Пры адкрыцьці Ўсебеларускага сходу Аляксандар Лукашэнка вітаў яго ўдзельнікаў ад імя беларускага народу. Каго ж тады прадстаўлялі яны? Але гэта не адзіная і не галоўная паэтычная вольнасьць маратону ля мікрафону.

Прамова не гучала як перадвыбарчая — проста нязьменны правадыр ставіў задачы і даваў абяцаньні.

Аднак выбарчы кантэкст прарываўся, калі прамоўца, не называючы імёнаў, адказваў сваім апанэнтам-канкурэнтам. Але пры гэтым многія ягоныя закіды насамрэч можа было закінуць і самому прамоўцу.

Ужо зараз відавочна, што абвінавачваньне апазыцыйных кандыдатаў у папулізьме стане хіба не галоўнай лініяй контратакі. Лукашэнка красамоўна распавядаў пра бездапаможнасьць апанэнтаў у адказах на пытаньне, дзе ўзяць грошы на іх шчодрыя абяцаньні.

Справа ня ў тым нават, што ў 1994 годзе на пытаньне прэм’ера Кебіча, як ён зьбіраецца запусьціць заводы, кандыдат у прэзыдэнты Лукашэнка адказваў:«Я ведаю як». Бо і зь сёньняшняй прамовы было незразумелым, як будуць дасягнутыя мэты, пастаўленыя ім.

Адкуль возьмуцца грошы на мадэрнізацыю, на перабудову нацыянальнай эканомікі?

Навідавоку была супярэчнасьць паміж базавым тэкстам урадавай праграмы, на якой грунтаваўся дакладчык, і яго асабістымі эмацыйнымі «адрывамі» ад тэксту.

У гэтых «адрывах» прадпрымальніцтва трактавалася не як рухавік, не як мэханізм зьмены эканомікі, а як досыць экзатычная, у чымсьці нават карысная зьява, якую дзяржава па сваёй дабрыні не зьбіраецца нішчыць. Лукашэнка з гонарам казаў пра тое, што сустракаецца з кожным замежным бізнэсоўцам, які мае намер укладаць грошы ў беларускую эканоміку. Але гэта наўрад ці сумяшчальна з шырокім патокам замежных інвэстыцыяў.

Гэтак жа трактавалася і прыватызацыя — не як інструмэнт зьмены прыроды нацыянальнай эканомікі, а як нешта, што можна рабіць, а можна і не рабіць, што трэба абстаўляць шматлікімі ўмовамі і разглядаць кожны выпадак асобна і грунтоўна.

Пра што Лукашэнка казаў шчыра і ад душы — дык гэта пра дысцыпліну і парадак, якія могуць на 20% падвысіць эфэктыўнасьць вытворчасьці.

Падыход цалкам натуральны ў межах створанай у Беларусі мадэлі. Але тады застаецца незразумелым, за кошт чаго і ў якім накірунку яе трэба мяняць.

Значная і хіба ня самая важная частка прамовы была прысьвечаная беларуска-расейскім адносінам. На адрас Расеі была пушчаная чарговая порцыя крытычных стрэлаў, Лукашэнка не хаваў крыўды на тое, што ў пасланьні фэдэральнаму сходу прэзыдэнт Мядзьведзеў нават не ўзгадаў Беларусь, але патас палягаў у тым, што з Расеяй усё ў Беларусі будзе добра, усё наладзіцца, што ніякага разрыву няма. Гэтыя супакойваньні прамоўца факусавана адрасаваў залі, якая глядзела «Хроснага бацьку» і чула крамлёўскія папярэджаньні. Гледзячы па ўсім, менавіта гэты разрыў з Крамлём, ці ягоны вобраз, ствараюць вялікую небясьпеку для прамоўцы.

У гэтым сьвятле нават камічна гучалі словы пра тое, што на саміце АБСЭ ў Астане ўсе ўбачылі, як супольна трымаюцца Беларусь і Расея. Здавалася б, усе ўбачылі, што расейскі лідэр ухіліўся ад камунікацыі са сваім беларускім калегам. Але чаго ня скажаш у паэтычным натхненьні!

Пры гэтым рабіліся празрыстыя намёкі на тое, што калі Расея будзе ўпарціцца, то «Беларусь не застанецца бясхознай», гэта «ласы кавалак для ЭЗ і ЗША». Такое ўсьведамленьне пра ўласную краіну ня надта стасавалася з годным заклікам «пазбаўляцца ад лёкайскай псыхалёгіі», але ізноў жа — хто ж патрабуе ад паэзіі лягічнасьці?

Цікавым быў фрагмэнт пра апору на ўласныя рэсурсы. Гэта — ускоснае сьведчаньне таго, што стасункі з Расеяй усё ж наўрад ці вернуцца на ранейшы ўзровень, калі ўсе патрэбы расейскімі рэсурсамі і забясьпечваліся.

Яркім момантам быў зварот да апазыцыйных кандыдатаў: «Можаце выводзіць людзей на плошчу, краіну вы не атрымаеце, мы не дадзім вам яе разьдзерці, яна нам дорага каштавала».

«Мы» — гэта хто? Адзін з кандыдатаў у прэзыдэнты — іншым?

Прамовы Лукашэнкі падчас мінулых выбараў пакідалі ўсё ж больш цэласнае ўражаньне. Тады была пэўная яснасьць: ідзем наперад правільным шляхам, беларускі цуд бездакорны, будзем працаваць і ўсё атрымаецца, а падступнаму Захаду і ўнутраным ворагам дамо рады.

Цяпер і сам Лукашэнка ўсьведамляе, што нешта трэба мяняць. А вось як? Ці то рыфмы скончыліся, ці то адказы састарэлі, толькі адзінадушныя аплядысмэнты засталіся нязьменнымі.

Пакуль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?