Беларускія FM-радыёстанцыі адмаўляюцца размяшчаць у эфіры агітацыйны ролік за кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Пра гэта паведаміла юрыст Раіса Міхайлоўская.

Паводле яе слоў, Някляеў планаваў рэкламаваць сябе ўсімі магчымымі спосабамі, у тым ліку — традыцыйнымі рэкламнымі сродкамі: былі запланаваныя радыёролікі, рэклама бягучым радком. «Аднак большасць беларускіх FM-станцый адмовіліся ад размяшчэння радыёроліка Някляева. Хто — без тлумачэння прычын, хто — спаслаўшыся на нежаданне размяшчаць палітычную рэкламу», — адзначыла Міхайлоўская.

Рэкламу кандыдата ў прэзідэнты адмовіліся размяшчаць «Рускае радыё», «Радыё ВА», «Радыё Рокс», «Альфа радыё», «Юністар».

«Прычыны адмовы — розныя. Больш сумленна чым астатнія адказаў тэлеканал ВТВ, прызнаўшыся, што палітычную рэкламу размяшчаць баяцца», — сказала Міхайлоўская.

Акрамя гэтага, паводле яе слоў, размясціць рэкламныя матэрыялы адмовіўся інтэрнэт-сайт «Комсомольской правды» в Белоруссии».

Рэкламны ролік для размяшчэння ў аўтобусах сталічнага маршруту № 100 праходзіць доўгае ўзгадненне ў ідэалагічным аддзеле Мінгарвыканкама, бо гэта лічыцца палітычнай рэкламай.

«Купля рэкламнага часу на радыё і тэлебачанні дазволена, і яна аплачваецца з выбарчага фонду кандыдата ў прэзідэнты. Аднак нашы СМІ настолькі запужаныя, што адмаўляюцца размяшчаць рэкламу. Акрамя таго, гэтае пытанне мы абмяркоўвалі ў Цэнтрвыбаркаме. Але кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына, спаслаўшыся на закон аб СМІ, заявіла, што рэдакцыі СМІ самастойна вызначаюць рэдакцыйную палітыку, і ЦВК не мае права даваць ім нейкія рэкамендацыі», — сказала Раіса Міхайлоўская.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?