Пачынаючы з 2006 г. да старшынства ў Цэнтральна-эўрапейскай ініцыятыве (ЦЭІ) сталі прыцягвацца краіны, якія дагэтуль ніколі не ўзначальвалі арганізацыю. Яшчэ ў 2004 г. кіраўнікі дзяржаваў ЦЭІ прынялі графік старшынства сваіх краінаў да 2012 г. – Альбанія (2006), Беларусь (2007), Баўгарыя (2008), Малдова (2009), Румынія (2010), Сэрбія і Чарнагорыя (2011), Украіна (2012).

Звычайна старшынства ў міжнароднай арганізацыі – гэта прызнаньне за краінай ейнага актыўнага ўдзелу і асабістага ўнёску ў шматбаковае супрацоўніцтва. Перадусім краіна, на якую ўскладваюцца абавязкі забесьпячэньня дзейнасьці арганізацыі, мусіць на практыцы быць прыхільнай тым каштоўнасьцям, мэтам і задачам, якімі ў сваёй працы кіруецца арганізацыя. Падмуркам старшынства ў міжнароднай арганізацыі служаць ня толькі чаканьні адпаведнага арганізацыйнага ўзроўню краіны, але й вера ў яе дыпляматычныя здольнасьці – уменьне каардынаваць і напаўняць рэальным зьместам заплянаваныя мерапрыемствы. Ускладзеныя лідэрскія функцыі вымагаюць ад прымаючай краіны таксама аказаньне кваліфікаванай экспэртнай дапамогі пры вылучэньні і фармуляваньні агульных праблемаў, пошуку кампрамісных рашэньняў.

Рашэньне аб старшынстве ў ЦЭІ мае сваю асаблівасьць. Акрамя пазьбяганьня нават намёку на нейкі дыскрымінацыйны падыход, у гэтым пытаньні асноўным матывам дзяржаваў ЭЗ, што уваходзяць у склад ЦЭІ, было падштурхнуць іншыя краіны рэгіёну да больш шырокага ўдзелу ў рэгіянальным супрацоўніцтве. У сучаснай замежнапалітычнай дзейнасьці ЭЗ менавіта эканамічныя і палітычныя праблемы краінаў гэтага рэгіёну, а таксама пытаньні барацьбы зь нелегальнай міграцыяй, гандлем жанчынамі, наркатрафікам выклікаюць найбольшую занепакоенасьць Брусэлю.

На сёньня Ініцыятыва ўяўляе сабою адзін з прыкладаў субрэгіянальнага супрацоўніцтва эўрапейскіх краінаў, які ідзе ў рэчышчы пабудовы аб’яднанай Эўропы. Месца і роля ЦЭІ ў вырашэньні гэтай задачы выяўляецца праз дамоўленасьці аб распрацоўцы агульнай праграмы з Эўрапейскім Зьвязам, супрацоўніцтва ў палітычным вымярэньні са структурамі Рады Эўропы і АБСЭ, каардынацыі дзеяньняў зь іншымі субрэгіянальнымі структурамі кантынэнту, рэалізацыі шматлікіх супольных праектаў з Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР). Варта адзначыць, што адкрытая магчымасьць узяць на сябе адказную ролю лідэра адной з эўрапейскіх структураў – надзвычай важны досьвед для краінаў постсавецкага абшару. Асабліва гэта датычыць Беларусі, супрацоўніцтва якой у эўрапейскіх структурах пакуль што самае абмежаванае сярод усіх краінаў-суседак.

Для Беларусі стаць лідэрам у ЦЭІ – унікальны шанец адкрыта прадэманстраваць свой дагэтуль нераскрыты патэнцыял ва ўсіх кірунках дзейнасьці арганізацыі. Бо на штогадовага старшыню ўскладаюцца абавязкі арганізацыі і правядзеньня буйных (у беларускім маштабе) мерапрыемстваў: нарада міністраў замежных справаў, сустрэча кіраўнікоў урадаў, правядзеньне эканамічнага форуму краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Аднак ва ўмовах сёньняшняй палітычнай сытуацыі зусім ня штучным выглядае пытаньне аб тым, а ці спрацуе зацьверджаны кіраўнікамі эўрапейскіх ўрадаў плян старшынства Беларусі ў ЦЭІ.

За апошні год міжнародны аўтарытэт Беларусі быў моцна падарваны з прычыны прызнаньня міжнароднай дэмакратычнай супольнасьцю вынікаў сакавіцкіх «выбараў» несумленнымі і несправядлівымі. Арганізацыя, ход і атмасфэра, у якой праходзілі «выбары», выклікалі хвалю адкрытай крытыкі з боку шматлікіх краінаў, у тым ліку суседзяў, і міжнародных арганізацыяў. Дзеля перасьледу незалежніцкага рабочага руху, прафсаюзаў краіна апынулася пад непасрэднай пагрозай увядзеньня эканамічных санкцыяў з боку Эўрапейскага Зьвязу – аднаго з самых буйных гандлёвых партнэраў Беларусі. Таму, калі паглядзець на геаграфію крытыкаў дзеяньняў беларускіх уладаў, становіцца зразумела, што няма падставаў чакаць зьмястоўнага эўрапейскага кірунку ў замежнай палітыцы Беларусі.

Акрамя Малдовы, крытычныя заявы ЭЗ на адрас беларускага рэжыму, які практыкуе сыстэмны перасьлед дэмакратычных колаў краіны, падтрымалі ўсе дзяржавы, што ўваходзяць у склад ЦЭІ. Гэтыя ж краіны ў траўні 2006 г. упершыню за дзесяць год сяброўства Беларусі ў ЦЭІ ўнесьлі ў афіцыйны дакумэнт міністраў замежных справаў адмысловы параграф, у якім адзначаецца, што «міністры... заахвочваюць Беларусь да прыняцьця ўсяго ад яе залежнага, каб паважаць міжнародныя каштоўнасьці і стандарты, якія падзяляюць дзяржавы-сябры ЦЭІ». Сэнс гэтай тэзы раскрывае сур’ёзнасьць ўспрыняцьця краінамі ЦЭІ таго выкліку, што кінула сёньняшняя Беларусь суседзям, што абралі дэмакратычны шлях разьвіцьця. У гэтым кантэксьце зьвяртае на сябе ўвагу заклік да Беларусі паважаць нават не эўрапейскія каштоўнасьці і стандарты, вартасьць якіх беларускі афіцыёз не аднойчы ставіў пад сумнеў, а наўпрост міжнародныя, пільнавацца якіх Беларусь забавязалася, далучыўшыся да шэрагу адпаведных канвэнцыяў ААН і дакумэнтаў АБСЭ.

Адметна, што падчас таго ж паседжаньня міністры дзяржаваў-сябраў ЦЭІ таксама зазначылі, што «чакаюць ад Беларусі актыўнасьці ў рэгіянальным супрацоўніцтве дзеля пашырэньня свайго ўдзелу ў працэсах эўрапейскай інтэграцыі». Наяўнасьць падобнай фармулёўкі ў канчатковым дакумэнце міністраў сьведчыць толькі пра тое, што ўзровень супрацы беларускага боку ў рабоце эўрапейскай структуры, дзе яна ёсьць паўнавартасным сябрам, зусім недастатковы.

Унясеньне падобных фармулёвак у афіцыйны дакумэнт такога ўзроўню ёсьць выразным сыгналам таго, што надыход беларускай чаргі старшынства ў ЦЭІ можа самым сур’ёзным чынам быць пастаўлены пад пытаньне.

Са складу ўдзельнікаў ЦЭІ вынікае, што ў выпадку вынясеньня пытаньня аб мэтазгоднасьці давяраць Беларусі старшынства ў аб’яднаньні ў 2007 г. амаль што толькі Малдова (Расейская Фэдэрацыя – галоўны заступнік Беларусі на міжнароднай арэне – не ўваходзіць у склад арганізацыі) можа выступіць за захаваньне рашэньня ЦЭІ 2004 г. аб старшынстве бязь зьменаў. Гэта тлумачыцца яшчэ і тым, што ў беларускага боку на такі выпадак маецца «канструктыўная» прапанова для малдаван: не прызнаваць Прыднястроўе як незалежную дзяржаву. Відавочна, што супольнага выступу дзьвюх краінаў будзе дастаткова, каб заблякаваць прыняцьце рашэньня пра скасаваньне графіку старшынства, бо ў ЦЭІ дзейнічае правіла кансэнсусу мінус адзін. Але, калі ўлічыць высокую імавернасьць таго, што міністры замежных справаў і кіраўнікі ўрадаў астатніх 15 краінаў могуць зрабіць «усё ад іх залежнае», каб не прыехаць у Менск на свае штогадовыя нарады ЦЭІ, то такая дыпляматычная перамога можа стацца вялікаю паразаю. Прэцэдэнт такога захаду з боку Эўропы Менск ужо меў «гонар» спазнаць у траўні гэтага году. Нагадаем, што тады на падставе рашэньня Рады ЭЗ аб працягу санкцыяў супраць беларускага кіраўніцтва міністры ўнутраных справаў ЭЗ сабраліся ў Францыі замест заплянаванага рэгіянальнага паседжаньня Інтэрполу ў Беларусі.

Безь перабольшваньня можна сказаць, што ў сярэдзіне лістапада бягучага году падчас сустрэчы кіраўнікоў урадаў краінаў Цэнтральна-эўрапейскай ініцыятывы ў Тыране ў міжнародным жыцьці Беларусі можа адбыцца значная падзея. Але ці гэта будзе станоўча для сучаснай Беларусі? Адказу на гэтае пытаньне засталося чакаць ня доўга.

Карэн Акопаў

Цэнтральная Эўрапейская Ініцыятыва – рэгіянальны форум супрацоўніцтва і кансультацыяў паміж дзяржавамі-сябрамі. У склад ЦЭІ ўваходзяць 17 краінаў : Альбанія, Аўстрыя, Беларусь, Босьнія і Герцагавіна, Баўгарыя, Харватыя, Чэская Рэспубліка, Вугоршчына, Італія, Македонія, Малдова, Польшча, Румынія, Славакія, Славенія, Сэрбія і Чарнагорыя (да чарнагорскага рэфэрэндуму аб незалежнасьці, станоўчы вынік якога спрычыніўся да афіцыйнае заявы Падгорыцы на далучэньне да ЦЭІ), Украіна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0