Кіраўнік беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашоў і вядучы навуковы супрацоўнік навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Юрый Гігіняк вылецелі з Мінска ў Кейптаўн (ПАР). Там яны далучацца да ўдзельнікаў расійскай антарктычнай экспедыцыі і 7 снежня на судне лядовага плавання "Акадэмік Фёдараў" адбудуць на палярную станцыю "Маладзёжная". На гэтай станцыі беларускія навукоўцы падзеляцца: Юрый Гігіняк працягне плаванне на караблі, дзе будзе выконваць біялагічныя і гідралагічныя даследаванні, а Аляксей Гайдашоў адправіцца на месца базавання беларускай антарктычнай экспедыцыі - "Гара Вячэрняя", дзе ацэніць стан навуковага абсталявання і ўсіх сістэм жыццезабеспячэння -- як паўплывалі на тэхніку суровыя антарктычныя ўмовы.

25 снежня Аляксей Гайдашоў адправіцца з "Гары Вячэрняй" на палярную станцыю "Прагрэс", дзе зноў сядзе на карабель "Акадэмік Фёдараў" і да лютага будзе ладзіць на ім азонаметрычныя назіранні. Вяртанне "Акадэміка Фёдарава" з Антарктыды запланаванае на канец лютага.

Чакаецца таксама, што ў студзені наступнага года ў Антарктыду адправяць яшчэ двух беларускіх вучоных. Іх праца будзе арганізаваная на палярнай станцыі "Новалазараўская", дзе айчынныя спецыялісты будуць назіраць за станам і складам атмасферы над Антарктыдай. Гэтыя дадзеныя вельмі важныя для вывучэння сусветнай праблемы змены клімату.

Каб Беларусь змагла стаць кансультатыўнай бокам Дамовы аб Антарктыцы і, такім чынам, прымаць удзел у вырашэнні важных пытанняў, звязаных з гэтым кантынентам, ёй неабходна працягваць там навукова-даследчыя работы. Пакуль паўднёвы мацярык Зямлі абвешчаны зонай навукі і даследаванняў, распрацоўка карысных выкапняў тут забароненая. Аднак не выключана, што праз некалькі дзесяцігоддзяў пачнецца падзел лядовага кантынента, бо ён багаты рознымі мінеральна-сыравіннымі рэсурсамі, у тым ліку вуглевадароднай сыравінай і ўранам.
Вядучыя краіны свету пашыраюць тут свае даследаванні. 48 дзяржаў ужо далучыліся да Дамовы аб Антарктыцы, з іх 29 выступаюць кансультатыўным бакамі.

Антарктыка -- паўднёвая палярная вобласць зямнога шара, у якую ўваходзіць Антарктыда і прылеглыя да яе ўчасткі Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў. Агульная плошча Антарктыкі складае 52 млн кв км. Ва Усходняй Антарктыдзе знаходзіцца полюс холаду Зямлі, дзе ў 1983 годзе быў зарэгістраваны тэмпературны рэкорд - мінус 89,2 градуса. Сярэдняя тэмпература зімовых месяцаў у цэнтры мацерыка складае мінус 65 градусаў, летніх - 40 градусаў ніжэй за нуль. Антарктыда не належыць ніводнай дзяржаве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?