За ластаўкай — у вышыню!
Бліжэй к адвечнаму агню!
Туды, дзе хмаркі талакой,
Дзе рух няспынны і спакой.
Алесь Корнеў «Услед за ластаўкай»

3 лістапада 2010 года баранавіцкая грамадскасць адзначыла 75-годдзе з дня народзінаў мясцовага паэта Алеся Корнева. 33 гады ён самааддана лячыў людзей, натхнёна займаўся лясной скульптурай і мастацтвам, але найбольш сябе праявіў у паэзіі, напісаўшы 14 зборнікаў вершаў. У Баранавічах Алесь Корнеў пакуль самы стваральны паэт і творца. Ён пачаў пісаць першыя вершы яшчэ ў школе, затым у інстытуце. Яго першы зборнік вершаў называецца «Услед за ластаўкай», а самы патрыятычны — «Крыжы зямелькі нашай», у якім аўтар паказвае ў вершаванай форме трагічна-гераічную гісторыю нашай зямлі ад Рагнеды да першага героя Беларусі Уладзіміра Карвата. Гэты зборнік вершаў паэт падараваў айцу Аляксанду Надсану — стваральніку Лонданскай бібліятэкі імя Францішка Скарыны.

Але найбольш паэт Корнеў праславіўся любоўнай лірыкай, раскрыццём інтымных адносінаў паміж мужчынам і жанчынай. Тэме кахання прысвечаныя такія зборнікі вершаў, як «Жаночыя напевы», «Пад зоркай Мілавіцай», «Неўтаймоўны сэксафон». Менавіта за зборнік вершаў «Неўтаймоўны сэксафон» Алесь Корнеў атрымаў берасцейскую мядовую літаратурную прэмію (пуд мёду і дыплом), якую заснаваў у 2001 годзе пружанскі прадпрымальнік Мікалай Папека.

Алеся Корнева віншавалі мясцовыя паэты Алесь Белы, Іван Лагвіновіч, Анастасія Жук, Людміла Шувалава, Раіса Раманчук, Мікалай Зайцаў, а таксама каляжанка па былой працы Браніслава Салаўёва. Сябры ТБМ падаравалі каляровае фота паэта каля абраза Madonna del Paskolo, калі ўрачыста адзначаліся 280-я ўгодкі каранацыі Іконы Маці Божай Жыровіцкай 19 верасня 2010 года. Вельмі цёпла віншавала паэта кіраўніца народнага музея імя Валянціна Таўлая Ніна Шавель і яе навучэнцы, якія чыталі любімыя вершы Корнева. А Наталля Урублеўская прэзентавала апошнія кнігі Алеся Корнева «Мядовы полюс» і «Як песня, год мінае». Але найбольш уразілі ўсіх прысутных навучэнцы і настаўнікі СШ № 4 і № 17, якія спявалі мноства песняў на вершы Алеся Корнева.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?