі не была ў скуры каманды, што адыгрываецца.

За дзве хвіліны да перапынку Мілеўскі — Яроменка — Ярмоленка сканчваецца голам апошянага. БАТЭ толкам так нічога і не стварыў у тайме першым.

У пачатку тайма другога Макс Бардачоў не дагнаў Алега Гусева. Парушыў на ім правілы ў штрафной. Сам пацярпелы рэалізаваў пенальці.

На гэтым ужо стала ясна — БАТЭ не адыграцца. Каманды дзейнічалі на сустрэчных атаках.

У адной з якіх экс-беларус Мілеўскі зрабіў лік ужо зусім непрыстойным.

Гэта менавіта Мілеўскага амаль увесь матч абсвіствала палова стадыёна, звыкла гукаючы: «Мілеўскі — пёс».

Пашу Няхайчыку ўсё ж атрымалася размачыць Шаўкоўскага — 1:4. Кіяўляне следам за барысаўцам таксама забяспечылі сабе выхад з групы.

Зрэшты, асмелюся сказаць, што не «Дынама» былі галоўнымі героямі гэтага вечара, а тыя заўзятары (і жоўта-сінія, і бела-блакітныя), што прыйшлі на стадыёне і вытрымалі на гэтым холадзе ўсе дзевяноста хвілін. Здымаю перад вамі капялюш. Нават традыцыйна запоўненая ложа прэсы была на гэты раз паўпустой.

Прыемна ўразіла, што трэнер «Дынама» Алег Лужны пасля гульні на прэс-канферэнцыі гаварыў па-ўкраінску. Ну, а Віктар Ганчарэнка паразе моцна не расстроіўся.
На наступным тыдні БАТЭ ляціць у Рым, каб рыхтавацца да гульні з галандскім АZ.

Зміцер Панкавец

***

Гульня прайшла ў Мінску на стадыёне «Дынама». Тэмпература паветра ў сталіцы Беларусі складала мінус 13 градусаў.

БАТЭ: Гутар, Ліхтаровіч (к), Сасноўскі (Брэсан, 46), Шытаў, Юрэвіч, Валадзько (Аляхновіч, 78), Няхайчык, Радзькоў, Бардачоў, Радзівонаў, Д.Бага (Скавыш, 68).

Сённяшняя параза — трэцяе запар паражэнне беларускага клуба. 21 лістапада БАТЭ прайграў у апошнім туры чэмпіянату Беларусі (ужо ў рамках уладальнікаў залатых медалёў) салігорскаму «Шахцёру» 1:2, а 28 лістапада — у Кубку Беларусі ў Барысаве брэсцкаму «Дынама» — 0:1.

У матчы «Шэрыф» (Ціраспаль) — AZ (Алкмаар) была зафіксавана нічыя 1:1 (Руамба, 54 — Холмэн, 17-я).

Пасля 5 тураў: Дынама — 10 пунктаў (3 перамогі, 1 нічыя, 1 параза, розніца мячоў 10–6), БАТЭ — 10 (3, 1, 1, 11–8), AZ — 4 (1, 1,3, 5–10), Шэрыф — 4 (1, 1, 3, 5–7).

«Дынама» і AZ знаходзяцца вышэй за БАТЭ і «Шэрыф», адпаведна, за кошт сустрэчаў міжсобку.

Снайперы: Мілеўскі (Дынама) — 5, Радзівонаў (БАТЭ) — 3, Брэсан (БАТЭ), Ярохін (Шэрыф), Яроменка (Дынама) — па 2.

У 1/16 фіналу датэрмінова выйшлі «Дынама» і яшчэ раней БАТЭ.

Каманда, што зойме 1-е месца ў групе (БАТЭ трэба ў гасцях выйграваць 15 снежня ў AZ і спадзявацца на асечку «Дынама» у матчы з «Шэрыфам» у Кіеве), атрымае выгоды пры лёсаванні стадыі плей-оф 17 снежня.

Алег Гардзіенка

фота Алеся Пілецкага

0
andrejka_88 / Адказаць
03.12.2010 / 00:03
Бляха!як там нашы хлопцы?! Веру ў перамогу!!!
0
pasha / Адказаць
03.12.2010 / 00:13
ужо 0-3 (((
0
andrejka_88 / Адказаць
03.12.2010 / 00:17
Халера ясная...
Паказаць усе каментары/ 25 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру