14 снежня на выбарчых участках у студэнцкіх гарадках краіны пачалося датэрміновае галасаванне.

Карэспандэнт БелаПАН наведаў участак у інтэрнаце № 6 БДУ на вуліцы Кастрычніцкай у Мінску. Тут было даволі ажыўлена, у невялікі пакой, выдзелены для галасавання, па чарзе заходзілі маладыя людзі. На пытанне, чаму яны вырашылі прагаласаваць датэрмінова, студэнты адказвалі наступнае.

Аліна, студэнтка філалагічнага факультэта: «Я сачу за выбарамі ў Беларусі, таму ў прынцыпе шмат ведаю аб кожным кандыдаце — чытала газеты, слухала іх выступы.

Калі можна галасаваць датэрмінова, чаму не?

Не думаю, што за гэты час маё меркаванне зменіцца. Таму я вырашыла, каб не ўдзельнічаць 19 снежня, калі будзе вельмі шмат людзей,

спакойна прагаласаваць загадзя».

Паводле Аліны, яна «галасавала сэрцам» — за таго кандыдата, якому давярае, чыя праграма і лозунгі здаюцца ёй найбольш канструктыўнымі і, магчыма, ўвасобяцца.

Студэнт Андрэй сумеўся і не змог растлумачыць, чаму вырашыў прагаласаваць датэрмінова.

«Грамадзянскі абавязак выконваю, — завучана растлумачыў Валерый з механіка-матэматычнага. — Хачу загадзя прагаласаваць, дапамагчы універсітэту ў далейшым.

Мне здаецца, так будзе лепш для БДУ, калі большасць студэнтаў прагаласуюць загадзя».

Кацярына вырашыла «як мага раней прагаласаваць і быць спакойнай».

Старшыня камісіі Міхаіл Чарапеннікаў паведаміў, што да тэрыторыі ўчастка аднесены толькі інтэрнаты, таму і галасуюць у асноўным тыя, што жывуць тут студэнты. На ўчастку зарэгістравана сем назіральнікаў: адзін — ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, два — ад ГА «Белая Русь», астатнія вылучаны грамадзянамі шляхам збору подпісаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?