03.02.2006 / 11:06

Маленькая містыфікацыя

Бывае гэтак: нехта - з добрымі ці кепскімі намерамі - запускае дэзынфармацыю, нехта другі - наўмысна ці з даверлівасьці - яе паўтарае, нехта трэці, не правёўшы вэрыфікацыю, паўтарае зноў - і "дэза" становіцца "навуковым фактам", вандруе з выданьня ў выданьне. Адной такой "дэзе" і прысьвечаны нарыс Анатоля Сідарэвіча.

Брашурка не заходнебеларуская, бо матэрыялы бээсэсэраўскія. І не падпольная, бо ў ёй маецца партрэт Янкі Купалы. А купляць дарагі і немаленькі электраграві-равальны апарат для падпольнай друкарні было і дорага, і рызыкоўна (і саветы, і палякі прывозілі ЭГА зь Нямеччыны).

Бывае гэтак: нехта - з добрымі ці кепскімі намерамі - запускае дэзынфармацыю, нехта другі - наўмысна ці з даверлівасьці - яе паўтарае, нехта трэці, не правёўшы вэрыфікацыю, паўтарае зноў - і "дэза" становіцца "навуковым фактам", вандруе з выданьня ў выданьне. Адной такой "дэзе" і прысьвечаны нарыс Анатоля Сідарэвіча.

Кепскія весткі з Латвіі

На пачатку 1932 г. з Латвіі прыйшлі трывожныя весткі. Як інфармавалі польскія газэты, тамтэйшы нацыяналістычны ўрад "узяўся" за нацыянальныя меншасьці. У прыватнасьці, паведамлялі, што з 1 студзеня ліквідаваны ўсе школьныя інспэктараты меншасьцяў, з 1 красавіка будуць спынены дапамогі ўсім меншасьцевым тэатрам, з 1 жніўня ліквідуюцца беларускія настаўніцкія курсы, амаль у два разы павышаецца плата за вучобу ў Дзьвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі, а прыватнай беларускай гімназіі ў Рызе мае быць зьменшана дапамога. Адначасова рабіўся ціск на настаўнікаў дзяржаўных беларускіх школ, "каб злучаць апошнія з латыскімі ў так званыя "мяшаныя", у якіх навука ідзе па-латыску і па-расейску".

Чулы да ўсіх праяў нацыянальнага ўціску, Антон Луцкевіч 29 студзеня 1932 г. надрукаваў у газэце "Беларускі звон" перадавы артыкул "Пратэстуем!".

Гэта быў ня першы выступ Луцкевіча супроць уціску і перасьледу беларусаў у Латвіі. У 1924-1925 г. латвійская ўлада распачала крымінальную справу супроць Канстанціна Езавітава, Івана Краскоўскага, Паўліны Мядзёлкі, Уладзімера Пігулеўскага і Андрэя Якубецкага паводле абвінавачаньня іх у змове з мэтаю далучыць Латгалію да БССР. Луцкевіч калі ня ведаў, дык здагадваўся аб прасавецкіх настроях гэтых дзеячаў, падманутых палітыкаю "беларусізацыі" і "ўзбуйненьня" БССР. Пра тое сьведчыць хоць бы напісаны пазьней - пасьля справы "Саюзу вызваленьня Беларусі" - ліст Луцкевіча да дачкі І.Краскоўскага, у якім мы сустракаем словы пра "камунізуючага Езавітава", жанатага з "партыйнай камуністкай". І хоць Луцкевіч здагадваўся аб гэтых настроях, пачуцьцё нацыянальнай салідарнасьці ўзяло ў ім верх, і ён выступіў у газэце "Беларуская доля" з артыкуламі "Перад дзьвінскім працэсам" (16 студзеня 1925 г.) і "Латвійская "юстыцыя" (13 сакавіка). (Дарэчы сказаць, латвійская юстыцыя аказалася даволі эўрапейскаю: суд, не знайшоўшы прамых доказаў віны абвінавачваных, апраўдаў іх.)

Хоць артыкул "Пратэстуем!" ня быў падпісаны, аўтара няцяжка было "вылічыць". Трэба думаць, што адным з наступстваў гэтага артыкулу было запрашэньне Луцкевічу наведаць Латвію. Фармальна Луцкевіча запрасілі латвійскія беларусы, але візы выдала дзяржаўная ўлада. Значыць, яе згода мелася. Бо і тое паказальна, што ў часе побыту ў Латвіі Луцкевіч сустрэўся зь міністрам асьветы. Пра гэта мы можам прачытаць у ягонай працы "Беларускія культурныя арганізацыі і ўстановы ў Латвіі (інфармацыі і ўражаньні з падарожы)", надрукаванай у "Беларускім звоне" 13 і 27 траўня ды 4 чэрвеня 1932 г. Гэтая праца зьяўляецца каштоўным сьведчаньнем для тых, хто вывучае становішча беларусаў у міжваеннай Латвіі.

Пагромшчык Антон Луцкевіч

15 чэрвеня 1932 г. у "Савецкай Беларусі" (у артыкуле заходнебеларускага камуністычнага публіцыста Д.Богена) прайшла такая інфармацыя: "Луцкевіч быў камандзіраваны польскай ахранкай у Латвію, дзе ён прачытаў цэлы рад пагромных антысавецкіх дакладаў".

А вось што мы чытаем у самога Луцкевіча: "У другой палове красавіка беларусы ў Латвіі ладзілі свой "тыдзень культуры". У сувязі з гэтай акцыяй Таварыства беларускіх вучыцялёў у Латвіі прасіла мяне прыехаць да іх і прачытаць некалькі лекцыяў у Рызе і Дзьвінску на літаратурныя тэмы. Ахвотна спаўняючы гэту просьбу, я правёў некалькі дзён сярод нашых латвійскіх землякоў, вельмі сардэчна прыняўшых мяне…"

Мусіць, Луцкевіч меў такую паганую рэпутацыю ў бальшавікоў па абодва бакі кардону, што яны не маглі не чакаць антысавецкіх матываў у кожным яго выступленьні. Насамрэч Луцкевіч ніколі не выступаў супроць савецкай улады - ён выступаў супроць бальшавікоў, якія манапалізавалі гэтую ўладу. Што ж датычыць ягоных "дакладаў" у Латвіі, дык у іх не было палітычных актуалій анігадкі. Дый "даклады", як мы ведаем, былі не дакладамі, а лекцыямі. Зь імі Луцкевіч выступаў і ў Вільні. Скажам, у лютым або ў сакавіку 1932 г. ён чытаў у Беларускім навуковым таварыстве лекцыю пра Цётку (у "Беларускім звоне" за 4 чэрвеня дата не ўдакладнена), а прыехаўшы ў Рыгу, ён 23 красавіка прачытаў яе тамтэйшай беларускай калёніі. Назаўтра ж, як паведамляе "Беларускі звон" у нумары за 13 траўня 1932 г., ён выступіў перад той самай аўдыторыяй зь лекцыяй пра Янку Купалу. Гэты тэкст таксама быў ня новы, бо зь ім Луцкевіч выступаў у зале Віленскае беларускае гімназіі яшчэ 27 верасьня 1930 г. (пра гэта мы даведваемся з газэты "Наперад!" за 3 кастрычніка 1930 г.). 26 красавіка 1932 г. Луцкевіч быў у Дзьвінску і там прачытаў лекцыю пра Купалу яшчэ раз.

Тым часам…

Тым часам у БССР чыніліся "дзіўныя дзівы". Я не пра арышты (яны сталіся бытавою зьяваю). Я пра юбілей Янкі Купалы. Набліжаліся, а потым прайшлі 50-я ўгодкі ад дня яго нараджэньня, а ў Савецкай Беларусі пра гэта быў амаль поўны маўчок.

7 ліпеня 1932 г. у газэце "Савецкая Беларусь" можна было прачытаць пра адчыненьне сэсіі ЦВК БССР і інфармацыйнае паведамленьне пра пленум ЦК КП(б)Б, які адбыўся 2-5 ліпеня. З гэтага паведамленьня можна было даведацца, у прыватнасьці, што на месца Г.Матсона, які замяніў быў Рыгора Рапапорта і на якога "Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі" пашкадавала асобнага артыкулу, паставілі слаўнага Леаніда Закоўскага (ён жа Генрых Штубіс, якому партыя і правадыр неўзабаве даручаць новую "справу" - "Беларускага нацыянальнага цэнтру" на чале з Луцкевічам). У тым жа нумары можна ўбачыць здымак з будоўлі Дому ўраду і матэрыялы да 75-годзьдзя з дня нараджэньня Кляры Цэткін, але нічога няма да юбілею Купалы.

У "Маладняку" (№4-8) можна прачытаць пра Іларага Барашку, Васіля Каваля, пра аповесьць "Марсэль" Макара Пасьлядовіча, крытыка-біяграфічны нарыс творчага шляху Паўлюка Труса, даносы на Антона Адамовіча, Юлія Таўбіна, Зьмітрака Астапенку, але нічога - пра Купалу. Як кажуць беларусы, каб хоць адзін сабака брахнуў…

У тым жа годзе да 11 верасьня выйшла толькі два нумары "Полымя рэвалюцыі", і ў абодвух галоўны крытык - Алесь Кучар. І зноў - нічога пра Купалу. Спрэчкі вяліся вакол Уладзімера Хадыкі. Ізідор Плашчынскі бараніў яго ("Нельга сказаць, што Хадыка да канца астаўся ў палоне нацыянальнай абмежаванасьці"), Алесь Кучар хваліў і нападаў: Хадыка - адзін з самых выдатных прадстаўнікоў беларускае лірычнае паэзіі, але агностык, ідэаліст, якому ўласьцівы нацыяналістычныя элемэнты. (Адзначым, што Купала, які рэдка выяўляў свае эмоцыі, любіў Хадыку: "Мой мілы, мой добры Валодзя!" Больш ніхто не ўдастоіўся такога гонару.)

Адхланьнем для Паэты быў часопіс "Беларусь калгасная", якога Луцкевіч, магчыма, і ня бачыў. Там Паэту друкавалі. Рэдакцыя гэтага часопісу ў №6-7 надрукавала віншаваньне яму. І ў гэтым часопісе быў надрукаваны самы знакаміты артыкул да юбілею Паэты…

Зрэшты, я абяцаў рэдактару Міхасю Скоблу напісаць для "Дзеяслова" грунтоўную працу, датычную юбілеяў Купалы 1930-га (25-годзьдзе творчай дзейнасьці) і 1932 г. Тут абмяжуюся толькі інфармацыяй: бальшавікі не хацелі, каб сьвяткавалася 50-годзьдзе Паэты.

Слова аб прароку

У Луцкевіча было шмат клопатаў: і Беларускі музэй, і Навуковае таварыства, і выданьне "Беларускага звону", і - не ў апошнюю чаргу - сыны: як яму, удаўцу, накарміць, апрануць, навучыць Юрку і Лявона на мізэрны заробак дырэктара музэю і сьціплыя ганарары? Але яму не магла ня кінуцца ў вочы змова маўчаньня савецкага друку вакол асобы Купалы. І ён пачынае…

Для часопісу "Novaja Varta" ён апрацоўвае тэкст сваёй лекцыі "Крытычныя мамэнты ў жыцьці Купалы і Коласа - паводле іх твораў", чытанай у лютым або сакавіку 1932 г. у БНТ, а 30 ліпеня 1932 г. друкуе на ўсёй першай і частцы другой палос "Беларускага звону" артыкул "Ян Луцэвіч - Янка Купала (1882 - 25.VI.1932)" з партрэтам юбіляра.

"Беларускі звон" быў двухтыднёвым выданьнем. Аднак у жніўні 1932 г. ён выходзіў часьцей, і з нумару ў нумар (11, 19 і 27 жніўня, а таксама 13 верасьня) у ім друкаваўся тэкст тае лекцыі, што была прачытана ў Вільні, Рызе і Дзьвінску. І меў гэты тэкст знакаміты ды несьмяротны загаловак - "Янка Купала як прарок Адражэньня". Не пазьней як 23 верасьня 1932 г. тэкст лекцыі за грошы аўтара быў выдадзены асобнаю брашураю, бо абвестка пра яе выхад зьявілася ў "Беларускім звоне" 24 верасьня.

Бальшавікі адступілі і накруцілі

У 8-м томе Поўнага збору твораў Купалы надрукаваны ліст Паэты ў рэдакцыю "Савецкае Беларусі", у якім ён "пратэставаў" "супроць юбілейнага фарсу" ў Заходняй Беларусі і выказваў нездаволенасьць матэрыяламі, зьмешчанымі ў "заходнебеларускім фашыстоўскім друку". Камэнтатар гэтага ліста аднёс да такіх матэрыялаў артыкулы кс.Адама Станкевіча 1925 і 1930 г. і не заўважыў артыкулаў ды брашуры А.Луцкевіча. А бальшавікі - заўважылі. Заўважылі яны і тое, пра што "Беларускі звон" паведаміў 30 ліпеня: "…мы не арганізавалі грамадзкага абходу з прычыны таго, што ўлетку зь Вільні ўся школьная моладзь разьехалася, а ўчасьце яе ў такім абходзе асабліва пажадана. Напамінаем, што на восень прыпадае другі такі ж самы юбілей - пяцідзесяцілецьце нарадзін Якуба Коласа (22 кастрычніка па старому стылю), і лічым неабходным уладжаньне тады шырокае грамадзкае ўрачыстасьці ў чэсьць абодвух карыфэяў беларускае паэзіі".

Узяўшы гэта пад увагу, бальшавікі адступілі, але запатрабавалі ад юбіляраў, каб яны асудзілі заходнебеларускіх "нацыянал-фашыстаў".

50-я ўгодкі Купалы былі адзначаны 10 верасьня. У гэты дзень "Савецкая Беларусь", каб нейкім чынам апраўдаць такое запозьненае сьвяткаваньне, "паправіла" мэтрычныя даныя Песьняра і напісала ў "шапцы": "Сёньня споўнілася пяцідзесяцігодзьдзе з дню нараджэньня народнага паэта Савецкай Беларусі Янкі Купалы". І дадала: "Слова вялікага мастака будзе і павінна і надалей магутна гучаць на карысьць сацыялістычнага будаўніцтва".

У той жа дзень у Жыдоўскім тэатры адбылася юбілейная вечарына. Даклад, зь якім выступіў А.Кучар, пачынаўся са слоў: "Нацыянал-здраднікі беларускага народу, шавіністыя, у купе з нацыянал-фашыстамі, Луцкевічы зноў і зноў пачынаюць займацца і ставіць праблемы творчасьці Янкі Купалы. (…) Здраднік і прыслужнік польскай дэфэнзівы А.Луцкевіч называе Янку Купалу "прарокам беларускага адраджэньня" ("Беларускі звон"), ён імкнецца давесьці, што творчасьць Янкі Купалы - гэта голас беларускага нацыяналізму".

Працуючы над тэмаю "Луцкевічы і Купала", я зьвярнуў увагу на інфармацыю ў энцыкляпэдычным даведніку "Янка Купала" пра тое, што тады ж - у верасьні 1932 г. - "ЦК КПЗБ нелегальна выдаў у Вільні зб "Пяцідзесяцігодзьдзе народнага паэта Янкі Купалы". Інфармацыя была паўторана ў апошняй кніжцы Поўнага збору твораў Янкі Купалы (с.208).

Ужо нямала ведаючы пра сьвяткаваньне 50-х угодкаў Паэты, я вельмі засумняваўся ў верагоднасьці гэтае інфармацыі, хоць пад ёю і стаяў подпіс Янкі Саламевіча. Я быў упэўнены, што гэта звычайны бальшавіцкі "адказ Чэмбэрлену", сфабрыкаваны ў Менску, дзе працавала Замежная частка Цэнтральнай рэдакцыі КПЗБ (у будынку насупроць Палацу школьнікаў па вул.Кірава). Але спачатку трэба было ўбачыць той зборнік.

У каталёгу беларускага аддзелу Нацыянальнае бібліятэкі маецца картка на гэтую кніжку, ды вось бяда: няма ані нумару, ані шыфру. Мілыя бібліятэкаркі папыталіся, ці зірнуў я на адваротны бок тае карткі. Я зірнуў: ні нумару, ні шыфру. "Значыць, кніжкі ў бібліятэцы няма", - рэзюмавалі бібліятэкаркі. Вось табе і маеш! Мяне суцешыў Віталь Скалабан: "Схадзі ў купалаўскі музэй".

…З Марыяй Кандратаўнай Чабатарэвіч, захавальніцай фондаў Літаратурнага музэю Янкі Купалы, мы ледзь не на сьвятло разглядалі брашурку і нідзе не знайшлі грыфу ЦК КПЗБ, хоць кніжачка паводле свайго зьместу бальшавіцкая. Яна ўтрымлівае ананімную прадмову, у якой аўтар лае "Званы" і "Крыніцы", якія "выкарысталі пяцідзесяцігодзьдзе ад дня нараджэньня Янкі Купалы і ўзьнялі "юбілейнае завываньне". Потым ідзе інфармацыя, у якой чамусьці паведамляецца, што юбілейная вечарына Песьняра адбылася ў тэатры "Культура" (ці быў такі?), за ёй - той самы ліст Паэты з "пратэстам", ягоная прамова на юбілейнай вечарыне, урывак з прамовы на вечарыне віцэ-прэзыдэнта Акадэміі Домбаля, а таксама вершы "А ў Вісьле плаве тапелец…", "Настане такая часіна" і "Сыходзіш, вёска, зь яснай явы…".

Брашурка не заходнебеларуская, бо матэрыялы бээсэсэраўскія. І не падпольная, бо ў ёй маецца партрэт Янкі Купалы. А трэба ведаць, што цынкаграфія ў той час мелася ня ў кожнай друкарні. Купляць жа дарагі і немаленькі электрагравіравальны апарат для падпольнай друкарні было б і дорага, і рызыкоўна.

Брашура помсьліва-правакацыйная, бо на ёй пазначана: "Вільня, 1932. Друкарня Я.Левіна. Нямецкая вул., 22". А менавіта з гэтай друкарні выходзіў у сьвет "Беларускі звон" з артыкуламі Луцкевіча. Выпусьціць такую брашуру сябар беларускае культуры Левін ня мог, але, калі б польская ўлада паверыла легендзе, друкару і друкарні было б кепска.

…Цяпер, калі мы зь Я.Саламевічам добра пасьмяяліся, калі я ўбачыў той "нелегальны зборнік" на свае вочы і нават сёе-тое зь яго заканспэктаваў, настаў час тыя радочкі ў летапісе жыцьця і творчасьці Янкі Купалы запісаць гэтак: у адказ на брашуру А.Луцкевіча "Янка Купала як прарок Адраджэньня: Публiчная лекцыя, чытаная ў Вiльнi, Рызе i Дзьвiнску" і намер заходнебеларускай грамадзкасьці шырока адзначыць юбілей Песьняра КПЗБ надрукавала ў Менску брашуру "Пяцідзесяцігодзьдзе народнага паэта Янкі Купалы".

Дарэчы, яны - Луцкевічава і бальшавіцкая брашуры - ляжаць у экспазыцыі музэю побач.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру