«Пасля перамогі на выбарах Беларускі народны фронт мае намер звярнуцца да цывілізаваных краін свету па дапамогу ў ажыццяўленні новай эканамічнай палітыкі ў Беларусі, своеасаблівага плана Маршала-2»,

— заявіў кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў падчас другога радыёзвароту да выбаршчыкаў раніцай 3 снежня.

У ім Кастусёў выкарыстаў тэкст свайго тэлевізійнага выступлення 1 снежня. Ён зноў запрасіў на тэледэбаты Уладзіміра Някляева, Андрэя Саннікава і Аляксандра Лукашэнку, якія, на яго думку, з’яўляюцца прарасійскімі кандыдатамі. Някляева, Саннікава і Яраслава Раманчука ён раскрытыкаваў, не называючы прозвішчаў.

У прыватнасці, былыя паплечнікі Лукашэнкі, якія атабарыліся ў Маскве, «зноў мараць вярнуцца ў Мінск і смактаць з грашовых патокаў, а для гэтага зрабілі стаўку на паэта-песенніка, які спяваў у свой час оды камуністычнай ідэалогіі ў Маскве, з трыбуны з’ездаў КПСС».

«Для мяне застаецца незразумелым, пра якія перамены ў Беларусі пасля імпульсаў з Масквы кажа яшчэ адзін кандыдат — былы дыпламат з нетраў маскоўскай імперскай дыпламатычнай акадэміі. Можа быць, пра тыя, якія прынеслі яе пасланцы ў 1996 годзе? Тыя, што прыехалі, супакоілі расійскую апазіцыю і аддалі ўладу дыктатару пасля рэферэндуму», — сказаў Кастусёў.

На яго думку, толькі «план Маршала-2» выратуе беларускую эканоміку, «а не праграма рэформ кандыдата-ліберала, філолага-эканаміста, які ўсё ніяк не дачакаецца рэцэнзіі на сваю праграму з Крамля».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?