Адзіны прадстаўнік Беларусі ў наймацнейшай хакейнай лізе сьвету Руслан Салей гэтай ноччу адкрыў лік сваім шайбам сёлета ў НХЛ. Абаронца «Флорыда Пантэрз» Салей закінуў шайбу ў хатнім матчы сваёй каманды зь «Нью-Ёрк Рэйнджэрс». На жаль, актыўнасьць Руслана, які ў той вечар правёў на пляцоўцы звыш 25 хвілінаў не дапамагла «пантэрам» адсьвяткаваць перамогу. «Рэйнджэрс» выйгралі зь лікам 4:3.

«Флорыда» ўвогуле праводзіць гэты сэзон не ахвоці. У сваім паўднёва-ўсходнім дывізіёне каманда Руслана Салея займае апошняе месца. Што датычыць усёй усходняй канфэрэнцыі, то горш за «Флорыду» выступаюць толькі тры клюбы. Што ж да Салея, дык на ягоным рахунку ў гэтым сэзоне адна закінутая шайба і шэсьць галявых перадачаў. Руслан праводзіць на пляцоўцы ў сярэднім каля 23 хвілін, адзін з найлепшых паказьнікаў у камандзе. Па сыстэме «+/-« беларус мае не зусім прывабныя –2.

Калі «Флорыда» будзе і надалей так гуляць, то яна мае шанец ня трапіць у розыгрыш Кубку Стэнлі. Такі расклад падзеяў відавочна на карысьць зборнай Беларусі, бо ў такім выпадку Салей зможа апрануць форму нацыянальнай каманды на травеньскім чэмпіянаце сьвету ў Маскве.

Галоўны ж трэнэр зборнай Беларусі Курт Фрэйзэрпасьля турнэ па Расеі, дзе ён праглядаў кандыдатаў у зборную, накіраваў на Радзіму. Ня выключана, што ў ЗША Фрэйзэр наведае матчы з удзелам Салея і іншых беларускіх легіянэраў (найперш Міхаіла Грабоўскага, Канстанціна Захарава, братоў Касьціцыных).

Напрыканцы лістапада Фрэйзэр ізноў прыляціць у Беларусь, каб кіраваць падрыхтоўкай зборнай да першага ў гэтым сэзоне міжнароднага турніру, які пройдзе ў Нарвэгіі. У краіне вікінгаў мы дакладна ня ўбачым Салея, як найхутчэй і другіх беларускіх легіянэраў. Фрэйзэр зьбіраецца выпрабоўваць тамака ўнутраныя кадры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?