Аўтапаркі краіны атрымалі загад зверху, але ставяцца да яго па-рознаму.

 Фота Naviny.by.

Фота Naviny.by.

Мінскія школьнікі ад 7 снежня могуць бясплатна карыстацца грамадскім транспартам (акрамя таксі). Рашэнне ўступіла ў сілу пасля адпаведнага загаду «Мінсктранса». Такім чынам, мінскія транспартнікі першымі выканалі агучаны на IV Усебеларускім сходзе загад Аляксандра Лукашэнкі: «У апошні час усё больш падымаецца пытанне аб ільготах на праезд школьнікаў, навучэнцаў, студэнтаў. Думаю, што з гэтым трэба пагадзіцца. Ураду ў тыднёвы тэрмін прапрацаваць гэтае пытанне, пралічыць і ўнесці канкрэтныя прапановы».

Тэлефанаванні ў аўтапаркі абласных цэнтраў і буйных гарадоў засведчылі, што адпаведныя распараджэнні прыйшлі і туды, або яшчэ чакаюцца. Стаўленне да ініцыятывы з цэнтру самае рознае: ад рашучай гатоўнасці выканаць загад, да нявызначанасці.

«Толькі сёння атрымалі распараджэнне, цяпер будзем думаць, як вырашыць пытанне», — паведамілі ў прыёмнай Гродзенскага аўтобуснага парку.

У «Брэсцкім аўтапарку №1» адказалі, што ведаюць пра рашэнне «Мінсктранса». «Так, у Мінску школьнікі ўжо ездзяць бясплатна. А ў нас пакуль нічога невядома».

У «Гомельскім аўтапарку №1» чакаюць рашэння аблвыканкаму. «Пакуль гэтае пытанне не вырашанае», — расказалі ў прыёмнай прадпрыемства.

Чакаюць рашэння з абл- і гарвыканкаму і ў «Аршанскім аўтапарку №3».

У Баранавічах супрацоўнікі аўтобуснага парку ў разгубленасці ад таго, як ім выканаць пажаданне кіраўніка краіны. «Прэзідэнт жа тыдзень даў на разгляд гэтага пытання, але як гэта рэалізаваць? Хто нам будзе кампенсаваць праезд?», — паведаміла крыніца ў аўтапарку баранавіцкай газеце «Intex-press».

А вось кіраўніцтва бабруйскага аўтапарку цвёрда абяцае выканаць загад зверху, калі атрымае адпаведныя дакументы. «Канечне зробім праезд бясплатным. Мы абавязаныя гэта зрабіць».

Нагадаем, што закон аб скасаванні льгот, у тым ліку ільготнага праезду ў грамадскім транспарце для школьнікаў, студэнтаў і пенсіянераў, уступіў у сілу 17 снежня 2007 г. Да адмены льгот школьнікі карысталіся 50-% зніжкай на праезд. Цяпер жа яны атрымалі цалкам бясплатны праезд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?