Перадвыбарная праграма кандыдата ў прэзідэнты Дзмітрыя Уса апублікавана 3 снежня ў дзяржаўных СМІ, у прыватнасці ў «Звяздзе».

 Фота БелаПАН.

Фота БелаПАН.

У праграме гаворыцца, што выбарчая сістэма Рэспублікі Беларусь пабудавана на аснове выбарчай сістэмы Германіі 30-х гадоў ХХ стагоддзя.

«Выбары праводзяцца з апірышчам на мясцовыя выканаўчыя органы ўлады. Так, дырэктары школ, прадпрыемстваў, галоўныя ўрачы паліклінік, бальніц заключаюць кантракты з раённымі выканкамамі і адміністрацыямі раёнаў. Кіраўнікоў вышэйзгаданых прадпрыемстваў і арганізацый абавязваюць станавіцца старшынямі ўчастковых выбарчых камісій. З тымі, хто адмаўляецца, не прадаўжаюць працоўныя кантракты. У выніку гэтага кіраўнікі трапляюць у непасрэдную залежнасць ад мясцовай выканаўчай улады, якая дыктуе, колькі і на якім выбарчым участку павінна быць галасоў за пэўнага кандыдата ў пратаколе падліку бюлетэняў», — адзначае кандыдат у прэзідэнты.

Ус паведаміў, што

4 лістапада накіраваў Аляксандру Лукашэнку адкрыты зварот з прапановай тэрмінова ўнесці ў Выбарчы кодэкс папраўку аб тым,

што кожны кандыдат на пасаду прэзідэнта мае права накіроўваць ва ўчастковыя выбарчыя камісіі свайго прадстаўніка з паўнамоцтвамі падліку бюлетэняў і подпісу пратакола падліку бюлетэняў. «Без гэтай папраўкі не будзе аб’ектыўных выбараў у краіне», — лічыць ён.

У сваёй праграме Ус заяўляе пра неабходнасць аднаўлення адносін з кіраўніцтвам Расіі. «Сёння Беларусь нясе мільярды долараў страты ў сувязі з адмовай Расіі ад транзітаў цераз тэрыторыю нашай краіны (аўтатранзіт, транзіт газу). Прамысловыя прадпрыемствы нашай рэспублікі купляюць газ па трыста долараў за адну тысячу кубаметраў, тады як у 2008 годзе — па сорак пяць долараў за адну тысячу кубаметраў. Сабекошт прадукцыі ў нашай краіне вырас у два разы. Каб знізіць сабекошт прадукцыі, новаму прэзідэнту неабходна тэрмінова ехаць у Расію для перамоў па аднаўленні ўзаемавыгадных эканамічных адносін паміж дзвюма краінамі», — лічыць ён.

Ус прапаноўвае:

— імпартныя прадукты харчавання з краін Заходняй Еўропы, краін СНД не абкладаць мытнымі пошлінамі і акцызамі;

— працоўныя пенсіі павялічыць за кошт фінансавых сродкаў Кіраўніцтва спраў прэзідэнта;

— стварыць спрошчаную сістэму падаткаабкладання ў бізнесе без абмежаванняў па колькасці работнікаў і незалежна ад даходу прадпрыемства;

— стварыць спрыяльную заканадаўчую базу для прыцягнення інвестыцый у Беларусь, якая дазваляе прадпрыемствам-інвестарам быць абароненымі на дзяржаўным узроўні;

— стварыць у краіне аграпрамысловыя комплексы па вырошчванні і перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі;

— аказаць дзяржаўную падтрымку развіццю ў краіне аграэкатурызму, павялічваць цікавасць да гісторыі і культуры нашай краіны;

— аднавіць «прынцып зваротнай сувязі» паміж заканадаўчай уладай і грамадзянамі краіны праз мясцовыя выканаўчыя органы ўлады шляхам выбараў апошніх самімі выбаршчыкамі, а не прызначэннем зверху.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?