Сёньня, 10 лістапада, нацыянальная зборная Беларусі па хакеі правядзе першы матч пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнэра амэрыканца Курта Фрэйзэра, які ня так даўно замяніў на трэнэрскім мосьціку канадца Хэнлана.

А 15:30 па менскім часе беларусы згуляць з датчанам. Матч пройдзе ў рамках першага ў гэтым сэзоне турніру «Эўрапейскага хакейнага выкліку», які пройдзе ў нарвэскім Сарпсборзе. Апроч нашых суайчыньнікаў у Нарвэгіі згуляюць гаспадары турніру, датчане і палякі.

У выязны склад зборнай трапілі толькі гульцы з нацыянальнага першынства. Расейскія клюбы не захацелі адпускаць беларусаў у зборную ў разгар сэзону. Найбольшае клюбнае прадстаўніцтва мае менскае «Дынама», у Нарвэгію з гэтай каманды паехала аж восем гульцоў. 6 чалавек прадстаўляюць менскі «Керамін», 3 – магілёўскае «Хімвалакно», 2 – жлобінскі «Мэталюрг», па 1 – «Гомель» і наваполацкі «Хімік-СКА».

Курт Фрэйзэр заявіў, што на гэтым турніры для яго перамога не галоўнае, самае важнае стварыць добразычлівую атмасфэру і наладзіць некаторыя камандныя зьвязкі. Пакуль што Фрэйзэр задаволены месяцам працы зь беларускай зборнай. Цікава, ці зможа амэрыканец стаць такім самым любімцам гульцоў і заўзятараў, якім быў весялун Хэнлан?

Па перадтурнірных раскладках зборная Беларусі выглядае за бясспрэчнага фаварыта. Але паглядзім, як яно будзе.

Расклад матчаў нацыянальнай зборнай Беларусі на турніры ў Сарпсборзе:

10 лістапада. Беларусь – Данія (Пачатак а 15:30).

11 лістапада. Беларусь – Польшча (15:00)

12 лістапада. Беларусь – Нарвэгія (18: 00)

Беларусы прайгралі датчанам — 1:2.

Фота eurosport.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?