Слухаць запіс:

На сайце electby.org з’явіўся аўдыёзапіс, дзе чуваць, як выкладчыца аднаго з мінскіх каледжаў Ірына Пятроўна спрабуе прымусіць навучэнца прагаласаваць датэрмінова. Фактычна, гэта пяціхвілінны маналог педагога, які толькі зрэдку перарываецца кароткімі рэплікамі студэнта.

«А ты спіш, усё спіш. Цяжка табе схадзіць прагаласаваць… — адразу пачынае ціснуць на сумленне куратарка. — Ты ж знаеш, як справа пастаўленая. Адказвае і дырэктар, і Людміла Максімаўна… Усё абы назло рабіць!..»

Хлопец адказвае, што будзе галасаваць у дзень выбараў, бо «хоча аддаць голас за свайго кандыдата, а не толькі за аднаго».

«Хто табе такое сказаў? — аспрэчвае выкладчыца, якая, адчуваецца, цудоўна разумее, навошта датэрміновае галасаванне. — Якая розніца? Я таксама прагаласавала раней, але я з’язджаю…

Сказана было па тэлевізары, што мы можам гэта рабіць загадзя».
Часам яе матывацыя гучала двухзначна: «Што тут такога —
прагаласаваў і спакойна. Я свой голас аддала. Астатняе — не пракантралюеш».

Спрабуючы неяк патлумачыць, навошта яна змушае галасаваць датэрмінова, выкладчыца блытаецца ў трох хвоях: «Тое, што спісы складаюцца, гэта наадварот улік галасоў, наадварот мы будзем ведаць колькі. Ты паедзеш дамоў — я не буду ведаць, прагаласаваў ты ці не… Каб галасы не прапалі, мы збіраем загадзя». Навошта ёй ведаць, ці прагаласаваў яе студэнт, — няясна.

Калі хлопец паўтарыў, што гэта яго выбар і ён не хоча датэрмінова галасаваць, пачаўся шантаж: «Ты не хочаш рабіць, як нам сказалі. Таму, калі ты наступны раз прыйдзеш да мяне з просьбай нейкай — ты падумай. А лепей — не ідзі…»

Разам з тым. выкладчыца імкнецца падкрэсліць, што ёй загадалі заганяць на датэрміновае галасаванне:

«Не я гэта прыдумала… Я выконваю свае абавязкі, як мне кажуць — сабраць гэтыя галасы… Ты вучышся ў дзяржаўнай установе, таму мы павінны выконваць тое, што нам спускаюць зверху».

«Мы мусім выконваць тое, што нам спускаюць! — ужо амаль крычыць у роспачы выкладчыца. — А ты тут сядзіш і ўсміхаешся. А я табе тут распінаюся — дзяўчынка…

Я б за табой сто год не хадзіла, каб гэта не быў загад дырэктара. Бо мы ўсе працуем па загадах. Мяне ніхто не пытаецца…»

А пасля — новая хваля шантажу: «

Не прыходзь да мяне з просьбай. Бо я буду цябе адпраўляць да дырэктара і пісаць: «Не выконвае патрабаванняў адміністрацыі»
. А там хай рашаюць…»

Застаецца ўражанне, што дарослая жанчына апраўдваецца перад юнаком — настолькі робленымі глядзяцца аргументы. «Пашкадуй мяне: мне будзе наганяй», — чытаецца ў яе інтанацыях.

Урэшце, абое хапаюцца за магчымасць рашыць справу мірам. Студэнт пытаецца, ці мусіць ён галасаваць па месцы рэгістрацыі (у каледжы) ці па месцы прапіскі (дома). Выкладчыца не ведае, што адказаць і пасылае яго высвятляць.

Сайт electby.org створаны для таго, каб людзі маглі дзяліцца інфармацыяй пра парушэнні на выбарах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?