Даўно мінулі тыя часы, калі ўсё выглядала так добра — і так кепска — для апазіцыі. Піша Роджэр Патоцкі.

19 снежня апазіцыя, здавалася б, мае добрую магчымасць кінуць выклік Аляксандру Лукашэнку. Аўтарытарны кіраўнік рабіў стаўку на абяцанні «квітнення і стабільнасці», але ў Беларусі на дадзены момант няма ні таго, ні другога.

Лукашэнка часта называў апазіцыю ворагамі народа, але сёння апазіцыя паказвае, што перадусім яна люты вораг сама сабе. Яна не змагла аб’яднацца вакол адзінага кандыдата або прапанаваць узгодненае бачанне краіны. Замест гэтага лідары апазіцыі задавальняюць свае індывідуальныя амбіцыі і вузкія інтарэсы.
І хоць рэжым слабейшы, чым у 2006, тое самае можна сказаць і пра дэмакратычную апазіцыю.

Абяцанкі-цацанкі

Праграмы апазіцыйных кандыдатаў, як правіла, сканцэнтраваныя на абяцаннях і бедныя на канкрэтыку. Платформы, прадстаўленыя на тэлебачанні і радыё, з’яўляюцца мешанінай з папулісцкіх абяцанняў «выратаваць беларусаў ад вымірання», спыніць будаўніцтва лядовых палацаў і забяспечыць усіх чаркай і скваркай.

Ёсць, вядома, і сур’ёзныя прапановы па такіх ключавых пытаннях, як прыватызацыя, геапалітычная арыентацыя, валюта, дэмаграфічны спад, дзяржаўныя субсідыі і льготы, канстытуцыйныя рэформы… Але колькасць новых «куміраў» і іх ідэяў дэзарыентуе.

Адзіная праграма апазіцыі, прапанаваная адзіным лідарам апазіцыі, выглядала б прывабнейшай.

Адзін за ўсіх, усе за аднаго

Якім чынам апазіцыя дала ўцягнуць сябе ў гэтае сюррэалістычнае рэаліці-шоу? Ахілесавай пятой дэмакратычнага руху Беларусі заўсёды была адсутнасць адзінства і агульных дзеянняў. І хоць раскол апазіцыі быў нормай у многіх іншых краінах постсавецкай прасторы, на гэтую заразу асабліва пакутуе Беларусь.

Рэжым разрозненасцю апазіцыі ўмела маніпуляваў. Няздольныя своечасова прыйсці да згоды адносна адзінага кандыдата, каб гэты чалавек мог умацаваць свае пазіцыі, стварыць платформу і звярнуцца да грамадскасці, лідары апазіцыі спрабавалі прывязаць кожнае асобнае рашэнне да пэўнага этапу кампаніі.

Спачатку было абвешчана, што, паводле плана, адзіны кандыдат будзе выбраны з ліку тых, хто змог сабраць найбуйнейшую ініцыятыўную групу, тых, хто здолеў сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў, або тых, хто быў зарэгістраваны ЦВК. У адказ на гэта ўлады раптам зарэгістравалі амаль усіх кандыдатаў. У адрозненне ад 2001 ці 2006 года, ціск спецслужбаў быў мінімальны. Хто хацеў быць кандыдатам, ім стаў, у тым ліку некалькі даволі падазроных персанажаў. Журналіст Аляксандр Класкоўскі назваў гэта «тэатрам абсурду».

План Б

Стратэгія рэжыму палягае на тым, каб перашкодзіць пратэставаму электарату згуртавацца вакол чалавека, які будзе ўвасабляць апазіцыю, як гэта было ў 2006 годзе. Рэжым далёка не стварае новага Мілінкевіча — ён спрабуе вярнуць сітуацыю да 2006 года, калі апазіцыяй кіравалі адносна малавядомыя людзі.
Вялікая колькасць супернікаў дыскрэдытуе паняцце альтэрнатывы Лукашэнку і робіць цяжэйшым выбар для электарату, які хоча пераменаў і падаў бы голас супраць Лукашэнкі. Як адзначыў каментатар Дзяніс Лаўнікевіч, «рашэнне пра рэгістрацыю амаль усіх было невыпадковым. Гэта дазваляе „патапіць“ мацнейшых кандыдатаў у слабейшых».

Кандыдаты вырашылі прыняць План Б, мінімалісцкую стратэгію сумесных дзеянняў. Яны пагадзіліся супрацоўнічаць адзін з адным, унікаць крытыкі адзін аднаго і ў дзень выбараў узяць удзел у акцыі пратэсту супраць меркаванай фальсіфікацыі выбараў. Але яны не здолелі выканаць нават гэтых абяцанняў. Хоць Някляеў і Саннікаў правялі прэс-канферэнцыю, каб абвясціць «беларускі тандэм», супрацоўніцтва не выходзіць за межы фотааб’ектываў.

Нават на акцыю пратэсту 24 лістапада, якая была абвешчаная «генеральнай рэпетыцыяй» Плошчы 19 снежня, прыйшлі толькі трое кандыдатаў. Відавочна, што такая апазіцыя дапамагае і падыгрывае Лукашэнку.

А хто-небудзь глядзіць?

Стратэгія рэжыму была сёлета асабліва эфектыўнай, бо Захад абраў палітыку неўмяшання.

Можна біцца аб заклад, што апазіцыя выйдзе з гэтых выбараў аслабленай. Чэрвеньскае даследаванне паказала, што толькі 14% рэспандэнтаў давяраюць апазіцыйным палітычным партыям. Як адзначыў сацыёлаг Алег Манаеў, «іх індэкс даверу ніколі не быў такім нізкім».

Асаблівую ролю ў расколе адыграла, магчыма, наўмысна, кампанія Някляева «Гавары праўду!», якая спрабавала скупіць НДА і партыйных актывістаў.

Найбольш цяжкімі наступствамі выбараў 2010 года можа быць далейшае зніжэнне грамадскай цікавасці да дэмакратычнай апазіцыі.

У 2001 і 2006 гадах аб’яднаная апазіцыя прапаноўвала, прынамсі, акрэслены выбар. Нават калі Лукашэнка дазваляў рэгістрацыю некалькіх сапраўдных ці падстаўных прэтэндэнтаў перад кожнымі выбарамі, выбар быў відавочны: кандыдат аб’яднанай апазіцыі супраць прэзідэнта.

Гэтым разам, з дзевяццю прэтэндэнтамі і некалькімі фаварытамі, карціна затуманілася.

Апазіцыйныя актывісты глядзяць тэлевыступы кандыдатаў з захапленнем, але сумнеўна, што гэта павялічыць падтрымку апазіцыі ў цэлым. Можна пачуць скаргі аб тым, што ёсць дзевяць кандыдатаў, а галасаваць няма за каго.

Па-за вузкім колам лідараў апазіцыі ўнутры краіны і ў свеце гэтая кампанія ацэньваецца збольшага адмоўна. У прыватнасці, актывісты прызнаюцца, што збянтэжаныя і расчараваныя лідарамі партый і апазіцыйнымі элітамі.

Незалежныя СМІ і праваабаронцы здолелі аб’яднацца і дамагчыся вынікаў у сваіх сферах, а палітыкі вярнуліся да бясплённых 1990-х.

Адзіны кандыдат ад апазіцыі быў бы найлепшым выйсцем для тых, хто хоча пераменаў у Беларусі, аднак адзіны кандыдат не патрэбны ні палітычным партыям, ні Лукашэнку. Для апазіцыі выбары — гэта выбар будучых лідараў апазіцыі, а не будучага кіраўніка краіны.

Што рабіць?

Развал Аб’яднаных дэмакратычных сіл, аслабленне палітычных партый, бяссільнасць партыйных лідараў і неэфектыўнасць дробных рухаў могуць перашкодзіць зменам.

Існуе рэальная запатрабаванасць у новых лідарах, кансалідацыі груповак і з’яўленні кааліцый, угрунтаваных на ідэалогіі.

На левым крыле пяць партый і прафсаюзаў распрацавалі сумесную праграму. І хоць «Левым сілам» яшчэ трэба знайсці супольнага лідара, яны змогуць зрабіць гэта пасля выбараў.

На правым крыле працэс таксама пайшоў. Хоць Мілінкевіч адмовіўся ад удзелу ў выбарах, ён распачаў стварэнне кааліцыі партый і рухаў на агульнай платформе.

Нягледзячы на расколатасць апазіцыі, рэжым наўрад ці атрымае вялікія дывідэнды ад гэтых выбараў. Танцы Лукашэнкі з Еўропай і спрэчкі з Расіяй працягнуцца. Пытанне не ў тым, ці пацягнуць праблемы рэжыму за сабой новыя магчымасці, а ў тым, ці здолее апазіцыя выправіць свае памылкі і навучыцца на іх. Выхад пасля выбараў з агульным адказам можа стаць добрым першым крокам.

* * *

Роджэр Патоцкі — прафесар Джорджтаўнскага ўніверсітэта, старшыня дэпартамента Еўропы Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі (ЗША). Артыкул друкуецца ў скарочаным

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?