16 снежня Алесь Міхалевіч выступіў з афіцыйнай заявай,
у каторай гаворыць аб шматлікіх парушэннях, дапушчаных у першыя дні датэрміновага галасавання і заклікае прыняць удзел у акцыі пратэсту 19 снежня 2010 году.

Падаем тэкст звароту А.Міхалевіча цалкам:

«На гэтых прэзідэнцкіх выбарах за два дні датэрміновага галасавання прагаласавалі 7,2% выбаршчыкаў. На выбарах 2006 году, якія не прызнала дэмакратычная супольнасць, за два дні прагаласавала 6,1% выбаршчыкаў. Сёлета беларускія праваабаронцы зафіксавалі шматлікія факты прымусу людзей да датэрміновага галасавання на больш, чым на 14% участкаў. Пабочныя асобы ўмешваюцца ў працу выбарчых камісіяў.

Ствараюцца шматлікія перашкоды для працы незалежных назіральнікаў. Умовы назірання не адпавядаюць міжнародным стандартам.
Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што вынікі датэрміновага галасавання, як і само галасаванне 19 снежня, будуць сфальсіфікаванымі.

Хоць мы размаўляем на розных мовах, ходзім у розныя цэрквы, маем розныя погляды на жыццё і паходжанне, аднак усе разам мы складаем адзіны і непадзельны беларускі народ — народ, які з’яўляецца найвышэйшай крыніцай улады на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Кожны з нас мае абавязкі і неад’емныя правы, да якіх адносяцца свабода, справядлівасць і імкненне да шчасця. Менавіта для рэалізацыі такіх правоў нашы продкі ваявалі за беларускую зямлю і яе незалежнасць.
Менавіта для рэалізацыі такіх правоў я заклікаю беларускіх выбаршчыкаў прыйсці у 20:00 19 снежня на Кастрычніцкую Плошчу і патрабаваць ад уладаў праўдзівага падліку галасоў і свабодных дэмакратычных выбараў. Менавіта для рэалізацыі такіх правоў я балатуюся кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Суайчыннікі, будзьце пільнымі і не паддавайцеся на правакацыі. Я заклікаю Вас узяць удзел у мірных акцыях пратэсту.

Абаронім свой выбар на беларускай Плошчы!

У нас усё атрымаецца!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?