Калі б яны проста называлі нас «хахламі», гэта было б ня так абразьліва, але ж масквічы гавораць: «ха-ахлы». «Кацап» на іх ня дзейнічае. Мае маскоўскія аднаклясьнікі, разам зь якімі аўтар пачынаў піць гарэлку на школьных перапынках у 1994 годзе, падчас рэдкіх сустрэчаў, нават не задумваючыся, устаўляюць у маўленьне звароты «ну ты ж як хахол разумееш» і «а як там у вам у Хахляндыі?».

А яшчэ яны шчыра абражаюцца, калі іх называюць «шавіністамі».

Па вялікім рахунку, калі даць кароткую характарыстыку ўзаемінам Украіны і Расеі, не выкарыстоўваючы дыпляматычны слэнг, можна абмежавацца двума лёзунгамі: «Хахлы, на выхад!» і «Гэць кацапаў!». Прычым, гэтыя словы будуць сказаныя ўжо зусім хутка і будуць сказаныя на найвышэйшым узроўні.

Разлучэньне немінучае. Але патрэбнае як Расеі, так і Ўкраіне.

На жаль, аўтарамі і выканаўцамі чарговага этапу станаўленьня ўкраінскай дзяржаўнасьці й незалежнасьці зноў стануць «маскалі». Хіба гэта не становіцца відавочным пасьля назіраньня за цягам расейска-грузінскага канфлікту?

На тле афіцыйных сварак Масквы і Тбілісі, па Расеі прайшла масавая эпідэмія «антыгрузінскай істэрыі» або сацыяльнай нянавісьці да прадстаўнікоў каўкаскай нацыянальнасьці.

Прычым цярпелі яны як «па пашпарце», так і «па мордзе». А нянавісьць да іх была сапраўднай, а ня нейкай фіктыўнай зьявай, якую трансьлююць па кіраванай расейскай «тэлескрыні». Яе падзяляла большая частка расейцаў.

«Чужы сярод нас», – менавіта так думаюць настаўнікі, лекары, бабкі ля пад’ездаў, мінакі, мамы з каляскамі й іншая публіка, незалежна ад сацыяльнага становішча, узроўню асьветы й заможнасьці.

Чаму гэта стала рэальнасьцю, ня так і важна, («Скудова же это?» – «Скудова – неинтересно», – пісаў Булгакаў) . Зрэшты, калі згадаць пра забарону Мінздароўя на ўвоз «Баржомі» з фэкальнымі дамешкамі, а таксама старанную перадачу ў галаву кожнага, пасьлядоўна, раз за разам, антырасейскага мэсэджу грузінскага боку або ўвогуле ўсяго, што магло быць расцэненае як такі… Адным словам, накіпела, або накіпелі…

Але важнейшым ёсьць іншае. Што атрымала Расея, ня Грузію ператварыўшы ў ворага афіцыйнай Масквы, а ўсіх грузінаў – у «чужых» для звычайных расейцаў?

А атрымала яна адшуканьне й замацаваньне новых межаў. Новай Расеі.

Ад 1991 году Расея працягвала жыць у межах Савецкага Саюзу. Распад СССР прынёс зьмену геаграфічных парамэтраў, але зусім не тэрыторыі сьвядомасьці расейцаў. З гэтага пункту гледжаньня жыхароў Украіны, Грузіі ды іншых рэспублік адразу і вельмі рэзка пачалі ўспрымаць як іншаземцаў.

Але тэрыторыя, на якой яны будавалі ўласную дзяржаўнасьць, усё яшчэ лічыліся (і дагэтуль лічыцца) часткаю Расеі. Адвеку зададзенае стаўленьне расейцаў да колішніх народаў-пабрацімаў характарызуецца зьедлівым паняцьцем «акупанты».

Акупанты, якія на «на нашай тэрыторыі намагаюцца штосьці пабудаваць, крадуць наш газ і займаюцца разважаньнямі». Але, паколькі народы ўсё ж такі братэрскія, «біць мы іх ня будзем, бо ўсё адно ў іх бяз нас нічога ня выйдзе».

З гэтага гледжаньня тэрыторыі суседніх дзяржаў успрымаліся як расейскія землі, перададзеныя ў лізінг. Расейцы працягвалі лічыць сябе іхнымі паўнаўладнымі гаспадарамі, ставячыся да жыхароў «братэрскіх» краін як да акупантаў і/або іх памагатых.

Да ўкраінцаў у Кіеве расейцы ставіліся гэтаксама, як і да ўкраінцаў у Маскве: «Ну вось, жывуць яны тут, на нашай зямлі, працуюць, ядуць наш хлеб, фактычна – браты па розуме, мы іх нікуды ня гонім, пакуль яны не пачалі выступаць».

Уласна, калі ў Кіеве паспрабавалі спачатку мякка, а пасьля больш жорстка патлумачыць, што яны тут ніякія не гаспадары, – расейская зьнешняя палітыка адносна Ўкраіны істотна зьмянілася.

Цяпер ейнай характэрнаю рысаю стала не заступніцкая, але ўсё ж добразычлівасьць, а агрэсія, жаданьне прадэманстраваць, «хто ў доме гаспадар». Адсюль і разьвіцьцё найразнастайнейшых сюжэтаў на газавую тэму.

Расейцы, выглядае, гатовыя пайсьці яшчэ далей – адабраць землі, дадзеныя ў арэнду, – інакш кажучы, вярнуць іх законнаму ўладальніку. Але гэта, па-першае, немагчыма, а па-другое, незразумела, куды падзець «акупантаў», якія, нягледзячы на думку расейцаў, акупантамі не зьяўляюцца. Бо ўсё, што існуе па-за межамі колішняга СССР, з 1991 году ня лічыцца расейскім для Расеі, за выключэньнем тэрыторый.

Тое, што сталася, у прыватнасьці, з Грузіяй – гэта разьвітаньне з уласнай ілюзіяй пра тое, што гэтая зямля належала Расеі, вось і ўсё. Расея, зразумела, не адмаўляецца ад амбіцый, яна проста вяртаецца ў свае рэальныя межы – і тэрытарыяльна, і мэнтальна.

А што аб’яднае нацыю? Зразумела, зьнешні вораг па пэрымэтры!

А гэта значыць, што наперадзе – сумны і балючы працэс разлучэньня народаў Украіны і Расеі. Аднак, з гістарычнага пункту гледжаньня, ён немінучы. І настолькі ж зразумелы, справядлівы і неабходны.

Аўтар гатовы закласьціся, што найбліжэйшым часам, яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў, па Расеі пракоціцца хваля «антыўкраінскай істэрыі» або, калі сказаць больш мякка, сацыяльнай нянавісьці да грамадзянаў нашай краіны.

Дыпляматычныя нагоды ня надта й важныя. Яны знойдуцца. Але цунамі, якое змые лішкі «дружбы народаў», пройдзе немінуча. Навошта гэта Расеі?

Гэта – даніна прэзыдэнцкай кампаніі-2008. Яна, і гэта відавочна, будзе грунтавацца на патрыятызьме, «расейскасьці», нацыянальнай ідэі. А патрыятызм павінен ажыцьцяўляцца ў акрэсьленых тэрытарыяльных рамках: тут – «свае», а там – «чужыя». «Там», любыя суайчыньнікі, гэта ў нас, ва Ўкраіне то бок.

Мы канчаткова станемся «чужымі» для расейцаў. Прычым, спачатку сьмяротнымі ворагамі, а потым, зь цягам часу, проста іншаземцамі.

І тое, што неўзабаве адбудзецца ў Расеі ў дачыненьні да ўкраінцаў, будзе пераломным момантам для самавызначэньня велічэзнай супольнасьці ўкраінцаў, якія жывуць на паўднёвым усходзе краіны. Тыя, што сёньня размаўляюць на расейскай мове, і, недзе вельмі глыбока, працягваюць лічыць кіраўнікоў нашай дзяржавы «акупантамі», раптам зразумеюць, што СССР разваліўся канчаткова.

Вяртаньня няма, «back to USSR» ўжо немагчыма. Ня мае дарогі назад і Расея. Інакш кажучы, давядзецца будаваць сваю краіну – Украіну. Як заўжды, «дзякуючы маскалям».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?