Першы намеснік кіраўніка прэзідэнцкай Адміністрацыі Наталля Пяткевіч у эфіры беларускай версіі тэлеканала «Расія» (!) назвала пазіцыю Расіі «цалкам хібнай».

Гэта здарылася ў суботу, 4 снежня. На тэлеканале «РТР-Беларусь», які, па сутнасці, з’яўляецца, злёгку падрэдагаванай мясцовай версіяй тэлеканала «Расія», выйшла праграма «Карціна свету», падрыхтаваная тутэйшымі палітбайцамі. У ёй узяла ўдзел і Наталля Пяткевіч.

Тое, што першы намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі неўхвальна адгукнулася пра апазыцыйных кандыдатаў, было цалкам прадказальна. А вось выпадаў на адрас суседняй дзяржавы мы раней ад яе не чулі. Як паведамляе www.interfax.by, Наталля Пяткевіч заявіла, што Расія спрабуе рэалізаваць свае імперскія амбіцыі, фінансуючы апазіцыйных кандыдатаў на выбарах прэзідэнта Беларусі.

— Глыбока перакананая і заўсёды прытрымлівалася гэтага пункту гледжання, што прычына ўсіх нейкіх шараханняў, фінансавання альбо спробаў і ўсяго таго, што дзеецца — гэта былыя імперскія амбіцыі вялікай дзяржавы, якая хоча іх аднавіць хоць недзе і выглядаць крутой, — сказала Пяткевіч. — Цалкам хібная пазіцыя.

Заява першага намесніка кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі не прайшла незаўважанай. Хоць афіцыйнай рэакцыі Масквы не было (ва ўсякім разе, на момант дадзенай публікацыі), шэраг расейскіх СМІ працытавалі Наталлю Пяткевіч, суправадзіўшы яе словы загалоўкамі кшталту «Атачэнне Аляксандра Лукашэнкі абрынулася з новай крытыкай на адрас кіраўніцтва Расіі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?