Жыхары былой вуліцы Чапаева ў Лідзе пачалі атрымліваць у дакумэнтах на жытло новы адрас — бульвар Вялікага князя Гедыміна. Перайменаваньне адбылося паводле рашэньня раённых уладаў. Бульвар вядзе ад чыгуначнага і аўтавакзалу да помніка архітэктуры першай паловы ХIV стагодзьдзя — замка, збудаванага Гедымінам.

Сёньня ў лідзкай філіі абласнога агенцтва дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнага кадастру было людна. Начальнік агенцтва Чэслаў Васілевіч сказаў, што да абеду прынялі каля дваццаці наведнікаў. Ён зазначае, што новы адрас у дакумэнты гараджанаў уносіцца бясплатна, бо ёсьць рашэньне выканкаму аб перайменаваньні. Зьмена назвы вуліцы ў пашпарце таксама не павінна нічога каштаваць, мяркуе ён.

Заплаціць за перарэгістрацыю адрасу мусіў мала хто. Сем тысяч рублёў каштавала гэта тым лідчукам, хто хацеў неадкладна прадаць або падараваць кватэру, дзеля чаго неабходна было зьмяніць у тэхнічным пашпарце назву вуліцы на новую. На бульвары Гедыміна некалькі пяціпавярховых жылых дамоў, аўтавакзал, невялікая бібліятэка, крамы. Для ўстановаў зьмена адрасу каштуе таксама нядорага, кажа спадар Васілеўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?