Польскія дэпутаты, якія працуюць над «Народнай праграмай падтрымкі сям’і», хочуць заканадаўча абмежаваць выкарыстаньне засьцерагальных сродкаў.

«Польская сям’я пад пагрозай, нараджальнасьць малая. А прэзэрватыў адна з тых пагрозаў», – кажа Анна Сабецка. «Засьцерагальныя сродкі разладжваюць арганізм жанчыны і прыводзяць да бясплоднасьці», – б’е трывогу Мар’ян Пілка, які даўно вядомы як змагар супраць засьцерагальных сродкаў. Паводле яго, у Польшчы каля мільёна жанчын маюць праблемы зь зацяжарваньнем.

Дэпутаты хочуць, каб на кожнай упакоўцы прэзэрватываў і кантрацэпцыйных таблетак зьявіліся засьцярогі падобныя да тых, што зьмяшчаюцца на пачках цыгарэт. Паводле другой задумы, на бюджэтныя грошы мае быць арганізаваная кампанія пра пагрозы, зьвязаныя з ужываньнем засьцерагальных сродкаў. Міністэрства здароўя не выключае, што сапраўды далучыцца да акцыі. «Гэта не зусім праўда, што засьцерагальныя сродкі ня шкодныя», – заявіў віцэ-міністар здароўя Яраслаў Пінкас.

У змаганьні з засьцерагальнымі сродкамі дэпутат Пілка абапіраецца на дасьледаваньні, якія нібыта сьведчаць пра тое, што між іншага прэзэрватывы павялічваюць рызыку бясплоднасьці ў жанчын. Аднак навукоўцы і дактары паціскаюць плячыма й сьцьвярджаюць, што такіх дасьледаваньняў ніколі не было і няма. «Ніў воднай грунтоўнай мэдычнай публікацыі не было такіх тэзаў», – кажа доктарка Анна Мажэц-Багуслаўска з нацыянальнага цэнтру барацьбы са СНІДам.

Урад Польшчы разгледзіць «Народную праграму падтрымкі сям’і» ў наступным годзе. Тады й будзе прынятае рашэньне, ці будзе праграма ажыцьцяўляцца і на якіх умовах, – паведамляе газэта «Metro».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?