Сістэмных крокаў па лібералізацыі ў галіне правоў чалавека беларуская ўлада не зрабіла. Такое меркаванне выказалі праваабаронцы ў сувязі з Міжнародным днём правоў чалавека, які адзначаецца 10 снежня.

Дзень правоў чалавека быў заснаваны ў 1950 годзе. Дата 10 снежня выбрана ў гонар абвяшчэння Генасамблеяй ААН Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (10 снежня 1948 года). Дэкларацыя стала першым сусветным дакументам, які сфармуляваў палажэнні аб правах чалавека.

Як заявіў праваабаронца Валянцін Стэфановіч, у Беларусі адзначана скарачэнне колькасці рэпрэсій. «Значна менш палітычна матываваных крымінальных спраў і прыгавораў. Актывістаў дэмакратычных рухаў цяпер штрафуюць, а не прымяняюць да іх адміністрацыйны арышт.

Але ўсё гэта звязана, хутчэй, з перадвыбарнай сітуацыяй, з жаданнем улады спадабацца Захаду, а не з агульным паляпшэннем сітуацыі», — лічыць Стэфановіч.

Сістэмных крокаў у паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека ўлада не зрабіла, перакананы ён.

«Артыкул 193–1, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, у Крымінальным кодэксе застаўся. Улада яго не выкарыстоўвае ў апошнія два гады, але ён як фактар запужвання існуе», — канстатаваў праваабаронца.

Стэфановіч таксама адзначыў, што ў Беларусі па-ранейшаму існуюць праблемы з рэгістрацыяй недзяржаўных арганізацый і палітычных партый. «Ёсць пытанні з правядзеннем мірных сходаў. Мараторый на смяротную кару не ўведзены. Катастрафічная сітуацыя са сродкамі масавай інфармацыі, многія з якіх дагэтуль не могуць дабіцца права на распаўсюджванне праз сетку дзяржаўных манапалістаў — «Белпошту» і «Белсаюздрук», — пералічыў праваабаронца.

Алег Гулак, кіраўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта, адзінай зарэгістраванай у Беларусі праваабарончай арганізацыі, таксама ўказаў на пэўнае паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Гэта адбылося шмат у чым дзякуючы праваабаронцам, лічыць ён.

«Знізіўся ўзровень рэпрэсій, многія грамадзяне змаглі атрымаць юрыдычную дапамогу і не сталі ахвярамі самавольства. Акрамя таго, мы пачалі сістэмную сумесную работу праваабаронцаў. Гэта тычыцца інфармавання замежных арганізацый па праблемах з правамі чалавека ў Беларусі», — заявіў Гулак. Аднак, паводле яго слоў, сістэмных зменаў з правамі чалавека ў Беларусі не адбылося. «Нас непакоіць прымяненне кантрактнай сістэмы, калі ў Беларусі парушаюцца правы на працу, бязмежжа ў дачыненні да людзей у міліцыі, поўная залежнасць судовай сістэмы ад выканаўчай улады, смяротная кара, наяўнасць у краіне палітычных зняволеных», — адзначыў Гулак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?