Пасол Расеі ў Менску Аляксандар Сурыкаў не прагназуе напружанасьці паміж Беларусьсю і Расеяй па пытаньнях пастаўкі ў 2011 годзе нафты і газу.

«Кантракт па газу ёсьць», — заявіў Сурыкаў журналістам у Менску, адказваючы на пытаньне пра магчымасьць беларуска-расейскай напружанасьці «пад Новы год» вакол паставак энэрганосьбітаў.

«Цяпер абодва бакі працуюць над тэмай аднолькавага выхаду на роўнадаходныя цэны па газу ў 2015 годзе. Гэта галоўная тэма — змантаваць нашы дзеяньні на 2012–2015 гады ў газавай сфэры. Гэта галоўная тэма, там трэба будзе яшчэ пагаварыць, маючы кантракт на 2011 год», — адзначыў А. Сурыкаў, перадае Інтэрфакс.

Пасол ня выключыў, што з боку Беларусі быў зварот, каб захаваць дзейныя цэны на газ на будучы год.

Але расейскі бок «пакуль заяўляе цьвёрдую прыхільнасьць да кантракту».

«У нафтавай сфэры ў нас дзейнічае пратакол. Абодва бакі пацьвердзілі жаданьне не выходзіць зь яго, і ён пакуль дзейнічае на 2011 год», — нагадаў дыплямат.

Ён адзначыў, што «ідзе падпісаньне і магчымая ратыфікацыя дакумэнтаў па адзінай эканамічнай прасторы, якая можа дэмантаваць нафтавае мыта, зьняць яго з усяго аб’ёму нафты».

«Гэта значыць, магчымая зьмена ў лепшы бок. Зь якога пэрыяду 2011 году — я не бяруся пакуль ацэньваць. Як хутка гэтыя дакумэнты будуць прынятыя, падпісаныя і ратыфікаваныя — залежыць ад беларускага боку. Тых дзеяньняў, пра якія ўчора казаў у сваім дакладзе Аляксандар Лукашэнка, — што пад Новы год усялякія „замарочкі“, — у гэтым годзе не спатрэбіцца», — дадаў А. Сурыкаў.

Таксама Сурыкаў адзначыў, што

«Газпром» пабойваецца ўціску сваіх інтарэсаў у «Белтрансгазе» і стварыў «дачку», каб забясьпечыць транзыт праз Беларусь.

«Газпром» стварыў «дачку», якая пакуль сьпіць, але магчыма яе пераўтварэньне ў дзейную «дачку», калі яго пачнуць прыціскаць у сумесным прадпрыемстве зь «Белтрансгазам». А пакуль яна сьпіць і ні на што не ўплывае», — заявіў Сурыкаў.

«Газпром» у лістападзе заснаваў кампанію-дачку для выкананьня функцый апэратара беларускага ўчастку газаправоду Ямал-Эўропа — «Газпром трансгаз Захад».

Цяпер гэтыя функцыі выконвае «Белтрансгаз», у якім «Газпрому» належыць 50%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?