У Пскоўскай вобласьці Расеі – пяць кілямэтраў ад Сітна – днямі абвесьцілі надзвычайнае становішча. Эпідэмія таксычнага гепатыту. Калі па-простаму, люд дзясяткамі мрэ ад новага, надзвычай пякучага «максімкі». У мінулы чацьвер вечаровыя навіны ОРТ (у Сітна ідзе менавіта расейскі канал, не перакрыты кісялёўскім АНТ) пачаліся з гэтага рэпартажу. У кадры шэрагі каністраў з тэхнічным сьпіртам-шклоачышчальнікам і знаёмай этыкеткай. Адразу клічу суседзяў: «Максімку» па тэлеку паказваюць». «Хімікі» некалькі хвілінаў моўчкі глядзяць, як курчацца на ложках у пскоўскіх шпіталях атручаныя алькаголем, а потым пачынаюць згадваць: «Чуеш, а сёньня ж і праўда Юрка травануўся, за жывот трымаўся, ледзь у ватоўку залез!..» «А там бачыў, хтось ганак зарыгаў...» «Гэта ж адтуль, з Пскоўшчыны. Да нас вязуць, халера!..»

Навіна разьляцелася па вёсцы імгненна.

Падумалася: ну хоць гэтыя выходныя абыдуцца бяз п’янкі.

Але калі тым жа вечарам аб 11-й у дзьверы пашкробся і на карачках запоўз нейкі шчасьлівы босы вясковец, зрабілася зразумела, што Сітна ніякім таксычным гепатытам не напалохаць. Ўік-энд быў ударны: апроч бяссоннае ночы зь пятніцы на суботу і трох каністраў «максімкі», сканфіскаваных майстрыцай у інтэрнаце ў нядзелю, паўз усю Лясную вуліцу на выходных былі шырока раскіданыя чыесьці сарочкі, нагавіцы, цяльняшкі ды шкарпэткі; двох «хімікаў» эвакуявалі ў камэндатуру, да паўсьмерці ўпілася ды застудзілася, лежачы на зямлі 70-гадовая бабуля, а леспрамгасаўскі кранаўшчык адправіў у рэанімацыю знаёмага субутэльніка-лесьніка.

«Чаму вы гэта п’яцё?! – жахаюся, прытрымліваючы аднаго з «гатовых» рабочых па дарозе да вахтоўкі. – Што, памерці так хочацца?» «А мы не баімся!» – нечакана выпростваецца й выпінае грудзі той.

П’яны беларус, які не баіцца памерці: стоеная мужнасьць ці адчайнае вычварэньне?

Падобная ж гісторыя пару тыдняў таму адбылася ў Алёшчы з сухотамі. Там аб’явіўся хлопец, што ўцёк з сухотнага шпіталю ў Багушэўску. Бадзяўся, кашляў па ўсёй вёсцы. Пасьля тэлефанаваньня растрывожанай жыхаркі прыехалі полацкія мэдыкі і схапіліся за галаву. Толькі за дзень па хатах знайшлі тры асяродкі заражэньня; адправілі некалькіх алёшчынцаў у Полацак на аналізы, а таксама загадалі шчыльна забіць дошкамі студню ля эстакады й тэрмінова закапаць, ды паглыбей, агульныя вёдры ды кубкі, зь якіх пілі рабочыя.

Вядома, ніхто нічога закопваць ды забіваць ня стаў. Амаль уся брыгада, за выняткам двох-трох «чысьцюляў», дагэтуль п’е з тых вёдраў і кубкаў ваду забароненае студні. На папярэджаньні адказваюць зухавата: «Падумаеш, палачка Коха... У нас тут бервяно шпальніку, бывае, з эстакады як лясьне!..»

Уражвальнае геройства.

Але ж як розьніцца яно ад таго выкліку, што кідаюць сьмерці прафсаюзная актывістка з Бабруйску Алена Захожая, калі месяц галадае за права зарэгістраваць пярвічную суполку на «Белшыне», або Аляксандар Казулін, які дамагаецца разгляду беларускага пытаньня ў ААН; Павал Красоўскі, які працягвае змаганьне пасьля пачварных абвінавачваньняў у тэрарызьме й забойствах; вернікі «Новага Жыцьця», якіх аднаго пры адным адвозяць у рэанімацыю!

Беларускі супраціў за апошнія паўгоду абвастрыўся да самай мяжы жыцьця і сьмерці. Падобна, што столькі гатовых аддаць жыцьцё ў Беларусі не было нават падчас апошняе вайны. Прычым адныя лёгка, нават будзённа, зь нейкай д’ябальскай цягаю да самагубства, п’юць атруту ці ўдыхаюць сьмяротныя бацылы, а іншыя з хрысьціянскай самаахвярнасьцю ў масавым парадку адмаўляюцца ад ежы ці пагарджаюць пажыцьцёвымі турэмнымі кратамі – каб у канчатковым выніку ўратаваць ад павальнага суіцыду тых, першых.

Колькі разоў мы ўжо чулі, што правадыры рэжыму гатовыя насьмерць біцца за гэтую ўладу. Цяпер мы бачым гатовых аддаць жыцьцё, каб іх спыніць. І бачым народ, для якога лягчэй памерці, чым жыць гэтак.

Набліжэньне чаканьняў і настрояў да крытычнага роўню, да кульмінацыйнага піку «быць ці ня быць» – прадвесьце галоўнае бітвы і духоўнага пералому ў беларускім грамадзтве. Бо менавіта пытаньні жыцьця і сьмерці прыводзяць чалавека і нацыю да самых важных адкрыцьцяў. Пакаяньня. Адкупленьня. Веры ў Бога. «Ва ўладзе Госпада Ўладыкі брама сьмерці!» (Псальмы, 67:21).

Толькі ў такім экзыстэнцыйна-памежным стане народ здольны ўсьвядоміць, як Ісус Хрыстос аддаў жыцьцё за ўсіх і кожнага на крыжы – і толькі пасьля выпрабаваньня ахвярнасьцю можа прыняць Ягоны бел-чырвона-белы сьцяг як сымбаль найвышэйшай любові. Бо «Няма любові большае за тую, калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх», – сьцьвярджае Эвангельле паводле Яна, 15:13.

Беларусы з усё большай прагаю асвойваюць гэтую навуку Збаўцы – як аддаваць сябе за іншых. А значыць, рыхтуюцца перамагаць сёньняшнюю паўсюдную гатовасьць памерці нацыянальным абуджэньнем.

в.Малое Сітна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?