Засмучаны Дзмітрый Ліхтаровіч.

Засмучаны Дзмітрый Ліхтаровіч.

АЗ — БАТЭ — 3:0. Гэта ўжо чацвёрты запар пройгрыш барысаўцаў.

У сырнай сталіцы Галандыі горадзе Алкмаар з БАТЭ абышліся зусім не па гасціннаму. Тры безадказных гола ў вароты Сяргея Верамко стануць добрай глебай для роздумаў трэнерскага штаба беларускага чэмпіёна.

Менавіта на галандскай зямлі БАТЭ мусіў завяршыць групавы раўнд Лігі Еўропы. Непрыемнасці пачаліся ўжо ў самым пачатку гульні.

Пазіцыйнай памылкай абароны БАТЭ скарыстаўся магутны вікінг Сігтурсан. Удар у ісландца атрымаўся моцны і трапны. Мяч ад перакладзіны адскочыў у беларускія вароты.

Далейшае развіццё гульні дэманстравала, што абарона ў АЗ не была такой ужо жалезабетоннай. Моманты ўзнікалі. То Сасноўскі ўдарыць з лініі варатарскай, то Няхайчык перспектыўна ўдарыць, але міма.

А вось галандцы хоць і дзейнічалі на контратаках, але нашмат больш востра. Некалькі разоў толькі цудам мяч не трапляў у нашу сетку. Добра гуляў Верамко, а калі ён быў бяссільны, то мяч пралятаў міма.

Другі тайм кардынальна рысунак гульні не змяніў. БАТЭ атакаваў, але рэальная пагроза чамусьці ўтваралася толькі ля варот Верамко. Але варатар гераічнымі намаганнямі спраўляўся з усімі цяжкасцямі.

Ці не цэнтральны момант гульні адбыўся хвілін за дзесяць да фінальнага свістка, калі штрафны выконваў Рэнан Брэсан. Рамэра з стужачкі выцягнуў мяч, але на дабіванні барысаўцы былі першымі. Здавалася б, лік роўны. Аднак румынскі арбітр Думітру па няясных прычынах мяч не залічыў. Здаецца, ніякага афсайду там не было і блізка.

Потым галандцы скарысталі дзве хуткія атакі. Забілі ўсё той жа Сігтурсан і 17‑гадовы юнак Махер — 3:0. АЗ добра адпомсціў беларусам за разгром у Мінску — 1:4.

Што робіцца з барысаўскім клубам няясна. Гэта ўжо чацвёрты запар пройгрыш у афіцыйных гульнях. З агульнай розніцай у мячах 2‑10.

Яшчэ адзін матч у нашай групе скончыўся з наступным лікам: «Дынама» (Кіеў) — «Шэрыф» (Ціраспаль) 0:0.

Такім чынам становішча ў групе наступнае: «Дынама» — 11 пунктаў, БАТЭ — 10, АЗ — 7, «Шэрыф» — 5. Украінцы і беларусы выйшлі ў наступны раўнд плэй‑оф. Дарэчы, яго лёсаванне адбудзецца ўжо ў пятніцу.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?