Вось захацелася зайцам стаць,

Баяцца, хавацца і галадаць,

арэхавы куст абаронца мой,

Гэтай халоднай зімой.

З заклёну ўэлскіх чараўніц

Люба - журналістка радыё "Вольная Беларусь". Яе сястра Віка працуе ў газэце "Савецкая Беларусь". Зрэдзьчас яны сустракаюцца на "нэўтральнай тэрыторыі", у сталоўцы, што ляжыць між рэдакцыямі. Але новы год ім давядзецца сустракаць разам...

Працяг. Пачатак у № 2, 3, 4.

Новы год

31 сьнежня 2005 г. я зразумела, што новы год мне сустракаць няма з кім. Гэта асабліва сумна, калі табе за 30 і ты адзін як вялікі палец. Добра хоць, што ёсьць бацькі ў добрым вясковым доме. Самае сьмешнае, што й Віка туды паехала - адна, хе-хе. Звычайна яна сьвяткуе Новыя гады ў пансіянатах тут альбо за мяжою. Але, падобна, ейны чарговы мазурык зь дзяржбізнэсмэнаў аказаўся сямейны. Я еду сёньня і на маршрутках, а дарагая сястра ўчора і на ўласным аўто. Мая маршрутка адыходзіць з Усходняга вакзалу, дзе нядаўна пабудавалі гіпэрмаркет. Іншыя пасажыры й таксоўніца пабеглі туды і стаяць чаргу па шампанскае. У меншай краме зь дзіўным назовам "Прыпутнік" ёсьць толькі брут, а людзі жадаюць паўсалодкага - і ніякага болей. А новы год без паўсалодкага шампанскага немагчымы назаўжды.

31 сьнежня, здаецца, увесь адзінокі Менск ірвецца на малую радзіму.

Таксоўніца Ліна Міхаленя назьбірала ўсякай пачвары без пары - доўгавалосая бляндынка гадоў 25-ці зь веернымі вейкамі (выкладчыца БДУ), пульхны мужчына ў шапцы-кучомцы старанамэнклятурнага фасону, я ды двое маіх раўналеткаў. Яны таксама не пабеглі па шампанскае - добра падпітыя, дрэмлюць ззаду, прываліўшыся адзін да аднаго стрэшкаю. Я малюю пальцам па шыбіне Лінінага аўто і перабіраю няўдачы году. Я думаю пра сёлетнюю спробу наладзіць асабістае жыцьцё. Для жанчыны з маімі звычкамі гэта амаль немагчыма. Сёлетняе маё каханьне апынулася рыгарыстычным кахэпоўцам. Так і стаіць перад вачыма фінальная сцэна: я раблю рэпартаж з Курапатаў, а ён, узьняўшы ў руцэ спарахнелую бярцовую костку, крычыць у мікрафон: "Глядзіце! Вось! Яшчэ адна ахвяра злачыннага сталінізму!" Падумаць толькі, сталінізм - злачынны, а костка - ахвяра! А ну-тка, каханы, нырнём у глыбіні тваёй пошласьці! Выставіла я яго назад у ягоную нуду. Пранікненьне ў фізычны й мэнтальны сьвет іншага чалавека занадта складанае, як на мяне. На сьвеце шмат цеплакроўных людзей, гатовых зараджаць новае жыцьцё ў розных вадкасьцях.

Няма сэнсу кахаць некага - хоць пошлага, хоць тонкага. Сёлета я сустрэла геніяльнага паэта, да таго ж прыгожага. У яго добры профіль: скулы ў выглядзе доўгіх стрэлаў, што спускаюцца ад скроняў да крылаў носа, такая ж форма вачэй ды і позірк гэткі ж - імклівы й ніцы. Нос у профіль паўтарае лінію скулаў, а сьпераду падобны на меч лесьніка, якім я садзіла яловыя саджанцы ў 1988 г. тык меч, торк саджанец, тык меч - ямка самкнулася вакол комліка, расьце дрэва! Карацей, усё пры чалавеку. Але пакахаць такога і падацца на вышыні духу азначае зашмат на сябе ўзяць. Я хачу застацца безадказнай, кшталту "ды я тут пагуляць выйшла". Ніхто не закліча: "Чалавек, дзе твой гонар?" і не папікне: "Дзе твая пыха, чалавеча, труна ты павапленая?" Гулякам немагчыма маніпуляваць - у яго не бывае гонару, рэпутацыі, пыхі, яму не дадуць ні мяча, ні скіпэтра, не папросяць на крыж ці пасад. Да ягонага слова ня схіліцца ніякае вуха. Затое самі гулякі паўсюдна ўсіх слухаюць і нікому ня вераць. На грамадзкіх зборах гэтыя партыкулярныя асобы стройным шэрагам стаяць ля задняй сьцяны, насупраць катэдры з дакладчыкам, бы крыжы недаверу, склаўшы рукі на грудзёх і абапіраючыся на сьцяну. Гэтыя людзі непераможныя, іхнага маёнтку не разбурыш. Яны нават ценяў ня маюць. І гэта файна. Ну ды нешта я задумалася.

Калядныя вярблюды, наўючаныя бурдзюкамі з шампанскім, нарэшце вярнуліся й пачалі масьціцца. Дзяўчына-выкладчыца доўга перасварвалася з намэнклятурнікам, хто сядзецьме наперадзе. Перамагла дзяўчына, бо дзядзьку заклікалі да галянтнасьці. Той сеў побач са мною. Мяне раздражняюць тоўстыя ляжкі, кепска пашытыя штаны і неабходнасьць размаўляць. Дзядзька прымерыўся да майго профілю, відавочна палічыў яго застарым і пачаў клеіцца да выкладчыцы Каці ("Вас загойдвае ў машыне? Я плаваў на авіяносцы і магу вас навучыць, што рабіць").

Мне застаўся лес, што ляціць стралою ўздоўж Слуцкай шашы і зьмяняецца штовярсты, лес, зьмяшаны зь сямі высакародных дрэваў, за зьнішчэньне якіх колісь каралі, - чорная вольха, лясны арэшнік, рабіна, дуб, ядловец, вярба, бяроза. Над дарогаю пераляталі сарокі - лютыя ведзьмы з кропелькаю д'яблавай крыві пад языком. Пра гэта добра было думаць, але Ліна мяне паклікала. А Ліну я цаню. Яна ня паліць сьмярдзючых айчынных цыгарак у аўто, ня лаецца матам, ня слухае шансон і папсу, не прыстае, не дэманструецца, не выказвае дзікіх і тупых поглядаў, возіць акуратна й пунктуальна. Менавіта ейныя паслугі цэняцца на слуцкай, старадароскай і любанскай шашэйках.

- Дык ты чуеш, Любка, што выдумалі? Аштрафавалі майго мужыка на 23 млн, пасадзілі падсадных, а ён безь ліцэнзіі, мяне замяняў. У мяне ныркі хворыя, цэлую ноч стагнала, разагнуцца не магу, а людзей жа набрала. І ўсё пастаянныя кліенты. Раз падвядзеш - да іншых пойдуць. Ну, я Сашу і паслала. Дык хадзіла да Барысевіча прасіцца: Валянцінавіч, здымі штраф, не расплачуся, двое дзяцей вучацца, я ж такія падаткі і так плачу! А якая розьніца, чыя ліцэнзія, увайдзі ў палажэньне! А ён мне: Міхаленя, ідзіце работайце. А другі раз машыну канфіскуем! Ох жа ж ты гад! А сам паставіў сабе катэдж, два паверхі пад зямлёю, тры над зямлёю, саўна, корт, гаражы, сам на машыне, жонка на машыне і дачка на машыне. У ваннай рукамыйнік малахітавы. У хаце камін, а раён на баку ляжыць, работы людзям няма! Ды яшчэ адзін катэдж у Гарманішках - з галоўурачом возяць дзевак туды. Чуеш, Каця, увосень твая аднаклясьніца разьбілася зь імі, паламала сьпіну, ляжыць цяпер, маці глядзіць і яе, і дзіця, а другая дзеўка насьмерць забілася. Сам галоўурач машыну вёў - п'яны быў, што цапільна! І што, ты думаеш, ім было? Нічога! Праспаліся - і на работу! А ці ж я б уставала раніцай у чатыры, ці ж бы езьдзіла па гэтых крывых дарогах па пяцьсот кілямэтраў штодня? Работы няма, а яшчэ тры шкуры дзяруць.

- Нічога, пасьля новага году Лукашэнка падпіша паперы, то паляцяць галовы, - сказаў мой сусед, - нашага прыбяруць, смалявіцкага, і ў Берасьцейскай вобласьці семярых. А можа, і Адамешка паляціць, разьвёў гніль у вобласьці!

Я разьляпіла вусны, зьведзеныя пагардай:

- Адных такіх прыбярэ, другіх пасадзіць. Даўно ты, Ліна, раённых начальнікаў выбірала?

- Ні разу не выбірала. Барысевіч цяпер сядзіць, дык ён нейкі Адамешкаў сваяк.

- А да Барысевіча?

- Жабко быў. А да яго - Ельляшэўскі. Таго ня помню.

- Дык ты іх выбірала?

- Чорт іх выбіраў. Каго прышлюць, той і сядзіць. Адны злодзеі, п'яніцы і бабнікі. Людзі выюць, работы няма, а яны каралююць.

Каця непрыхільна сказала да мяне:

- Ну што вы агітацыю разьвялі, самі ведаеце, што ў нас раён не выбіраюць, ня трэба нікога за дурняў трымаць.

Я падрыхтавалася атрымаць піндзюлёў і сьпераду, і збоку, аж Аляксандравіч нечакана сказаў:

- Можаце гаварыць спакойна, ніхто тут за яго не галасаваў, праўда, Каця?

- Я не хаджу на выбары, - сказала дзяўчына. - Усё роўна намалююць, што трэба. Пакуль вэтэраны і калгасьнікі за яго, нічога ня будзе.

- А што вам калгасьнікі, дурныя, думаеце? - азваліся ззаду, і я са зьдзіўленьнем пачула, што адзін зь сябручкоў - жанчына. - У нас у Юрковічах работы няма, нічога няма, езьдзім у Маскву за 300 даляраў строіць, жывём на стройцы, рукі параспухалі. Грэемся гарэлкай, за паўгоду пасьпіваліся, праўда, Коля? Не на стройцы ж новы год сустракаць - вось і едзем. А, Коля?!

- Вой, ратуйце! Першы раз бачу, што баба за рулём! Вылазім, яна нас патаўчэ ўсіх! Ста-аааяць! - прахапіўся Коля.

- Дасюль нікога не патаўкла, - пакрыўдзілася Ліна. - А вось мужыкі вечна з бадуна, то той паб'ецца, то гэты.

- А чаго на калійны ня пойдзеце? Тут жа Салігорск бліжэй, чым Масква? - запыталася я, паказваючы на лілёвыя горы калійных адкідаў, што завалілі далягляд.

- Думаеш, працісьнесься туды? Там такі хабар трэба, што за дзесяць гадоў не зьбярэш, і бяруць адных салігорскіх, а мы прыпісаныя да іншага раёну, - сказала жанчына ззаду.

- Нінка хацела прыбіраць наняцца ў Салігорску, дык папрасілі 500 даляраў прынесьці, - сказаў Коля. - Жанчынка, высадзі на пяць мінутак, не магу больш, пальецца.

Ліна спыніла машыну. Аляксандравіч дастаў чакалядку й серабрыстую біклажку.

- Давайце адзначым, дзевачкі, пакуль хлопец у кусты пабег. Новы год усё-такі. Табе, Ліна, нельга, а мы патрошку вып'ем.

Ён раскруціў біклажку, растрос корак на чатыры келішкі, і мы выпілі на капоце - я, Каця, Ніна і Пятро Аляксандравіч - пад сьмешны тост:

- Ну, каб у Новым годзе усё добра было!

Пайшоў буйны рэдкі сьнег. Было туманна й ціха. На прыдарожных дрэвах шарэла круглагаловая амяла. Я пастанавіла маўчаць да самага дому, каб не ўвярэдзіць адчуваньня сьвята, якое разрасталася бы амяла на дубе.

Ля Юрковіч Ніна з Колем вылезьлі, наноў ахмялелыя ад каньяку, мы правялі іх няладным хорам пажаданьняў і паехалі. Іх немагчыма забыць - асабліва Ніну - пазногці й вочы абведзеныя чорным абадком, які падкрэсьлівае змучананыя й растрэсканыя твар і рукі. Вязаная шапачка, размазаная памада. Ціхі Коля пры баку.

Хутка выйшла й Каця, я да самых Дамашанаў маўчала і са зьдзіўленьнем назірала, што Пятро Аляксандравіч кіруе Лінаю: так, а цяпер направа, налева, уздоўж саду, стой.

Мы спыніліся ля дому маіх бацькоў.

Працяг будзе

Ева Вежнавец - пісьменьніца. Жыве ў Менску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0