Журавіны — выдатная крыніца вітаміну С. А ён так неабходны нашаму арганізму ў сезон прастуд і інфекцый! Акрамя таго, у склад журавін уваходзіць даволі рэдкі вітамін РР, які спрыяе засваенню аскарбінкі, а таму гэтым ягадам — як сродку павышэння імунітэту — амаль няма роўных.

Толькі ўлічыце, што вітамін С разбураецца падчас кіпячэння, таму, калі вы гатуеце журавінавы морс, ягады лепш не адварваць. Напой будзе больш карысным, калі з ягад выціснуць сок, зварыць з цукрам скурку і рэшткі мякаці (яны нададуць морсу колер), а калі сіроп астыне, дадаць у яго журавінавы сок.

Пад далікатнай скуркай журавін яшчэ хаваюцца вітаміны групы В (умацоўваюць нервовую сістэму і дабратворна ўплываюць на знешні выгляд скуры і валасоў), арганічныя кіслоты (лімонная, бензойная, яблычная і інш.), пекцінавыя рэчывы, а таксама каштоўныя мікраэлементы — такія, як калій, ёд, магній, фосфар, жалеза, марганец.

Журавінавыя морсы і кампоты добра ўжываць пры прастудзе. Па-першае, журавіны аказваюць гарачкапаніжальны эфект, па-другое, цудоўна праганяюць смагу, а па-трэцяе, выдаляюць з арганізма таксіны, якія назапашваюцца ў арганізме падчас хваробы. А журавінавы сок, змешаны з мёдам, не толькі дапамагае адкашлівацца і змагацца з ангінай, але і павышае імунітэт, ратуючы вас ад чарговай інфекцыі.

Журавіны вельмі карысныя і людзям, у якіх ёсць праблемы з сэрцам і сасудамі, — яны зніжаюць узровень шкоднага халестэрыну ў крыві і нармалізуюць ціск. Паніжэнне ціску адбываецца дзякуючы мачагоннаму эфекту журавін, прычым, у адрозненне ад многіх іншых мачагонных сродкаў, журавінавы сок не вымывае з арганізма калій, які патрэбны сэрцу.

Да таго ж журавіны могуць з поспехам замяніць павараную соль, якую неабходна абмяжоўваць пры сардэчна-сасудзістых захворваннях і праблемах з лішняй вагой. Замест солі дадавайце ў ежу ягады або сок — і яна не будзе здавацца занадта прэснай.

Акрамя таго, у складзе журавін прысутнічаюць фітанцыды, або, як іх яшчэ называюць, прыродныя антыбіётыкі. Дзякуючы ім гэтыя ягады часта выкарыстоўваюцца для прафілактыкі нястраўнасці, а таксама пры цыстыце.

Народныя рэцэпты

Пры нястраўнасці заліце 2 шклянкамі гарачай вады пару сталовых лыжак журавін, пракіпяціце на слабым агні на працягу 10 хвілін, астудзіце, працадзіце і піце па паўшклянкі чатыры разы на дзень. * Калі на скуры ёсць гнайнікі і прышчыкі, падыдзе кампрэс з журавінавага соку. З прыгаршчы ягад выцісніце сок, намачыце ў ім баваўняную касметычную сурвэтку і пакладзіце яе на твар. Паляжыце 10 хвілін, цалкам расслабіўшыся.

 Пры паніжаным імунітэце: змяшайце 1 кг журавін, 1 кг парэзаных яблыкаў, 2 шклянкі ачышчаных і здробненых грэцкіх арэхаў і заліце сумесь сіропам, прыгатаваным з 1 шклянкі вады і 2,5 кг цукру. Праварыце сумесь на слабым агні 30 хвілін і перакладзіце ў слоік. Прымайце па 1 ст. лыжцы раніцай, запіваючы цёплай вадой.

Пры гіпертаніі: прапусціце журавіны праз мясарубку, змяшайце з мёдам у роўных прапорцыях, прымайце па 1 ст. лыжцы 3 разы на дзень за 15–20 хвілін да яды.

 Для прафілактыкі цыстыту піце свежавыціснуты сок журавін па 2 ст. лыжкі два разы на дзень за паўгадзіны да яды.

Увага!

Журавінавы сок садзейнічае павышэнню кіслотнасці, таму людзям з павышанай сакрэцыяй страўніка і язвавай хваробай лепш лячыцца іншымі спосабамі.

Цікава

 Захоўваюцца журавіны вельмі добра: у цёмным халаднаватым месцы яны могуць ляжаць, не страчваючы сваіх уласцівасцяў і таварнага выгляду, да трох месяцаў. Ёсць некалькі спосабаў падоўжыць жыццё гэтым ягадам. Напрыклад, раскласці іх у 3-літровыя слоікі і заліць халоднай вадой. У такім выглядзе журавіны могуць захоўвацца да паўгода. Толькі ваду трэба перыядычна мяняць — прыкладна раз у два тыдні. Выліваць яе, дарэчы, не трэба — яе можна піць, дадаючы цукар.

 Дзякуючы багаццю арганічных кіслот журавіны могуць выкарыстоўвацца ў ролі прыроднага кансерванту. Журавінавы сок або ягады, дабаўленыя ў хатнія саленні, марынады, квашаную капусту, павялічаць тэрмін захоўвання вашых нарыхтовак і нададуць стравам прыемную кіслінку.

Морс для працаголіка

Калі вы стаміліся пасля напружанага працоўнага дня або, наадварот, вам трэба выканаць адказную працу, папесціце сябе журавінавым морсам. Усяго пара шклянак гэтага падбадзёрлівага напою здольная вярнуць добры настрой, зняць стомленасць і паспрыяць вашай кар’еры, паколькі журавінавы морс павышае актыўнасць мозга і павялічвае працаздольнасць.

Прыгажосць з кіслінкай

З надыходам халадоў скура часта страчвае эластычнасць, лушчыцца і чырванее. У гэтым выпадку дапаможа пажыўная маска з журавінавага соку. Змяшайце палову жаўтка, адну сталовую лыжку соку і адну чайную лыжку смятаны. Нанясіце на твар на 15 хвілін, змыйце, а затым падмацуйце дзеянне маскі чайным марлевым кампрэсам. Можна рабіць такія маскі 2–3 разы на тыдзень, курс — 10–12 масак.

Журавіны ў цукры

500 г журавін, 500 г цукровай пудры, яйка (бялок) — 1 шт.

Для дэсерту выбраць буйныя ягады, прамыць і абсушыць на папяровым ручніку. Бялок аддзяліць ад жаўтка. Бялок узбіць, дадаць да яго ягады і ўсё акуратна перамяшаць, каб бялок раўнамерна размеркаваўся па ягадах. Затым перасыпаць ягады на сіта, каб лішні бялок мог сцячы. Цукровую пудру размеркаваць па паверхні дошкі або плоскай талеркі і выкласці частку ягад. Пальцамі перакочваючы журавіны, сачыць, каб кожная ягада пакрылася слоем пудры. Паўтарыць гэту працэдуру з усімі ягадамі.

Журавінава-яблычнае суфле

100 г журавін, 1 яблык, 100  мл салодкага белага віна, 100 мл сметанковага ёгурту, 2 яйкі, 20 г цукру, 3 пласцінкі жэлаціну.

Яблык ачысціць ад лупіны і насення, нарэзаць скрылікамі і адварыць у белым віне, каб размякнуў. Затым адкінуць на сіта, даць сцячы вадкасці, а кавалачкі яблыкаў працерці ў пюрэ і астудзіць. У яблычнае пюрэ дадаць палову ёгурту, палову ўзбітых яечных бялкоў і добра перамяшаць. Журавіны варыць у вадзе з цукрам 25–30 хвілін, адкінуць на сіта, ягады працерці ў пюрэ. Затым дадаць разведзены ў вадзе жэлацін, астудзіць, даліць астатні ёгурт і ўзбіты яечны бялок, перамяшаць. Заліць суфле ў формы: на донца — журавінавае, зверху — яблычнае. Астудзіць. Перад падачай на стол донца формы акунуць у цёплую ваду і дастаць суфле.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?