Той, хто назіраў па тэлебачаньні за вынясеньнем прысуду Садаму Хусэйну і ягоным палечнікам у Багдадзе, ня мог не заўважыць хваляваньня галоўнага судзьдзі. То ён нэрвова шукаў ва ўсіх сваіх кішэнях нейкую паперку, то сварыўся з абаронцамі экс-дыктатара (аднаго з адвакатаў ён нават выставіў з судовай залі), то хапаўся за судзейскі малаток. Падчас зачытваньня выраку падсудны перабіваў судзьдзю крыкамі: “Алаг акбар!” і “Няхай жыве Ірак!”

Напэўна, многія ня так сабе ўяўлялі суд над былым дыктатарам.

Багдадзкі вязень

Увесь працэс над Хусэйнам выглядаў на тэлеэкранах як трагіфарс: карцінныя паводзіны былога кіраўніка Іраку, замена судзьдзяў, бясконцыя пераносы паседжаньняў, забойства некалькіх адвакатаў…Сам грамадзянскі працэс на тле грамадзянскай вайны і няспынных тэрактаў у Іраку, у якіх штодня гінуць ірацкія паліцыянты й мірныя жыхары, а таксама амэрыканскія жаўнеры ды жаўнеры іншых краінаў кааліцыі нагадваў свайго роду гратэск. Але выглядаў трыбунал у Багдадзе ня больш гратэскава, чым выглядае часам уся наша рэчаіснасьць.

Сьмяротны прысуд Хусэйну ды ягонаму зводнаму брату зноў раскалоў міжнародную супольнасьць – як і ў сакавіку 2002-га, калі пачалася вайна ў Іраку.

Белы дом у ЗША ды ўрад Блэйра ў Вялікабрытаніі адназначна віталі прысуд. Нямецкая канцлерка Мэркель ды некаторыя іншыя кіраўнікі эўрапейскіх краінаў рабілі акцэнт на тым, што Эўразьвяз прынцыпова выступае супраць сьмяротнага пакараньня.

Між іншым, дадатковых фарбаў дадаў прысуд у Багдадзе візыту ў Тэгеран кіраўніка Беларусі, які заўсёды адкрыта выступаў у падтрымку экс-дыктатара Іраку. У суседнім шыіцкім Іране сьмяротнае пакараньне свайму даўняму зацятаму ворагу Хусэйну лічаць самым мінімальным з усіх магчымых пакараньняў.

Тым часам праваабарончыя арганізацыі Захаду – напрыклад, “Міжнародная амністыя”, асудзілі сьмяротны вырак у справе Хусэйна на той падставе, што працэс сам па сабе ня быў “узорам правасудзьдзя”. Дзіўна, што Хусэйн дагэтуль ня быў абвешчаны вязьнем сумленьня. Мабыць, у вачах крэўных і сваякоў загіблых у ірацкай вёсцы Дуджэйр 24 гады таму пасьля няўдалага замаху на дыктатара (гэтае злачынства і было прадметам разгляду трыбуналу ў Багдадзе) такая трактоўка выглядала б не зусім карэктнай.

Іншая справа, што “лідэра лібійскай рэвалюцыі” Муамара Кадафі, датычнасць якога да выбуху авіяляйнэра над шатляндскім Локэрбі даказаў суд, сёньня прымаюць на вышэйшым узроўні ў Брусэлі. А ягонаму ірацкага калегу, якому пашанцавала меней, пагражае шыбеніца. (Дарэчы, колькасьць загіблых пасажыраў авіяляйнэра блізкая да колькасьці загіблых жыхароў вёскі Дуджэйр). Гэта можна назваць яшчэ адным з парадоксаў “рэальнай палітыкі” на Захадзе, а можна – звычайнай крывадушнасьцю, якая зрабілася неад’емнай часткай сучаснай палітыкі ўвогуле.

Небездакорнае правасудзьдзе

Што ж тычыцца суду, далёкага ад узораў сусьветнай юрыспрудэнцыі, можна ўспомніць яшчэ адзін працэс – нюрнбэргскі. Сёлета ў кастрычніку мінула акурат 50 гадоў з моманту, калі галоўныя фігуранты таго працэсу – гітлерскія ваенныя злачынцы – былі павешаныя паводле рашэньня міжнароднага трыбуналу. У 1946-м быў створаны прэцэдэнт пакараньня за “злачынствы супраць чалавечнасьці”, які застаецца актуальным да сёньня. Паводле такога ж абвінавачаньня пакараны й Садам Хусэйн.

Некаторыя хібы нюрнбэрскага працэсу відавочныя ня толькі для юрыстаў. Гэта і яўны “абвінаваўчы ўхіл” (падсудныя былі абвешчаныя злачынцамі яшчэ да пачатку працэсу) і досыць малая колькасьць сьведкаў – каля 140 чалавек, што з гледзішча абароны несувымерна маштабам прад’яўленых абвінавачаньняў. Пазьней гэта дало падставы некаторым адвакатам фашызму адмаўляць сам факт Галакосту – зьнішчэньня шасьці мільёнаў габрэяў гітлераўцамі. Аднак, у нашыя дні спробы ставіць пад сумнеў гэтае злачынства ў цывілізаваных краінах караюцца ў крымінальным парадку. Так, адзін брытанскі гісторык быў нядаўна асуджаны аўстрыйскім судом на некалькі гадоў зьняволеньня за гэткія выказваньні.

Зразумела, ўдзел у Нюрнбэргскім працэсе Савецкага Саюзу ў асобе пракурора Рудэнкі не дадаюць трыбуналу аўтарытэту з гледзішча дня сёньняшняга. Ды й тады на Захадзе многія цудоўна ведалі і пра ГУЛАГ і пра тое, чаго вартае сталінскае “правасудзьдзе”. (Дарэчы, Рудэнка, які зрабіў пракурорскую кар’еру ва Ўкраіне у 1930-я гады, пазьней удзельнічаў у рэабілітацыі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.) Проста абысьціся без удзелу СССР, які панёс найбольшыя страты ў вайне з гітлераўскім фашызмам, было немагчыма.

Пры ўсім гэтым, кожны з абвінавачаных у Нюрнбэргу меў высокакваліфікаваных абаронцаў. Падлічана, што абароне падчас суду было прадстаўлена каля 30 мільёнаў старонак рознага роду дакумэнтаў і пісьмовых сьведчаньняў у аўтэнтычным перакладзе. А былі яшчэ і кінадакумэнты і фатаграфіі, адзьнятыя ў гітлераўскіх лягерах сьмерці, глядзець якія бяз вусьцішы немагчыма й цяпер. Дый самі немцы, як вядома, акуратна дакумэнтавалі зьнішчэньне мільёнаў людзей, запісваючы ў гросбухі колькасьць адабраных у ахвяраў каштоўных рэчаў, улучна з заручальнымі пярсьцёнкамі й залатымі зубнымі каронкамі.

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш пасьля выраку Хусэйну нагадаў, што падсудны мае аўтаматычнае права на апэляцыю, а таксама шмат іншых юрыдычных правоў, якіх былі пазбаўленыя ягоныя суграмадзяне пры дыктатуры.

Права ведаць

Нюрнбэрскі трыбунал і суд над Хусэйнам, зразумела, адбываліся ў розныя гістарычныя эпохі і ў зусім розных геапалітычных акалічнасьцях. Суд у Багадзе ня ёсьць міжнародным. Строга кажучы, гэта ўнутраная справа саміх іракцаў.

Калі кажуць, што іракцы – суніты й шыіты – “неадназначна” ўспрынялі сьмяротны вырак экс-дыктатару, чамусьці забываюцца, як хутка развалілася войска Хусэйна пасьля пачатку наземнай апэрацыі ў Іраку. Мільёны людзей, якія нібыта аднагалосна галасавалі за Хусэйна на апошніх перад вайной прэзыдэнцкіх выбарах, не выйшлі са зброяй у руках бараніць свайго правадыра. Большасьць іх, і ня толькі ў Дуджэйры, горача віталі падзеньне дыктатарскага рэжыму.

Што, зразумела, у вачах гэтых людзей зусім не апраўдвае сёньня прысутнасьці ў Іраку акупацыйных войскаў. Справа Хусэйна ня можа захінуць сабой злачынствы амэрыканскіх вайскоўцаў супраць мірных іракцаў, у тым ліку ў дачыненьні вязьняў турмы Абу-Грэйб. Пакараньне дыктатара – калі яно адбудзецца – стане толькі эпізодам у крывавай драме, якую перажывае Ірак. Імёнаў дзясяткаў тысяч загіблых іракцаў, адрозна ад імені іх былога ўладара, ніхто ня ведае. У Іраку ёсьць сотні безыменных магілаў (некаторыя захаваліся з часоў Хусэйна). Тысячы людзей забіваюць без суду і сьледства, выкрадаюць і катуюць. Неабвержны факт: большасьць іракцаў забілі не інтэрвэнты, а самі іракцы. І за гэта таксама нясе адказнасьць Садам Хусэйн, хоць ён і называе сябе патрыётам Іраку. Бо грамадзянскія вайны на пустым месцы, зь нічога, не ўзьнікаюць.

Публічны (хоць і з пэўнымі абмежаваньнямі з меркаваньняў бясьпекі) суд над Хусэйнам – насамрэч, апошні прывілей дыктатара. Яго не расстралялі недзе на задворках, як мужа й жонку Чаўшэску. Не атруцілі, як гэта прынята ва ўсходніх дэспатыях, ня выразалі ўсю ягоную сям’ю, ня зьнішчылі ягонага роднага Тыкрыту. Яго не пазбавілі слова, магчымасьці абараняцца і, галоўнае, веданьня, што яго чакае і чаму.

Публічнасьць – галоўны сэнс працэсу над Хусэйнам.

У Беларусі толькі сёлета былі пакараныя сьмерцю шэсьць чалавек. Мы ня ведаем, што гэта за людзі і за што дакладна кожнаму зь іх былі вынесеныя прысуды. Без усялякіх сумневаў, яны асуджаныя за свае злачынствы ў поўнай адпаведнасьці з законам. Але суды над імі калі й былі фармальна публічнымі, дык ня выклікалі ніякага грамадзкага рэзанансу. Сама тэма сьмяротнага пакараньня сьмерцю ў Беларусі не дыскутуецца. І менавіта адсутнасьць галоснасьці ў гэтай сфэры, у адсутнасьці грамадзкай дыскусіі на гэтую тэму ставіць яе ў адзін шэраг з усходнімі дэспатыямі.

У нас, дзякаваць Богу, пакуль не дайшло да палітычна матываваных сьмяротных прысудаў. Але ўжо дзейнічае “антытэрарыстычны” артыкул карнага кодэксу, які прадугледжвае “вышэйшую меру”. Ёй пагражалі нядаўна сябрам незарэгістраваных маладзёвых арганізацыяў у “справе” Паўла Красоўскага. Суд хуткі й няправы, за зачыненымі дзьвярыма, становіцца будзённай практыкай, як у гітлераўскай Нямеччыне, ці ў сталінскім СССР. Сталіну зноў ставяць помнікі, а мільёны ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў абвяшчаюцца “неіснуючымі” – расстраляных НКВД у Курапатах залічваюць у “ахвяры другой сусьветнай вайны”.

Напэўна, некалі за гэта будуць судзіць, як і за адмаўленьне факту Галакосту. Сёньня нам застаецца здалёк сачыць за трыбуналам над дыктатарам у Іраку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?