Някляеў прапанаваў апазіцыі аб’яднацца вакол патрабавання правядзення свабодных выбараў без Лукашэнкі.

Выніковы рэпартаж з мітынгу на плошчы Свабоды:

19.00

Някляеў і Саннікаў разам выйшлі на сцэну і па чарзе, па радку прачыталі «А хто там ідзе» Купалы. Пасля гэтага разам з дэманстрантамі яны скандавалі «Жыве Беларусь».

18.50

Наступным слова ўзяў Сяргей Калякін, адзін з кіраўнікоў ініцыятывы па назіранні «Свабодныя выбары». Ён заявіў пра шматлікія факты парушэнняў. Улада, кажа ён, узяла курс на фальсіфікацыю выбараў і ўжо цяпер ясна, што выбары не свабодныя.

Яўген Афнагель, давераная асоба Андрэя Саннікава, заклікаў усіх былых «зуброў» сабрацца на Плошчы 19 снежня і «прысвяціць некалькі дзён» будучай перамозе.

Віктар Гарбачоў, прадпрымальнік з Барысава і прыхільнік Уладзіміра Някляева, заклікаў прадпрымальнікаў прыехаць 19 снежня ў Мінск.

Зноў бярэ слова спявак Зміцер Вайцюшкевіч: «Не Саня застанецца з намі. З намі застануцца бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня»!» Людзі пляскаюць.

18.40

З эмацыйнай, паэтычнай прамовай выступіў Уладзімір Някляеў. Ён таксама заклікае людзей на Плошчу. Кажа, што Плошча стала для беларусаў своеасаблівым храмам, дзе мы выяўляем сваю веру.

Някляеў прапанаваў апазіцыі аб’яднацца вакол патрабавання правядзення новых выбараў без Лукашэнкі. Ён прапанаваў і дату такіх выбараў: 19 сакавіка. Людзі падхапілі скандаваннем: «Новыя выбары без Лукашэнкі!».

Такім чынам, менавіта патрабаванне новых. свабодных выбараў і можа стаць галоўным у часе Плошчы.

Віталь Рымашэўскі размаўляе з людзьмі на Плошчы, раздае свае ўлёткі. Ён кажа, што арганізатары не дазволілі яму выступіць.

18.30

Андрэй Саннікаў заклікаў выйсці на Плошчу 19 снежня. Колькасць прыхільнікаў апазіцыі расце, адзначыў ён. Ён заявіў, што ў выпадку фальсіфікацыі выбараў закліча беларусаў да агульнанацыянальнай забастоўкі.

18.25

Эмацыйна выступіла Ірына Халіп — яна прамаўляла па-беларуску. 19 снежня мы мусім усе выйсці на Плошчу, сказала яна, каб «зрынуць гэтую мярзотную фашысцкую ўладу». Мітынгоўцы захоплена віталі гэтыя словы. Халіп паказала на гадзіннік Ратушы: «Гэты гадзіннік адлічвае апошнія дні і гадзіны дыктатуры».

18.20

Выступае Андрэй Дзмітрыеў, кіраўнік штаба Някляева. Ён заклікае людзей на Плошчу 19 снежня.

Дзмітрыеў заклікаў мінчукоў даць жыллё людзям з рэгіёнаў, якія прыедуць на Плошчу 19-га.

Два дзясяткі актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі ўсталі з партрэтамі зніклых між Ратушай і вуліцай Леніна. Яны трымаюць таксама выявы палітвязня Мікалая Аўтуховіча.

18.00
А 18-й гадзіне на плошчы Свабоды распачынаецца сустрэча з кандыдатамі ад апазіцыі.

Да тысячы чалавек сабралася на яе да моманту адкрыцця, перадае з-пад Ратушы карэспандэнт «Нашай Нівы».

Між Ратушай і царквой Святога Духа паўстала імправізаваная сцэна з металаканструкцый. Сустрэчу вядзе спявак Зміцер Вайцюшкевіч. Першым спявае рэпер Вінсэнт. Пануе атмасфера надзеі. Над сабранымі — надзвычай шмат сцягоў. Праўда, нязвыкла мала пакуль бел-чырвона-белых. Збольшага актывісты кандыдатаў прыйшлі з еўрапейскімі палотнішчамі «Еўрапейскай Беларусі» і штандарамі «За Някляева». Ёсць і бел-чырвона-белыя з зоркай сцягі Хрысціянскай Дэмакратыі.

* * *

Традыцыйная акцыя салідарнасці сёння пройдзе ў форме сустрэчы кандыдатаў на прэзідэнта з выбарцамі. Яна прызначаная на плошчы Свабоды ў Мінску, а 18-й гадзіне. Ва ўлётках Саннікава сустрэчу жартаўліва называюць «рэпетыцыяй Дня перамогі».

Пра супольны ўдзел у сустрэчы заявілі Уладзімер Някляеў і Андрэй Саннікаў.

Прыедзе і Віталь Рымашэўскі, які адмыслова дзеля гэтага вернецца з Магілёва. А вось Мікола Статкевіч мае сустрэчы з выбарцамі ў Гродне.

16 дня кожнага месяца ў Беларусі і за мяжой праводзяцца Дні салідарнасці зь беларускімі палітвязнямі і сем’ямі зніклых апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. Дата звязаная з падзеяй 16 верасня 1999 года, калі ў Мінску зніклі палітык Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?