Як паведамілі «Нашай Ніве» студэнты Брэсцкага дзяржаўнага політэхнічнага ўніверсітэта, у іх адмененыя заняткі ў чацвер і пятніцу. Дэканы загадалі студэнтам датэрмінова прагаласаваць, а пасля гэтага — ехаць дамоў.
Супрацоўнікі ўніверсітэта пацвердзілі нам гэтую інфармацыю, але паведамілі будуць выходзіць на працу, як і ў звычайныя дні.

Званок ад імя студэнта ў дэканат будаўнічага факультэта пацвердзіў: заняткаў насамрэч не будзе. Аб прычынах не паведамілі нічога. «Не будзе і ўсё». У той жа час на эканамічным факультэце на пытанне адказваць не сталі, толькі імкнуліся высветліць асобу суразмоўцы. А на архітэктурным роблена абураліся: «Хто вам сказаў?».

Рэктар БДПУ Пятро Пойта ёсць даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі. Ён жа ўзначальвае абласную арганізацыю «Белай Русі».

Цікава, што ўлады не дапускаюць, што студэнты замест бацькоўскіх хат адправяцца ў Менск на Плошчу. Мяркуецца, што два падораныя выхадныя настрояць юнакоў на адпачынковы лад.

На папярэдніх выбарах у Беларусі датэрмінова галасавала да 30% выбарцаў. Для параўнання: ва Украіне і Расіі гэтая лічба ніколі не перавышала 1–2%. Як стала вядома са сведчанняў падпалкоўніка міліцыі Мікалая Казлова, датэрміновае галасаванне выкарыстоўваецца для фальсіфікацыі вынікаў народнага выяўлення волі. Казлова звольнілі пасля таго, як ён спрабаваў перашкодзіць укіду бюлетэняў у скрынку ў часе датэрміновага галасавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?