Актывіст непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Андрэй Пачобут паведаміў, што камітэт па справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў накіраваў ліст у міліцыю Гарадзенскай вобласьці. У ім праваахоўнікаў просяць праверыць дзейнасьць актывістаў Саюзу палякаў Анжалікі Борыс, Анджэя Пісальніка і Андрэя Пачобута на прыкметы парушэньня артыкулу 382 Крымінальнага кодэксу РБ «Самавольнае прысваеньне званьня альбо ўлады службовай асобы». Максымальнае пакараньне па гэтаму артыкулу складае 2 гады зьняволеньня.

5–6 лістапада, нягледзячы на выхадныя, міліцыянты па гэтай справе правялі цэлы шэраг допытаў актывістаў СПБ у Ваўкавыску, Сапоцкіне і Індуры. Праваахоўнікаў найперш цікавіла дзейнасьць непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў, фінансаваньне Саюзу, кантакты мясцовых старшыняў СПБ з Анжалікай Борыс. Таксама сярод іншага міліцыянтаў цікавіла фінансаваньне, выхад і распаўсюд выданьняў «Magazyn Polski na uchodzstwie» і «Glos znad Niemna na uchodzstwie».

Андрэй Пачобут мяркуе, што новая хваля цікавасьці ўладаў да дзейнасьці Саюзу палякаў зьвязаная з тым, што СПБ бліжэйшым часам думае правесьці ў Горадні паўнавартасную маштабную акцыю ў падтрымку Мечыслава Яскевіча, які з 4 лістапада знаходзіцца за кратамі. Супраць Яскевіча распачалі крымінальную справу па факце нібыта ўчыненай ім бойкі. «Гэта спроба запалохаць на месцах нашых актывістаў, - кажа Андрэй Пачобут. – Каб яны не прыехалі ў Горадню падтрымаць Яскевіча».

Таксама варта нагадаць, што 29 кастрычніка на беларуска-літоўскай мяжы быў затрыманы аўтамабіль у якім ехала Анжаліка Борыс, у машыне быў знойдзены амфэтамін. Цяпер сп.Борыс праходзіць як сьведка ў справе кантрабанды наркотыкаў. Сама А.Борыс лічыць, што наркотыкі ім у машыну былі падкінутыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?