У 2011 годзе ў Беларусі плануецца актывізаваць распрацоўку механізму пакрыцця і працэсу кампенсацыі па ўкладах Ашчаднага банка СССР, унесеных да пачатку 1990-х гадоў.

Пра гэта паведаміў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракаповіч падчас прамой лініі, якую арганізавала газета «Рэспубліка».

«Гэтае пытанне ў краіне не закрытае», — сказаў кіраўнік Нацбанка. Уклады, паводле яго слоў, плануецца вярнуць поўнасцю з улікам інфляцыі і ўсіх працэнтаў за мінулыя гады. «Не хвалюйцеся, нічога не знікне: у краіне вядзецца поўны ўлік усіх укладаў Ашчаднага банка. Мы ўсё адсочваем», — запэўніў Пракаповіч.

Ён таксама патлумачыў, чаму гэта не ўдалося зрабіць у мінулыя гады.

«Дагэтуль ніяк не можам вырашыць гэтае пытанне. Вы ж разумееце, што ўклады трэба кампенсаваць за кошт бюджэту, але ў нас сітуацыя была складаная. У першыя гады існавання Беларусі як самастойнай дзяржавы мы страцілі прыкладна 40% ВУП, у краіне было масавае беспрацоўе, і нам спатрэбілася 8 гадоў для таго, каб аднавіць эканоміку. Толькі ўдалося ўстаць на ногі, як адбыўся другі крызіс — расійскі. З-за дэфолту нашы тавары перасталі купляць, мы літаральна за год страцілі палову экспарту», — расказаў Пракаповіч.

Паводле яго слоў, спатрэбілася прыкладна пяць гадоў, каб аднавіць страты. «У гэтай пяцігодцы пачалі працаваць нармальна, — працягнуў Пракаповіч, — і раптам адбыўся новы крызіс, прычым не ў нас, не ў Расіі, а ў ЗША і ў самых багатых еўрапейскіх краінах. Мы падышлі да пытання кампенсавання „савецкіх“ укладаў шчыльна, але міжнародны крызіс зноў перакрэсліў гэтыя планы. У наступным годзе пачнем актыўна працаваць і зноў будзем уносіць прапановы аб тым, каб пачаць вяртаць „савецкія“ ўклады насельніцтву».

Кіраўнік Нацбанка падкрэсліў, што ў гэтым пытанні ўсё абумоўліваецца станам эканомікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?