Першая частка відэазапісу тэледэбатаў:
Другая частка відэазапісу тэледэбатаў:
Трэцяя частка відэазапісу тэледэбатаў:
Чацвёртая частка відэазапісу тэледэбатаў:
Пятая (фінальная) частка відэазапісу тэледэбатаў:
Тэледэбаты кандыдатаў у прэзідэнты пачаліся, а 17-й пасля рэкламы, прысвечанай дасягненням дзяржавы ў галіне сацыяльнай палітыкі.

У студыі паўколам стаялі дзевяць трыбунак для кандыдатаў. На кожнай было імя па-беларуску. Апроч дзевяці кандыдатаў у прэзідэнты ў студыі былі два вядучыя, вядомыя па «аналітычных» праграмах БТ Юры Пракопаў і Андрэй Крывашэеў. Яны стаялі збоку ад трыбунак, трымаючы ў руках папкі з нарыхтаванымі пытаннямі.

Вядучыя акрэслілі парадак: спачатку кандыдатам даецца па паўтары хвіліны для ўступнага слова, пасля — уласна дыскусія. З кандыдатамі яны спачатку спрабавалі трымацца вальяжна. Але, як паказалі далейшыя падзеі, поўнымі гаспадарамі ў студыі вядучыя не былі.

Паводле лёсавання, першы гаварыў Андрэй Саннікаў. Ён адзначыў, што выступае толькі для таго, каб «выкарыстаць усе магчымасці» данесці свае думкі да выбарцаў.

«Гэта хлусня БТ, а не дэбаты»,
 — была адна з яго наступных фраз. Бо на іх не з’явіўся асноўны канкурэнт дэмакратычных кандыдатаў.

Таксама Саннікаў падзякаваў усім, хто падтрымлівае яго, паўтарыў вядомы з сваіх ранейшых выступаў выраз пра тое, што дзяржаўная машына прабуксоўвае з прычыны «лысай гумы, якую трэба мяняць». Выказаў пэўнасць, што «разам пераможам».

Было бачна, што ранейшыя тэлевыступы дапамаглі кандыдатам набраць форму — яны пачуваліся перад камерай больш упэўнена ў словах і жэстах.

«Беларусь сёння трымаецца на адной апоры — на вертыкалі», — пачаў свой выступ Яраслаў Раманчук. Ён таксама не шукаў новых лозунгаў, паўтарыў праграмны «Збудуем новае, захаваем лепшае» і выклаў пяць пунктаў сваёй праграмы.

Алесь Міхалевіч, як і папярэднія выступоўцы, гаварыў па-расейску. Ён адзначыў, што сённяшняя беларуская эканамічная мадэль «была эфектыўная ў 90-я і для першых гадоў новага стагоддзя». Але цяпер яе пара мяняць. І прапанаваў сваю праграму эвалюцыйнай мадэрнізацыі эканомікі — эканамічны рост праз развіццё малога і сярэдняга бізнэсу. Эфектыўная дзяржава («каб прэзідэнт не выдаваў дэкрэты, важнейшыя за законы, якія прымае парламент»); актыўнае грамадства, якое само выбірае кіраўнікоў усіх узроўняў.

Сачыць за часам кандыдатам дапамагаў гонг, які гучаў, калі сканчаўся паўтарахвілінны рэгламент.

Дзмітрый Ус сказаў каротка. Падзякаваў выбарцам. Паўтарыў, што ў краіне выбарчая сістэма не працуе і ён прыйшоў, каб змяніць яе, змяніць выбарчы кодэкс. Ён

выказаў пэўнасць, што ні Еўропа, ні Расія, прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не прызнаюць.

Віталь Рымашэўскі першы з выступоўцаў гаварыў па-беларуску. Калі вядоўцы не сказалі яго прозвішча, даючы слова, ён яго назваў сам. Падзякаваў выбарцам за падтрымку, адзначыў, што прадстаўляе першую народную партыю — БХД, якая лічыць, што эканоміка, палітыка, сацыяльнае жыццё краіны мусяць грунтавацца на хрысціянскіх каштоўнасцях.

Рымашэўскі заклікаў «вярнуць павагу да простага чалавека», вярнуць свабодныя выбары, бо сёння «ўлада бароніць інтарэсы чыноўнікаў і сілавых структур», рыхтуе фальсіфікацыю выбараў.

Ударыў гонг — Рымашэўскі трохі не ўклаўся ў час.

Віктар Цярэшчанка больш за папярэднікаў зазіраў у паперкі, гаварыў павольней. Галоўным акцэнтам яго выступу было патрабаванне цвёрдай нацыянальнай валюты. Ні для кога не сакрэт, што пасля выбараў цэны пачнуць расці яшчэ хутчэй, казаў ён. «Робім болей, а маем меней. Чаму? Бо рабуюць наш народ — рубель абясцэньваецца».

Рыгор Кастусёў таксама скарыстаўся ранейшымі нарыхтоўкамі. Прамаўляючы, ён упэўнена глядзеў у камеру і сек рукой паветра. Адзначыў, што з’яўляецца кандыдатам ад БНФ — «партыі, якая заўсёды казала людзям праўду». Наша краіна — банкрут, адзначыў кандыдат. Ён агучыў лічбы дзяржаўнай пазыкі (25 млрд долараў) і скарачэння насельніцтва — мільён чалавек.

«Аднаго з кандыдатаў няма. Бо яму няма чаго сказаць вам», —
гаварыў Кастусёў, звяртаючыся да выбарцаў. Прозвішча Лукашэнкі выступоўцы імкнуліся не называць, нават калі казалі пра яго.

Кастусёў заклікаў не галасаваць датэрмінова і пры канцы выступу гукнуў: «Жыве Беларусь!»

Уладзімір Някляеў назваў тэлеканал БТ «лёкайскім» і адзначыў, што палітычныя дэбаты прадугледжваюць удзел апанента. «Формат палітычных дэбатаў — гэта ўдзел таго, хто пры ўладзе, і тых, хто на гэтую ўладу прэтэндуе. Вось тыя, хто прэтэндуе, тут. А дзе той, хто пры ўладзе, хто павінен адказваць на нашыя пытанні? — казаў Някляеў. — Чаму мы пасварыліся з Расеяй, чаму ў краіне, народ якой працуе і працуе, няма грошай? Яны дзе, хто іх крадзе? Каму задаваць гэтыя пытанні? Саннікаву? дык мы з ім заадно! Мы хочам скінуць гэты рэжым, які не адказвае на нашы пытанні. І таму, паважаючы вас, паважаючы тых, хто тут сабраўся, — я не бачу ў гэтых дэбатах ніякага сэнсу, ніякага толку, і таму я іх пакідаю». Перад сыходам ён заклікаў прыходзіць на Плошчу 19 снежня.

Вядучыя яўна да такога не былі гатовыя. Адзін з іх спрабаваў па-хамску пракаментаваць сітуацыю анекдотам пра паручніка Ржэўскага, аднак не змог гэтага зрабіць праз агульнае гучнае абурэнне кандыдатаў.

Відаць, з прычыны нервознасці, наступнага выступоўцу вядучыя прадставілі «Міхаіл Статкевіч». Спадар Мікалай іх паправіў. Яго выступ таксама пачаўся з раскрыцця сутнасці «дэбатаў».

«Чаму не прыйшоў гэты чалавек?» — пытаўся ён, вінавацячы Лукашэнку ў баязлівасці. Нагадаў, што Вячаслаў Кебіч у 1994-м дэбатаў не збаяўся. «А гэты — дзеншчыкоў прыслаў», — дабіваў вядучых Статкевіч. А потым, звяртаючыся праз камеру наўпрост да Лукашэнкі, перайшоў на «ты».

Пасля паўтарахвілінных уступных выступаў мусілі пачацца дэбаты. Пракопаў і Крывашэеў, з якіх трохі збілі вальяжнасць, прапанавалі Рыгору Кастусёву патлумачыць, чаму ён у ранейшых прамовах ён назваў прарасійскімі кандыдатамі Някляева і Саннікава. Але Кастусёў сказаў, што мае іх кантактныя тэлефоны і «без вашай дапамогі паразмаўляў з імі сам, разабраўся». Адзначыў, што на свае пытанні не атрымаў адказу толькі ад аднаго чалавека, намякаючы зноў на адсутнага Лукашэнку.

Саннікаў падтрымаў Кастусёва:

«Да пачатку лжывай перадачы мы дамовіліся ігнараваць пытанні вядучых».
Пасля перайшоў да крытыкі ўлады — «шаснаццаць гадоў абяцалі райскае жыццё, перасварыліся з суседзямі, набралі крэдытаў». У яго выступе прагучала фраза «Апошняя дыктатура ў Еўропе». Пры канцы ён звярнуўся да афіцэраў войска, МУС і КДБ з заклікам «трымацца закону, быць грамадзянамі» ў часе выбараў.
«Вы тоже в корпоративном сговоре?» — звярнуліся бэтэшнікі да Раманчука. У працэсе дыялогу з ім вядучыя яшчэ раз упікнулі адсутнага Някляева які «прапанаваў перадаць нафцянку Расіі».
Раманчук агучыў сваё стаўленне: прэзідэнт не можа перадаваць прадпрыемстваў, бо яны — не яго.

У Рымашэўскага папрасілі патлумачыць, што значыць"прабеларускі кандыдат», як ён сябе называе. «Прыстойным павінна лічыцца, калі палітыкі, якія ідуць у прэзідэнты, будуць называцца прабеларускімі», — казаў Рымашэўскі. «Калі вы расказваеце непрыстойныя анекдоты ў жывым эфіры, вы не з нас здзекуецеся, гэта здзек з усяго беларускага народа».

Ён падкрэсліў, што сёння няма роўных магчымасцяў для ўсіх кандыдатаў, не ўсе маюць роўны час на тэлеканалах, якія фінансуюцца з падаткаў выбарцаў.

Міхалевічу далі выказацца на тэму бязвізавага рэжыму з ЕС. «Я імкнуўся не крытыкаваць сённяшнюю ўладу, — казаў кандыдат, — але яна не робіць тое, што можна зрабіць для гэтага». Міхалевіч паабяцаў цягам свайго прэзідэнцкага тэрміну «адкрыць Беларусь на Еўрасаюз».

Слова падхапіў Саннікаў, катэгарычна адзначыўшы, што за гэты час можна не толькі адкрыцца, але рэальна ўвайсці ў ЕС. «Мы зноў людзі другога гатунку, — казаў ён, адзначаючы, што Україна і Расія дамаўляюцца пра бязвізавы рэжым з Еўропай.

Раманчук падкрэсліў, што асноўнай перашкодай для ўвядзення бязвізавага рэжыму з’яўляецца тое, што «мы для ЕС — чужыя». А чужыя ад таго, як у нас праходзяць выбары.

Рымашэўскі адзначыў, што польскі ўрад ратыфікаваў пагадненні, паводле якіх жыхары памежных раёнаў Беларусі могуць бязвізава ехаць у Польшчу. Беларускі ўрад не ратыфікуе. Чаму? Ён паспрабаваў запытацца пра гэта ў вядучых, назваўшы іх прадстаўнікамі Лукашэнкі ў студыі. Тыя ўхіліліся ад адказу, сказаўшы, што не з’яўляюцца даверанымі асобамі дзейнага прэзідэнта.

Вядучыя яўна пачуваліся няпэўна, ім не ўдавалася фармаваць дыскусію, было ясна бачна, як яны вычытваюць у паперах адну «хатнюю загатоўку» за другой.

Двойчы за час дэбатаў спрабавалі падчапіць Кастусёва: «А вось спадар кандыдат прапануе ўвесці талер…» — але атрымлівалі калектыўны адпор. Пасля пытання пра мяжу з ЕС задалі пытанне Кастусёву пра мяжу з Расіяй: «Восточную граніцу закрыть, что ли?» Кастусёў у адказ падаў прыклад нядаўніх «гастроляў» пскоўскай банды ў Мінску. Бандыты выкралі дарагі аўтамабіль, яго прадавец-мінчук знік, а банда зноў укаціла ў Расію. І знайсці яе там няма як. «Мяжа павінна адсочвацца», — казаў кандыдат. Бачанне ўсходняй палітыкі ён выказаў дзвюма фразамі: «Расія нам патрэбная, як і Расіі патрэбная Беларусь. Суседзяў не выбіраюць».

Цярэшчанка, у адказ на пытанне Пракопава пра тое, як ён плануе прыраўняць рубель да даляра, адаслаў яго «уважліва пачытаць праграму». Казаў, што яго задача — забяспечыць незалежнасць краіны ад замежнай валюты. «Купляючы валюту, мы працуем на заходнія краіны, на банкі заходніх краін. Мы не жадаем працаваць на сусветных банкіраў!» Падмацоўваючы думку пра слабасць рубля, Цярэшчанка падкалоў вядучых: «Вы ж таксама свае зберажэнні не ў рублях трымаеце».

Раманчук скарыстоўваў найменшую магчымасць, каб сказаць пра эканоміку. Казаў пра дзяржаўныя пазыкі, пра тое, што рэсурс каманднай мадэлі эканомікі — вычарпаны. Два гады краіна жыве ў пазыку. У якасці прыкладу дзеяння планавай эканомікі кандыдат распавёў, як некаторыя прадпрыемствы прымушаюць бясплатна абслугоўваць Усебеларускі сход, які адбудзецца 6–7 снежня.

У Рымашэўскага спыталі, як ён збіраецца дасягнуць 3-працэнтных крэдытаў, якія абяцае. «Дастаткова, каб беларуская ўлада не крала ў людзей, — парыраваў кандыдат. — Сёння Лукашэнка атрымлівае на Захадзе крэдыты пад 1,5%, а дае людзям па 14–15%». А на розніцу — «добра жыве сам, добра плаціць вам». Еўрапейцы ж, паводле Рымашэўскага, не будуць укладаць у беларускую эканоміку, пакуль дзяржава можа забраць прыватнае прадпрыемства ва ўласніка з дапамогай прэзідэнцкага дэкрэта.

Следам уклініўся Статкевіч з яшчэ адным наўпростым зваротам да Лукашэнкі: «Калі верыць БТ, у цябе завоблачны рэйтынг. Чаго ты баішся? Правядзі чэсныя выбары, адмяні папярэдняе галасаванне, пусці апазіцыю ў выбарчыя камісіі… — дакажы нам нашу нікчэмнасць!»

Следам

Саннікаў заклікаў гледачоў патрабаваць дадатковага часу жывога эфіру ўсім кандыдатам.

Вядучы Крывашэеў спрабаваў парыраваць: «А можна ў вас патрабаваць адмяніць цэнзуру на сваім сайце?» Нібыта «Хартыя’97» мае дзяржаўныя датацыі.

Кандыдаты крытыкавалі ўладу за стварэнне штучных бар’ераў між людзьмі, між уладай і апазіцыяй (Раманчук), за фальсіфікацыю выбараў (Ус). За тое, што «людзі, заснавальнікі дзяржавы, сталі яе статыстамі» (Цярэшчанка).

Пры канцы вядучыя паспрабавалі пакінуць за сабой апошняе слова.

Пракопаў адзначыў, што за час дэбатаў слова «Лукашэнка» прагучала ў студыі 55 разоў. Усе кандыдаты абурыліся — некаторыя, нават кажучы пра дзейнага кіраўніка дзяржавы, не называлі прозвішча.

Сказаць «заключных словаў» вядучым не далі, жорстка абсеклі, запатрабаваўшы, не адбіраць час.

Следам кандыдаты сказалі заключныя словы

Саннікаў заклікаў 19 снежня, а 20-й збірацца на Плошчы «чакаць на вынікі выбараў». Рымашэўскі адзначыў, што «ўлада хоча нас пасварыць» і адкрыта паклікаў 19-га, а 20.00 на Плошчу «бараніць перамогу». Раманчук прапанаваў адмовіцца ад лозунгу «чарка і скварка» і замяніць яго на «Збудуем новае, захаваем лепшае». І скончыў біблійным «Не бойцеся», якім у 1980-я Ян Павал ІІ натхняў польскі народ на звяржэнне прасавецкага рэжыму.

Міхалевіч і Цярэшчанка заклікалі не ісці галасаваць датэрмінова.

Ус адзначыў, што будзе дабівацца змены выбарчага кодэксу.

Кастусёў адзначыў, што пасля дэбатаў тэлегледачы будуць бачыць «толькі аднаго кандыдата». Заклікаў усіх звяртацца ў ЦВК з патрабаваннем даць незалежным кандыдатам дадатковы эфірны час. Самі кандыдаты ўжо ў ЦВК звярнуліся.

Завяршаў выступы Статкевіч: «Землякі, у нас праблема…» Ён параўнаў Лукашэнку з каменем на дарозе, які трэба прыбраць і заклікаў усіх на Плошчу, назваўшы 19 снежня «днём вялікай прыборкі». Пры канцы звярнуўся да Лукашэнкі: «Вярні, што скраў, вярні выбары, іначай самі прыйдзем і іх адбярэм». Статкевіч сказаў, што гатовы ўзяць на сябе адказнасць за Плошчу.

Вядучым, якія ўсё імкнуліся «падсумаваць» нічога сказаць не далі. Крывашэеў голасам, які зрываўся ў імкненні перакрычаць агульнае абурэнне студыі, сказаў дзяжурную фразу пра тое, што гэта былі дэбаты кандыдатаў у прэзідэнты. «Карцінка» скончылася, павісла застаўка. За ёй некалькі секунд яшчэ былі чуваць галасы.

Кастусёў казаў: «Дапамажыце нам атрымаць эфірны час»

Нехта з вядучых: «Ды чым мы вам паможам…»

Паводле відавочцаў, у часе праграмы шараговыя супрацоўнікі БТ тоўпіліся ля тэлевізара ў буфеце і ўголас смяяліся, калі дэбаты ішлі «не па сцэнары».

* * *

Гэта быў апошні запланаваны тэлевыступ незалежных кандыдатаў на дзяржаўным тэлебачанні. Будуць яшчэ радыёдэбаты, якія пройдуць 5 снежня. Асабістае прадстаўніцтва кандыдатаў зменшыцца. Некаторыя з іх — напрыклад, Яраслаў Раманчук, Мікола Статкевіч і Дзмітрый Ус — вырашылі накіраваць на перадачу сваіх давераных асобаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?