Толькі што пагутарыў зь Генадзем Мікалаевічам Бураўкіным. Шчыра кажучы, зьбіраўся раней, як толькі даведаўся, што яго зноў прыхапіла... Але ўсё адбірала час нейкая журналісцкая мітусьня. Сёньня ж — нядзеля, інфармацыйны штыль, вось і дайшлі рукі набраць на мабільніку ягоны нумар.
Кажа, што на наступным тыдні мо' ўжо і выпішуць. Настрой нармалёвы. Творчыя пляны? Амаль што гатова новая кніга вершаў. Іншая рэч, што для Генадзя Бураўкіна ды іншых апальных паэтаў дзяржаўныя выдавецтвы даўно сталі глухой сьцяной. А шукаць спонсараў ён не вялікі мастак...
А яшчэ, кажа паэт, настаў час нешта падсумаваць. Вось і задумаў кнігу ўспамінаў "Вузлы памяці". Не клясычныя мэмуары, без строгай храналёгіі, а менавіта каб па чарзе разьвязаць тыя вузельчыкі.
Аўтар гэтых радкоў пра мэмуары пакуль што ня думае :) Але адзін вузельчык памяці, зьвязаны з асобай Бураўкіна, адразу ж намацаўся.
1990 год. Купалаўскі тэатр. Прэм'ера "Тутэйшых". Увесь Менск гудзе: у фінале на сцэне будзе ўздымацца бел-чырвона-белы сьцяг!
Тады толькі што паўстаў БНФ, і аддзел прапаганды ЦК КПБ наладзіў ідэалягічную душылаўку. Але прагрэсыўная публіка, глынуўшы паветра свабоды, ужо стала на дыбкі. Купалаўскі тэатар, месьцячыся праз дарогу ад тога ЦК, ператварыўся ў апазыцыйны асяродак. (Партыйны бастыён акторы-франдэры называлі ў вузкім коле няйначай як "домам насупраць прыбіральні" — маючы на ўвазе калярытны будыначак у сквэры, прызначаны для неадкладных патрэбаў).
Дык вось, квіткоў на прэм'еру, натуральна, не дастаць. Але, з ласкі кіраўніцтва тэатру, групу творчай інтэлігенцыі (куды пашэнціла трапіць і сьціплай асобе аўтара, на той час галоўнага рэдактара маладзёвай газэты) запусьцілі ў ложу для ганаровых гасьцей. Трэба разумець, з пэўнага часу яна не карысталася попытам у намэнклятуры: высокае чынавенства баялася хадзіць у "кубло нацыяналістаў".
Зрэшты, адзін фармальны прадстаўнік намэнклятуры там быў. А менавіта — Генадзь Бураўкін. Ён тады кіраваў Дзяржкамітэтам у справе тэлебачаньня і радыёвяшчаньня. Міністэрская пасада!
Дарэчы, гэта асобная вялікая тэма — кадравая палітыка савецкіх часоў. Тады ўсё ж не было такога выразнага антыадбору, як зараз. Кіроўная партыя наладзіла пэўную сыстэму сэлекцыі, не зусім адыёзную. У прыватнасьці, не баялася інтэграваць і нацыянальна сьвядомых, творчых людзей (іншая рэч, што збольшага не яны вялі рэй). Такі прыклад: у ЦК КПБ даволі доўга працаваў паэт Сяргей Законьнікаў, добры сябар Васіля Быкава (якому ўсяляк спрыяў, карыстаючыся сваёй пасадай).
Што да Бураўкіна, то вось фрагмэнт з успамінаў славутай дыктаркі Зінаіды Бандарэнкі (я некалі рабіў іх літаратурны запіс, таму проста капіюю зараз гэты кавалак зь вінчэстара, не выпраўляючы наркамаўку):
"Бураўкін узначаліў Дзяржтэлерадыё, калі панаваў брэжнеўскі застой, — у 1978 годзе. І ўся ягоная дзейнасць на гэтай пасадзе прыпала, заўважце, на камуністычныя часы.
Натуральна, Генадзю Мікалаевічу даводзілася быць і вялікім дыпламатам, каб не паставіць сваю справу пад удар.
І разам з тым, ён зрабіў столькі, што можна смела, без залішняга пафасу, казаць пра цэлую эпоху Бураўкіна на тэлевізіі ды радыё. На тле застою адбыўся росквіт айчыннага эфіру, у ім горда залунала роднае слова.
Уявіце сабе: усё вяшчанне загучала па-беларуску! На ўздыме былі літаратурна-мастацкая, музычная рэдакцыі. Жаданымі гасцямі на тэлевізіі ды радыё сталі таленавітыя творцы — кампазітары, паэты, мастакі, навукоўцы.
Паступова перад суайчыннікамі разгортвалася найбагацейшая духоўная спадчына Беларусі. Людзі ўбачылі сапраўдную, а не сфальшаваную гісторыю краіны, многія проста адкрылі для сябе яе самабытнасць.
Праўду кажучы, хто-ніхто з расійскамоўных рэдактараў і наракаў, калі Генадзь Мікалаевіч настойліва, упарта дамагаўся беларусізацыі эфіру. Бо належала садзіцца за слоўнікі, працаваць над сабой. Але хоць і кракталі, пакрысе перавучыліся. І нават падабацца стала.
Я ж разам са многімі калегамі ўвогуле згадваю тую эпоху як непаўторна цікавы, плённы ды ўзнёслы час".
...Узьнёсла выглядаў і сам Генадзь Мікалаевіч на той прэм'еры "Тутэйшых". А калі ў фінале залунаў нацыянальны штандар, сьцішана кінуў, наколькі памятаю, такую рэпліку:
— Ну што, здаецца, перамагаем!..
Тут у партэры нехта выгукнуў "Жыве Беларусь!" — і заля выбухнула авацыяй.
Тады, на хвалі рамантычнага ўздыму, бадай, ніхто ня мог сабе ўявіць сёньняшняга ледавіковага пэрыяду.
Вось і "Тутэйшых" прыбралі са сцэны, спаслаўшыся на зношанасьць дэкарацыяў...
Чаму стаў магчымы гістарычны адкат — гэта таксама асобная вялікая тэма. Спадзяюся, да яе яшчэ вернемся.
А на заканчэньне — адзін з новых вершаў Генадзя Бураўкіна.
***
Што ж ты, сэрца, мяне падводзіш,
Нечакана трывогу б’еш?
Я ня веру, што на падыходзе
Мой апошні зямны рубеж.
Мне з маёю душой беларускай
Столькі выпала калатні!
Так што ты даруй перагрузкі,
Што прынесьлі пакутныя дні.
Перасіліць зыгзагі эпохі
Скора здолее родны Край.
Так што ты патрымайся трохі,
Патрывай яшчэ, патрывай!..
***
Мацуйцеся, Генадзь Мікалаевіч! Мы яшчэ ўбачымся на "Тутэйшых".