У чацьвер увечары ў залі Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру імя Ёганэса Раў адкрыўся ІХ “Менскі форум” – найбуйнейшая нямецка-беларуская сустрэча дыпляматаў, палітыкаў, бізнэсоўцаў і грамадзкіх дзеячоў. Тэма сёньняшняга форуму сфармуляваная як “Беларусь – суседзтва і транзыт у Эўропе: замежная палітыка, эканоміка, грамадзтва”. Арганізавалі форум пасольства Нямеччыны, Нямецка-беларускае таварыства і нямецкі Фонд “Навука й палітыка”. Старшынём аргкамітэту форуму -- вядомы беларусіст прафэсар Райнэр Лінднэр.

З кожным годам форум робіцца ўсё больш прадстаўнічым. Сёлетні ня стаў выняткам. Зь нямецкага боку прыехалі былы міністар абароны Фолькер Руэ, кіраўніца парлямэнцкай групы “Нямеччына-Беларусь” Ута Цапф. Аднак найбольшым сюрпрызам стала прысутнасьць Уладзімера Канаплёва, старшыні палаты прадстаўнікоў і блізкага сябра А.Лукашэнкі. Што й параўноўваць зь мінулым годам, калі беларускі бок абмяжоўваў прысутнасьць узроўнем намесьніка міністра замежных справаў. Усе адчыталі гэта як сыгнал.

Першым слова трымаў праф.Лінднэр. Падзякаваўшы ўсім, хто удзельнічаў у падрыхтоўцы форуму, ён выказаў жыль, што ня могуць прысутнічаць у залі ўдзельнікі мінулых форумаў – зьняволеныя Аляксандар Казулін, Мікола Статкевіч, Зьміцер Дашкевіч, а таксама эўрапарлямэнтары, якім адмоўлена ў візах.

Канаплёў выходзіць на трыбуну для вітаньня. “У дыялёгу зь Беларусьсю Эўрасаюз не заўжды адэкватна ўспрымае аргумэнты беларускага боку і перадузята інтэрпрэтуе сытуацыю ў нашай краіне, -- кажа ён. – Час вырашаць, ці варта працягваць неэфэктыўную палітыку двайных стандартаў. Размова зь Беларусьсю на мове санкцыяў і візавых абежаваньняў — гэта проста сьмешна, — заявіў сьпікер. -- Імкненьне й жаданьне нашых партнэраў лепей зразумець палітычныя і эканамічныя працэсы ў Беларусі заўсёды знойдзе водгук”. Ён папярэджвае: будаўніцтва новай Эўропы безь Беларусі як мінімум будзе незавершаным.

У цэлым прамова была вытрымана ў звыклым духу. Вашаму форуму не стае канкрэтыкі, заявіў ён, таму ён і не выкарыстоўвае свайго патэнцыялу.

З словам у адказ, досыць камплімэнтарным, выступіла сацыял-дэмакратка Ута Цапф.

Пасьля гэтага ўступны даклад зрабіў генэральны сакратар Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу Нямеччыны Рональд Пафаля. У ім ён распавядаў пра аснаватворныя прынцыпы замежнай палітыкі Нямеччыны. Ён кажа: ня можа быць паправы адносінаў Беларусі зь Нямеччынай, пакуль у Беларусі парушаюцца асноўныя правы й свабоды. Ён заяўляе тым ня менш, што ў Бэрліне будуць уважліва сачыць за разьвіцьцём сытуацыі з энэргапастаўкамі ў Беларусь. Ён распавядае пра сваю сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам і жонкай Аляксандра Казуліна, аб прэміі Сахарава, прысуджанай Эўрапарлямэнтам лідэру беларускіх дэмакратаў, аб асабістым вітаньні Мілінкевічу, якое ён прывёз ад Ангелы Мэркель. Прозьвішча Мілінкевіча гучыць у ягонай прамове восем разоў. Урэшце Пафаля паказвае кавалак Бэрлінскага муру: хай гэта нагадае ўсім, хто думае, што свабоду можна абмяжоўваць вечна, пра вялікую сілу яе.

Заля доўга пляскае, на трыбуну вылятае сьпікер Канаплёў. Мы праслухалі выступ сапраўднага генэральнага сакратара, кажа ён. Сапраўднага чорнага ястраба. Я разьлічваў на канструктывізм. Вось як у Уты Цапф. А тут будуць нас вучыць. І хто? Пасьля таго што вы зрабілі ў Югаславіі, дзе прымянялі ядзерныя ракеты з уранавымі баегалоўкамі, пасьля таго, у што вы ператварылі Ірак і Аўганістан, вы яшчэ маеце нас вучыць? Ня трэба нас вучыць, у нас бясьпечна і парадак. У нас машыны не гараць па начах дзясяткамі тысячаў, як у Францыі і Германіі, і няма 20-адсоткавага беспрацоўя. Дарэчы, мы можам памагчы з вырашэньнем вашых эканамічных праблемаў, -- прапанаваў беларускі сьпікер (сьмех у залі) і, пажадаўшы форуму канструктыўнае працы і папрасіўшы прабачэньня за занятасьць, пакінуў залю, ледзь разьмінуўшыся ў дзьвярах з масіўным Калякіным.

На прыём, арганізаваны ў рэстаране “Вэстфалія” ад імя пасла Оке Пэтэрсана, кіраўніка місіі АБСЭ ў Беларусі, удзельнікі форуму ішлі пад уражаньнем ад пікіроўкі. Праваабаронцы ціснулі рукі арганізатарам форуму, дзякуючы за максымальныя формы салідарнасьці з палітвязьнямі. Нямецкія палітолягі ўстрывожана распытвалі беларускіх пікейных жылетаў: ці слушна зрабіў Пафаля, выбраўшы такі дыдактычны тон?

У адрозьненьне ад канца 90-х, эўрапейцы адмаўляюцца весьці дыялёг зь Менскам па формуле: саступкі ў абмен на абяцанкі. Як паказаў дэмарш Канаплёва, гэта выразна нэрвуе афіцыйны Менск, ня звыклы ні да дыскусіі, ні да саступак.

"Менскі форум" працягне працу ў сэкцыях палітыкі, эканомікі і моладзевых кантактаў у пятніцу і скончыцца пленарным паседжаньнем у суботу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?