На сайце «Веб-журналист», дзе вучацца пісаць для інтэрнэт-выданняў студэнты журналісцкага факультэта БДУ, з’явіўся каментар, прысвечаны тэледэбатам кандыдатаў у прэзідэнты. Ён называецца «Журналістам можаш ты не быць…». Аўтар разглядаў паводзіны вядучых БТ з прафесійнага пункту гледжання.

«Мець журналісцкае пасведчанне — гэта яшчэ не значыць, быць журналістам, — піша Руслан Ігнатовіч. — Вядучыя гэтым разам у наўпростым сэнсе дыскрэдытавалі сваю прафесію, як ніколі зрабіўшы актуальным яе характарыстыку як другой старажытнай.

„Астапаў панесла“ ўжо на самым пачатку тэледэбатаў. Адразу пасля таго, як студыю вырашыў пакінуць Уладзімір Някляеў.

Паэт і кандыдат на пасаду прэзідэнта скарыстаўся сваім правам. Сапраўды так, дарэчы, як Аляксандр Лукашэнка. А што пачуў у адказ?
„Што ж, калі кандыдат думае, што пустая трыбуна яго праграму прадставіць лепш за яго, дык няхай так і будзе“. А потым Андрэй Крывашэеў услых ледзь не распавёў анекдот пра паручніка Ржэўскага, які яму нібыта нагадаў сыход Някляева са студыі…

Якая вашая справа да таго, што чалавек сышоў?

Хіба ў падобных сітуацыях журналіст не павінен быць абсалютна нейтральным?
А вашыя спробы ўступіць у спрэчку з кандыдатамі — як гледачу вас разумець? Ці вы, спадар Крывашэеў, асаблівы толькі на той падставе, што журналісцкай адукацыі не маеце? Бо гэта вы прызналіся на сайце свайго роднага БНТУ аб сямі гадах у прафесіі, якой вы не выбіралі, якой вас не вучылі, але якая для вас — усё».

Аўтар артыкула раіць Андрэю Крывашэеву, пакуль малады, паступіць на журфак БДУ: «Хутчэй за ўсё, вас і тут журналістыцы не навучаць, але нейкія асновы прафесійнай этыкі ўсё ж прышчэпяць… Заадно захапіце з сабой і таварыша Пракопава, каб адному сумна не было».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?