Палітолаг Валер Карбалевіч у інтэрв'ю БелаПАН адзначыў, што першапачаткова фармат тэледэбатаў павінен быў абмяркоўвацца самімі кандыдатамі. «Але выйшла наадварот: дзяржаўная ўлада ў асобе Белтэлерадыёкампаніі спрабавала навязаць кандыдатам свой сцэнар. І падчас саміх тэледэбатаў ішла спрэчка аб іх фармаце. Нармальныя дэбаты так не праходзяць», — адзначыў Карбалевіч.

Ён пагадзіўся, што кандыдатам у прэзідэнты ўдалося зламаць нарыхтаваны сцэнар: «У вядучых была задача зладзіць канкурэнцыю паміж кандыдатамі і нават сварку. Яны спрабавалі патапіць тэледэбаты ў нейкіх прыватнасцях. А кандыдаты спрабавалі перавесці дыскусію ў больш глабальную плоскасць — ці магчымыя ў Беларусі сумленныя выбары, ці ёсць права выбару ў народа».

Па словах Карбалевіча, апазіцыйныя кандыдаты змаглі ператварыць тэледэбаты ў яшчэ адзін выпад супраць дзейнай улады і Лукашэнкі. «І яны правільна зрабілі, што абралі такую тактыку. Ім удалося навязаць свой сцэнар. Перш за ўсё Някляеву, які пакінуў студыю, Саннікаву, Статкевічу, Кастусёву, які адмовіўся ад дыскусіі з іншымі кандыдатамі», — адзначыў палітолаг.

У той жа час, сказаў Карбалевіч, падчас тэледэбатаў ў такім фармаце кандыдатам у прэзідэнты было немагчыма прыцягнуць на свой бок частку электарату. «Пры такіх тэледэбатах і за такі кароткі час гэта была неразвязальная задача, якім бы таленавітым ні быў кандыдат у прэзідэнты», — адзначыў Карбалевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0