Уладзіслава Стараверава 10 снежня выклікаюць у Віцебскую абласную пракуратуру «для тлумачэнняў пра парушэнне заканадаўства аб СМІ».

На думку незалежнага журналіста, нагодай для выкліку сталі неаднаразовыя на працягу апошніх месяцаў затрыманні яго міліцыяй у часе здымак на відэакамеру.

Віны Уладзіслаў Старавераў за сабой не адчувае і перакананы, што заканадаўства аб СМІ не парушаў.

Апошняе затрыманне адбылося 8 лістапада, калі Уладзіслаў Старавераў здымаў тагачаснага прэтэндэнта на ўдзел у выбарах, віцебскага прадпрымальніка Уладзіміра Правальскага. У віцебскім Парку вайсковай славы, што недалёка ад плошчы Перамогі, на месцы падзеяў з’явіўся супрацоўнік Чыгуначнага РАУС Сяргей Казлоў і стаў актыўна перашкаджаць здымкам. Журналіста ў той дзень затрымалі, але адпусцілі без складання пратаколу.

Уладзімір Правальскі зафіксаваў інцыдэнт на мабільны тэлефон і на наступны дзень выклаў запіс у інтэрнэт. Уладзіслаў Старавераў таксама не выключаў камеру і пазней зрабіў відэаролік пра ўласнае затрыманне, які шырока разышоўся ў Сеціве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?