12.12.2010 / 19:35

Хакейнае «Дынама» пацярпела тры паразы ў чатырох гасцявых матчах

Няўдала скончылася выязное турнэ для ХК «Дынама» Мінск. У трох з чатырох гасцявых матчаў чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі беларускі клуб прайграў у трох.

Сёння, 12 снежня, «Дынама» прайграла ў Ніжнякамску «Нафтахіміку» — 0:1. Прычым апошнія паўхвіліны каманды гулялі шэсць на чатыры. Марэк Сікора зняў з варот Андрэя Мезіна і таксама быў выдалены гулец «Нафтахіміка». Перавесці гульню ў овертайм «Дынама» не здолела.

Паспяховым, як аказалася, для «Дынама» быў толькі першы гасцявы матч: 6 снежня мінскі клуб выйграў у овертайме ў чарапавецкай «Северсталі» 5:4. Пры тым, што «Дынама» вяло ў матчы з лікам 4:0.

Затым былі тры паразы: 8 снежня ад «Ак Барса» (2:5), 10 снежня — ад «Аўтамабіліста» (2:5), сёння — ад «Нафтахіміка» (0:1).

Зараз «Дынама» з 50 пунктамі займае 4-е месца ў Дывізіёне Тарасава і 7-е ў Заходняй канферэнцыі.

Захад: Дынама Масква — 72 (34 гульні), Лакаматыў — 65 (34), СКА — 60 (36), Северсталь — 59 (36), Атлант — 52 (34), Дынама Рыга — 50 (34), Дынама Мінск — 50 (36), Спартак — 46 (36), Тарпеда — 45 (33), ЦСКА — 36 (34), Віцязь — 28 (34).

Цяпер у чэмпіянаце КХЛ будзе ўзяты тыднёвы перапынак, звязаны з матчамі на ўзроўні зборных.

Затым «Дынама» правядзе пяць матчаў у Мінску:

22 снежня з «Барысам» (Астана), 24 снежня — з «Югрой» (Ханты-Мансійск), 26 снежня — «Авангардам» (Омск), 29 снежня — з «Атлантам» (Мыцішчы), 4 студзеня — з «Віцязем» (Падольск). Завершыцца рэгулярны чэмпіянат — 20 лютага. У плей-оф, каб пазмагацца за Кубак Гагарына, выходзяць па восем камандаў з канферэнцыі.

nn.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру