Упершыню аб Wikileaks і Джуліяну Асанджу свет даведаўся адносна нядаўна — летам 2010 года. Тады на сайце аўстралійскага хакера былі размешчаныя сто тысяч сакрэтных дакументаў, датычных аперацыі ЗША ў Афганістане.

 Джуліян Асандж, фота daylife.com

Джуліян Асандж, фота daylife.com

Гэта мела эфект выбуху вялізнай бомбы

— ЗША аказаліся ў цэнтры сусветнага скандалу. Дакументы з Wikileaks раскрывалі метады і сродкі вядзення вайсковых аперацый. Аднак Афганістан быў толькі пачаткам…

У канцы лістапада Wikileaks ізноў грымнуў на ўвесь свет. На гэты раз сайт аўстралійца заявіў аб паступовай публікацыі сакрэтнай перапіскі амбасадаў ЗША з усяго свету з Дзярждэпам. Вядучыя СМІ свету напоўніліся скандальнымі загалоўкамі, а ЗША аказалася ў цэнтры сапраўднага сусветнага скандалу. Асанджа ўмомант назвалі «інфармацыйным тэрарыстам», а яго сайт зведаў моцныя хакерскія атакі. Праз тыдзень пасля пачатку публікацый сакрэтных дакументаў Асандж быў затрыманы ў Лондане Скотланд Ярдам па просьбе паліцыі Швецыі. Ён, нібыта, згвалтаваў грамадзянку гэтай краіны. Затрыманне заснавальніка Wikileaks канчаткова ператварыла яго ў супергероя ў вачах мільёнаў людзей. Дык хто ён насамрэч — тэрарыст, альбо змагар за свабоду слова?

Ад звычайнага хакера да змагара за праўду.

Джуліян Ассандж нарадзіўся ў 1971 г. у аўстралійскім горадзе Таўнсвіл. Дзяцінства прайшло ў пастаянных раз’ездах. У 16 гадоў Асандж захапіўся камп’ютэрным праграмаваннем і стаў працаваць у сетках, якія папярэднічалі інтэрнэту. Першыя праблемы з законам пачаліся ўжо ў 1991 годзе, калі Асанджа і некалькі іншых хакераў арыштавалі за ўзлом цэнтральнага сервера канадскай тэлекамунікацыйнай кампаніі Nortel. Пасля некалькіх допытаў ён прызнаў сябе вінаватым па ўсіх 25 пунктах абвінавачвання. Яму пагражала 10 гадоў турмы, але Асандж абышоўся штрафам, давёўшы, што яго дзеянні не неслі пагрозы для грамадства.

У 1997 г. Джуліян Асандж упершыню выступіў як прадвеснік новага хакерскага руху з выразнай палітычнай афарбоўкай. Ён апублікаваў кнігу «Падполле: гісторыі аб хакерстве, вар’яцтве і апантанасці на новым электронным фронце». У кнізе распавядалася аб першых хакерскіх атаках і абгрунтоўвалася грамадская важнасць з’явы ў цэлым.

У 2006 годзе Асандж зрабіў тое, што прынясе яму сусветную папулярнасць праз чатыры гады — заснаваў сайт Wikileaks. «Для таго, каб радыкальна змяніць паводзіны рэжыму, мы павінны думаць ясна і выразна. (…)

Чым больш сакрэтнай і несправядлівай з’яўляецца арганізацыя, тым большую параною ў яе кіраўніцтва выклікаюць уцечкі. (…)
Паколькі несправядлівыя сістэмы ў сілу сваёй прыроды стымулююць з’яўленне апанентаў, масавыя ўцечкі робяць іх выключна падатлівымі перад тымі, хто шукае спосаб замяніць іх больш адкрытымі сістэмамі кіравання», — сцвярджаў Асандж у своеасаблівым маніфесце Wikileaks.

Робін Гуд нашага часу?

Летам 2010 года аўстралійскі хакер пачаў ажыццяўляць задуманае. Асандж адправіў на адрасы Al Jazeera, The Guardian, Der Spiegel і The New York Times каля 100 тысяч сакрэтных дакументаў аб ходзе вайны ў Афганістане. Пасля публікацыі дакументаў Wikileaks і яго заснавальнік сталі сніцца амерыканскім вайсковым чыноўнікам у кашмарах.

Позняй восенню таго ж 2010 Джуліян Асандж ізноў стаў героем і антыгероем адначасова. На гэты раз не толькі ў маштабе ЗША, але нават усяго свету. 250 тысяч дыпламатычных справаздач Дзярждэпу ЗША з амбасадаў, размешчаных у большасці краін планеты — гэта насамрэч бомба, эфект якой не здольны ацаніць нават сам Асандж. «Дакументы паказваюць, што ЗША шпіёніць за сваімі саюзнікамі і ў ААН, ігнаруюць карупцыю і парушэнні правоў чалавека ў краінах-васалах, уступаюць у таемную змову з нейтральнымі краінамі, лабіруюць інтарэсы амерыканскіх карпарацый. Яны раскрываюць супярэчнасці паміж словамі і справамі Амерыкі.

Калі грамадзяне дэмакратычнай дзяржавы хочуць, каб іх урад выконваў іх пажаданні, яны павінны часцей правяраць, што робіцца за кулісамі.
Амерыканскіх школьнікаў вучаць, што першы прэзідэнт ЗША Джордж Вашынгтон ніколі не хлусіў. Калі б адміністрацыя яго апошніх пераемнікаў карысталася гэтым прынцыпам, сённяшняя ўцечка магла б толькі злёгку збянтэжыць іх. Але ўрад ЗША звярнуўся да ўрадаў — нават загадзя карумпаваных — усіх краін свету, папярэджваючы іх пра ўцечку і рыхтуючы да рэакцыі на яе», — заявіў Асандж перад публікацыяй сакрэтных дакументаў амерыканскага Дзярждэпу.

Заява Асанджа прываблівае сваёй прыгажосцю. Свабода слова і права на інфармацыю — неад’емная частка дэмакратычнага грамадства. З іншага боку нельга адмаўляць неабходнасць існавання сакрэтных дакументаў, прызначаных для ўнутранага карыстання спецслужбаў і дзяржаўных органаў. У святле гэтага публікацыі Wikileaks не толькі праліваюць святло на міжнародную палітыку, але таксама будуць аб’ектам падазрэнняў. Ці насамрэч магчыма атрымаць сакрэтную перапіску без ведама амерыканскіх спецслужбаў? Каму больш шкоды прынясуць дакументы Дзярждэпа? Чаму публікацыя дэпешаў супадае па часе са знакавымі падзеямі ў самых розных краінах і падобная на добра спланаваную акцыю па ўкідванні кампрамату? Чаму некаторыя СМІ (часам зусім невядомыя) маюць прыярытэт у публікацыі матэрыялаў Wikileaks, што ў сваю чаргу выдатна ўплывае на павелічэнне іх накладаў? І нарэшце самае галоўнае пытанне, каму выгадная публікацыя такой велізарнай порцыі кампрамату?

Альбо наступны Бін Ладэн?

Знайсці адказы на гэтыя пытанні значна складаней, чым захапляцца мужнасцю і адвагай Асанджа, які адным махам паставіў свет з ног на галаву. Яно і зразумела — усім хочацца верыць ў шляхетнага злачынца Робін Гуда, які змагаецца з абнаглеўшай уладай. Хай яго спосабы не зусім законныя, але вынік адназначна пазітыўны. Магчыма, мае рацыю міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, які заявіў наступнае: «На маю думку, публікацыі Wikileaks прывядуць да таго, што ўсе будуць больш асцярожныя. Цяпер публічна нельга сказаць нічога цікавага ці, не дай божа, якога моцнага слоўца, бо гэта потым паўтораць у скажоным выглядзе і чаго тады дзівіцца, што запанавала правільнасць, паўтаральнасць і нуда. Здаецца, тое самае чакае дыпламатыю. (…)

Джуліян Асандж, дэкларуючы спрыянне свабодзе выказванняў, насамрэч яе абмяжоўвае, гэта Оруэл у квадраце. Праз некаторы час ужо цяжка будзе весці любыя размовы з саюзнікамі.
І ўлічыце, што я цяпер гавару не пра аўтарытарныя краіны. Супрацоўнікі Wikileaks пра таямніцы Паўночнай Карэі і Ірана даведацца не змаглі, а калі б і даведаліся, б’юся аб заклад, што не апублікавалі б, таму што мы ведаем, што з імі сталася б. Гэта ўдар па свабодным свеце і свеце адкрытага грамадства, дзе свабода слова лічыцца найвышэйшай каштоўнасцю. Гэта ўдар па свабодзе слова».

Хто ж ён, Джуліян Асандж? Адказ на гэтае пытанне дасць час. Ужо праз некалькі месяцаў можна будзе ацаніць першыя вынікі самага вялікага зліву сакрэтнай інфармацыі ў гісторыі. Больш грунтоўныя змены ў міжнароднай палітыцы і дыпламатычных працэдурах адбудуцца пазней і, хутчэй за ўсё, застануцца незаўважнымі для недасведчаных асобаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?